Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«Хрысціянскае сёння»: рэпартаж са школы езуітаў у Вільнюсе |
Беларусь |
30.01.2014 15:48 |
Каб паступіць у пяты клас гэтай школы, вучні здаюць чатыры тэсты: па матэматыцы, рэлігіі, літоўскай і замежнай мовах. Кіруе школай святар-езуіт, а рэлігію тут вывучаюць як адзін з абавязковых прадметаў. Цікавае і займальнае пра хрысціянства ў Беларусі і за мяжой — у новым праекце catholic.by «Хрысціянскае сёння».
Ad maiorem Dei gloriam «Для большай славы Божай» — дэвіз езуітаў, напісаны па-лацінску на сцяне настаўніцкай, адразу дае зразумець, які манаскі ордэн апякуецца гэтай школай... Нягледзячы на народны статус «элітнай», езуіцкая школа ў Вільнюсе сярод літоўцаў рэпутацыю мае добрую: вучыцца тут — прэстыжна. У самой школе на 700 вучняў прыходзіцца да 100 (!) настаўнікаў. Некаторыя прадметы, кшталту філасофіі, тут выкладаюць універсітэцкія выкладчыкі. Часта іх запрашаюць толькі дзеля аднаго прадмета... Сярод экзатычнай філасофіі ў гімназійнай праграме ёсць таксама эканоміка, дызайн і трэцяя замежная мова. Праз акно школы добра бачны езуіцкі касцёл св. Казіміра Навучанне тут платнае: 2 400 літаў у год (каля 800 еўра). Паводле слоў адміністрацыі, калі ў бацькоў вучня няма чым плаціць, часова ён можа быць вызвалены ад аплаты. Тут рашэнне прымае адмысловы фонд па падтрымцы вучняў, спецыяльна створаны пры школе. Акрамя «роднай сястры» — езуіцкай школы ў Каўнасе — вільнюская школа езуітаў мае і іншых сваякоў у Літве: францішканскую школу ў Каўнасе і марыянскую ў Марыянпалі. Візуальна вучняў езуіцкай гімназіі ад навучэнцаў езуіцкай школы можна адрозніць па школьнай форме. Увогуле, вучні школы дзеляцца наступным чынам: 5-8 класы — сярэдняя школа, 9-12 класы — гімназія. У кожным класе можа быць ад трох да чатырох паралеляў. Адметнасць езуіцкай вучэльні — у рэкалекцыях. Два разы на год вучні школы разам з класным кіраўніком і настаўнікам рэлігіі выязджаюць на рэкалекцыі. Разам з імі едзе і школьны капелан (!). Кожны клас разважае над сваёй спецыфічнай тэмай рэкалекцый. «На рэкалекцыі часта мы запрашаем і сваіх выпускнікоў — сённяшніх студэнтаў, — распавядае Раса Юркувененэ, намеснік дырэктара па вучэбнай частцы. — Яны дзеляцца жыццёвым вопытам, праводзячы гэты час з дзецьмі. Такім чынам, можна сказаць, што пераемнасць пакаленняў у нас таксама існуе». Асобныя рэкалекцыі штогод праводзяцца і для школьных настаўнікаў. Што яшчэ? Асаблівую цікавасць у параўнанні з беларускімі школамі тут выклікаюць заняткі фізічнай культуры. Для хлопчыкаў і для дзяўчынак яны выкладаюцца асобна. У хлопцаў заняткі вядзе мужчына, у дзяўчат — жанчына. Гендарнаму балансу тут надаюць увагу яшчэ пры наборы дзяцей у пяты клас: на 13 хлопчыкаў прыпадае 13 дзяўчынак. За час вучобы гэтая раўнавага, аднак, часта парушаецца — частка вучняў пераходзіць у іншыя школы. У гімназіі патрабавання да такой раўнавагі ўжо няма. Заняткі ў элітнай школе штодня пачынаюцца а 8-й зранку. Перад пачаткам настаўнікі збіраюцца на медытацыю ў школьную капліцу, куды па жаданні могуць прыйсці і вучні. А вось адмысловай святой Імшы, нягледзячы на блізкасць езуіцкага касцёла св. Казіміра, тут не прадугледжана. Першы ўрок у школе, аднак, заўсёды пачынаецца з малітвы. Пераважная большасць вучняў у школе — католікі. Але ёсць і прадстаўнікі іншых канфесій. «Калі я сустракаю дзяцей з іншых школ, то яны часта жартуюць, маўляў, у сваёй школе мы толькі молімся, — распавядае адзін з вучняў Якубас Трынкусас. — Але гэта не так. Безумоўна, у нас ёсць гэты ўхіл, але прынамсі я ведаю і тых вучняў у нашай школе, якія не вераць у Бога. Сам я задаволены, што вучуся тут. Чаму? Школа дапамагла мне ўмацавацца ў сваёй веры. Калі раней я быў песімістычны, то сёння дакладна ведаю, што ў Бога я веру». Са слоў Якубаса, як і ў любой іншай школе, у езуіцкай гімназіі таксама ёсць свае адмысловыя «парачкі», калі хлопец і дзяўчына сустракаюцца. «Гэта нармальна», — усміхаецца хлопец. Якубас Трынкунас, гэтаксама як і Нора Рузгутэ, — вучні незвычайныя. У свой час кожны з