Пра пакліканне: «Не баяцца ісці за голасам свайго сэрца» |
Інтэрв'ю |
01.05.2015 09:18 |
«Быць адкрытым на Бога, аддаць усё сваё жыццё ў Яго рукі, не баяцца ісці за голасам свайго сэрца…» — некалькі простых, а, можа, складаных парад для тых, хто шукае сваёй дарогі ў жыццi, дае сястра-аспірантка Вікторыя Гомза з Кангрэгацыі Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта. Рэдакцыя catholic.by з нагоды тыдня малітваў аб пакліканнях да службы ў Касцёле знаёміць чытачоў з гісторыямі некаторых маладых людзей, якія ўжо адказалі сваё «так» на пакліканне да служэння Богу і распачалі шлях падрыхтоўкі да святарства альбо манаскага жыцця. — Як Вы разпазналі сваё пакліканне да манаскага жыцця? — Сваё пакліканне да манаскага жыцця я разпазнавала не адзін год, гэта сапраўды нялёгкая праца. Я была звычайнай дзяўчынкай, якая хадзіла ў касцёл, на заняткі рэлігіі (у маёй парафіі іх праводзяць сёстры назарэтанкі) і знаёмілася з Богам, адкрывала Яго для сябе. З часам у мяне з’явілася нейкая зацікаўленасць у большым пазнанні жыцця сясцёр, іх адданасці Богу. Праз некаторы час я зразумела, што гэта не зацікаўленасць, а голас Божы, які гучаў у маім сэрцы і клікаў мяне пайсці за Ім. Зразумеўшы гэта, я пачала яшчэ глыбей разпазнаваць сваё пакліканне. У гэтым мне дапамаглі святары і сёстры, штодзённая малітва і святая Імша, разважанне над Словам Божым, рэкалекцыі, пілігрымкі. Вялікі прыклад 11 сясцёр-мучаніц з Навагрудка, іх адданасць свайму пакліканню ўрэшце спынілі мяне на думцы поўнага прысвячэння свайго жыцця Богу. Затым з’явілася пытанне: якую манаскую супольнасць выбраць? Але так атрымалася, што, пазнаёміўшыся з многімі харызматамі, я зразумела, што бліжэй за ўсіх для мяне супольнасць Сясцёр Святой Сям’і з Назарэту. Сапраўды магу сказаць, што распазнаць сваё пакліканне ў жыцці нялёгка. Але і гэта не самае цяжкае... Здаецца, што самае цяжкае - гэта адказаць «так» свайму пакліканню. — Чаму варта сёння прысвяціць сваё жыццё Богу? — Прысвячэнне свайго жыцця Богу — гэта ахвяраванне Богу свайго часу, цела, волі і жыцця. Усе людзі хрысціліся, і ў шырокім сэнсе асвечаны чалавек ужо з’яўляецца прысвечаным Богу. Ён прысвячае свой час для малітвы, свядома аддае сваё жыццё ў Божыя рукі. Але з іншага боку, гэта таксама прысвячэнне, якое звязана з місіяй і канкрэтным пакліканнем. Гэта жыццё сясцёр і манахаў, якія склалі шлюбы і жывуць у адной супольнасці. Яны аб’яднаныя жаданнем паказаць свету сваё ўнутранае прысвячэнне Богу. Гэта заўсёды жыццё згодна з цнотамі: чысціні, паслухмянасці і беднасці. А вартасць прысвячэння свайго жыцця Богу простая: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 37). — Што такое законная фармацыя ў жыцці? — Законная фармацыя – працэс паступовага ўдасканалення чалавека, які рыхтуецца складаць першыя шлюбы і супрацоўнічае з Божай ласкай, ідучы дарогай сваёй манаскай супольнасці. І наогул, фармацыя ахоплівае ўсё жыццё чалавека ў законе. Фармацыя праходзіць у супрацоўніцтве асобы з духоўным настаўнікам. Асноўныя крокі фармацыі: пастулат, навіцыят, час перад складаннем першых шлюбаў і час пасля складання вечных шлюбаў і аж да самой смерці. Усе крокі ў роўнай ступені важныя і характарызуюцца комплекснай працай асобы над сабой. Фармацыя накіравана на дасягненне чалавечай сталасці ў індывідуальных, сацыяльных і духоўных аспектах. Дарога фармацыі дапамагае перажыць крызісы, перажыванне якіх і ёсць гарантам правільнага развіцця асобы. Таксама для мяне гэта час цеснага з’яднання з Богам, удасканальвання маёй душы і канчатковага разпазнання майго паклікання. — Што дапамагае вытрываць на выбраным шляху? — Канешне, гэта малітва. Малітва — гэта твой асабісты час спаткання сам-насам з Богам! Менавіта падчас малітвы можаш пачуць голас Божы, які цябе падтрымлівае, суцяшае... Вялікую ролю мае прыклад духоўных асобаў, якія знаходзяцца побач з табою. Таксама мяне захапляе і дапамагае ісці далей жыццё святых, прыклад іх штодзённага жыцця і поўнага аддання сябе Божай волі. — Некалькі парадаў: як распазнаць пакліканне для тых, хто шукае? — Мне здаецца, што парадаў шмат і няма… Трэба быць адкрытым на Бога, аддаць усё сваё жыццё ў Яго рукі, не баяцца ісці за голасам свайго сэрца і, галоўнае, не азірацца на сучасны свет, бо гэта ўсё хутка пройдзе, а радавацца з Богам у небе мы будзем вечна! Гутарыла Аксана Ючкавіч
|