іх цэлы год вучыўся па абмене ў Германіі. Паводле слоў Норы, такое супрацоўніцтва гімназіі наладжана са школамі не толькі Германіі, але таксама ЗША, Аўстраліі і Новай Зеландыі. Адна з галоўных умоў — добра вучыцца і ведаць замежную мову. Але вырашальным фактарам пры адборы будзе таксама дастатак сям’і, бо той жа пералёт вучань павінен аплачваць сам. На жаль, партрэтных здымкаў іншых навучэнцаў гімназіі апублікаваць не ўяўляецца магчымым. Фотаздымкі гімназістаў без дазволу іх бацькоў рабіць непажадана, за чым пільна сочыць адміністрацыя. Вучні езуіцкай школы, нягледзячы на элітны статус сваёй вучэльні, збольшага такія ж дзеці, як і паўсюль. У перапынках тут гэтаксама стрымгалоў бягуць у сталоўку, гучна бубняць у бібліятэцы і, падміргваючы, пакуль адміністрацыя не бачыць, ахвотна пазіруюць журналісту для рэпартажа. «Манаскія школы» ў Беларусі: каментарый навукоўца Раіса Зянюк, гісторык, Інстытут гісторыі НАН Беларусі: «Істотным адрозненнем сучаснай езуіцкай школы ў Вільнюсе ад езуіцкіх калегіумаў і школ, якія дзейнічалі на беларускіх землях да 1820 г. з’яўляецца падыход да распрацоўкі і рэалізацыі праграмы навучання. Калі ў мінулым ордэнам езуітаў распрацоўваліся ўласныя праграмы, то зараз езуіцкая школа ў Вільнюсе працуе па агульнадзяржаўнай з улікам элементаў традыцыйнай езуіцкай сістэмы навучання. У езуіцкай школе Вільнюса практыкуецца сумеснае навучанне, якому, канешне, не было месца ў школах XVI-XIX ст. Тагачасныя школы былі дакладна размежаваныя па гендарным прынцыпе (жаночыя – пры жаночых кляштарах, мужчынскія – пры мужчынскіх). Аднак сустракаліся і адзінкавыя выпадкі сумеснага навучання (у пачатковых парафіяльных школах). Так, у 1807 годзе сярод 19 вучняў парафіяльнай школы ў Волпе былі 2 дзяўчынкі, а ў Зэльве 10 хлопчыкаў і 6 дзяўчынак. Аднак нават у сумесным навучанні вылучаліся «мужчынскія» і «жаночыя» прадметы. Напрыклад, лацінскай мове навучалі выключна хлопчыкаў. Поліканфесійнасць Беларусі ўплывала на тое, што ў езуіцкія, піярскія, дамініканскія і іншыя школы прымаліся прадстаўнікі розных канфесій: католікі, праваслаўныя, нават мусульмане. На беларуска-літоўскіх землях рознаўзроўневыя школы пры кляштарах, а таксама калегіумы былі традыцыйнымі навучальнымі ўстановамі. Пры гэтым практычна ўсе манаскія ордэны, якія дзейнічалі на беларускіх землях: езуіты, піяры, дамінікане, францішкане, бернардынцы, кармэліты і інш., — былі заангажаваныя ў адукацыйнай сферы. Найбольшае развіццё сеткі каталіцкіх навучальных устаноў прыпадае на XVIII – першую трэць XIX ст. Напрыклад, у пачатку ХІХ ст. езуіты мелі акадэмію ў Полацку, школы ў Оршы, Магілёве, Віцебску і інш., піяры — у Лідзе, Шчучыне, Віцебску, Лужках і інш., дамінікане — ў Гродне, Навагрудку, Забялах і інш., францішкане — у Пінску, місіянеры — у Ваўкавыску і Лыскаве і г.д. У сферы жаночай адукацыі дзейнічалі марыявіткі, бернардынкі, брыгіткі і г.д. Увогуле, у 1803 годзе Каталіцкаму Касцёлу на беларускіх землях належала 65 працэнтаў ад агульнай колькасці сярэдніх навучальных устаноў. Папулярнасць такіх школ сярод мясцовага насельніцтва вынікала з шэрагу фактараў. Па-першае, на выбар школы ўплывала яе лакалізацыя: многія вучні былі родам з таго горада, мястэчка або павета, дзе школа знаходзілася. Другі фактар — гэта магчымасць вучыцца на фундушы (бясплатна), а таксама пражываць у канвікце (кшталту сённяшніх інтэрнатаў — Заўв. аўт.). Немалаважнай была і агульная традыцыя навучання ў такіх школах, а таксама іх поліканфесійнасць. Аднак грамадска-палітычныя падзеі ХІХ ст. і ўдзел ў іх каталіцкага духавенства паўплывалі на змяненне палітыкі расійскага ўраду адносна каталіцкіх научальных устаноў. Усе каталіцкія школы былі ліквідаваныя. Такім чынам, у ХІХ ст. традыцыя існавання і дзейнасці манаскіх ордэнаў у галіне адукацыі на беларускіх землях была перарваная». Ілья Лапато Ад рэдакцыі: калі ў вас ёсць ідэі для праекта «Хрысціянскае сёння», пішыце на адрас
Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript
|
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.