Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Распачаўся Сусветны тыдзень малітваў аб пакліканнях да службы ў Касцёле
Каляндар
25.04.2015 23:46

IV Велікодная нядзеля называецца інакш Нядзеляй Добрага Пастыра. У гэты дзень распачынаецца таксама Сусветны тыдзень малітваў аб святарскіх і законных пакліканнях да службы ў Касцёле, які будзе працягвацца з 26 красавіка да 2 мая.

Пакліканне да святарства — як нагадвае святы Ян Павел ІІ — з’яўляецца адначасова дарам і таямніцай. Гэта найперш дар. Ніхто з людзей не можа прыпісваць сабе права быць святаром. Святарства — гэта не адно з грамадзянскіх правоў, якое па прыродзе належыць чалавеку. Гэта незвычаны дар Божай любові. Гэта Божая задума. Гэта выраз клопату Бога аб чалавеку. Гэта плён Божай ласкі.

Святарства адначасова з’яўляецца таямніцай. Гэта таямніца сустрэчы дзвюх свабод: свабоды Бога, які кліча, і свабоды чалавека, які адказвае на гэтае пакліканне. Часта сам пакліканы не ў стане да канца вытлумачыць нават самому сабе, як сталася, што ён адкрыў і рэалізаваў пакліканне да святарства.



 „Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Mц 9, 37-38). Запрашэнне да малітвы ў інтэнцыі пакліканняў, зробленае больш за 20 стагоддзяў таму Езусам Хрыстом, застаецца актуальным у кожным часе і прасторы.

Сённяшняму Касцёлу і свету патрэбны людзі, якія будуць сапраўды здольнымі адказаць на тую дзівосную любоў Бога, якія будуць здольныя адказаць пакорна і з даверам на Божы голас, падобна як адказаў малады Самуэль: “Кажы, бо слухае слуга Твой” (1 Сам 3, 10).
Сёння існуе патрэба ў маладых людзях, поўных ідэалізму і адрытасці на штосьці тое, што пераступае парог надзеі. Патрэба ў святарах і кансэкраваных асобах, якія будуць сведкамі Божай праўды і Божай любові, якія будуць сведкамі Езуса Хрыста – Добрага Пастыра.

Прасіце Гаспадара жніва, каб паслаў работнікаў на жніво сваё” (Mц 9, 38)

У гэтых словах Езус з аднаго боку звяртаецца да нас з заахвочваннем да малітвы просьбы аб новых “работніках жніва”, а з іншага нагадвае падставовую праўду, што ў асновах кожнага паклікання да працы ў Касцёле ляжыць ініцыятыва Бога. А каб чалавек адказаў на імпульс ласкі паклікання, Езус даручае свайму Касцёлу малітву.



Гэтае заданне дасканала ўпісваецца ў Тыдзень малітваў аб пакліканнях. Таму, як людзі веруючыя, мы павінны напоўніць гэты час малітвай просьбы аб новых пакліканнях да святарскага стану і законнага жыцця, павінны гэтай малітвай падтрымліваць людзей, якія ўжо ўслухоўваюцца ў голас Хрыста ў семінарыях і законных дамах, каб яны адкрылі, якое іх пакліканне, зразумелі яго сутнасць, а таксама ўмацоўваць тых, якія ўжо з’яўляюцца супрацоўнікамі Бога, каб верна і нястомна прысвячалі сябе справе Евангелля і Касцёла.

Калі хтосьці разумее, як моцна кансэкраваныя асобы патрэбны для збаўлення свету, як моцна чалавецтву патрэбны святары, то будзе прасіць аб іх Пана.

Бог ахвотна выслухае такую малітву, бо яна выражае просьбу аб вялікім дабры, якім з’яўляецца святарства і адданне сябе Богу праз кансэкраванае жыццё. Да такой малітвы заахвочвае таксама Папа Францішак.

«Перад кожным пакліканнем і за кожным пакліканнем да святарства або кансэкраванага жыцця стаіць заўсёды чыясьці моцная і інтэнсіўная малітва: бабулі, дзядулі, маці, бацькі, супольнасці... Таму Езус сказаў: "Прасіце Гаспадара жніва — гэта значыць Бога Айца — каб паслаў работнікаў на жніво сваё" (Mц 9, 38). Пакліканне нараджаецца ў малітве і з малітвы. І менавіта ў малітве можа трываць і прыносіць плёны».

Будзем жа горача маліцца аб новых пакліканнях да службы ў Касцёле, каб не было ў нас недахопу ў тых, хто будзе нас карміць Божым Словам і Найсвяцейшым Целам Хрыста!

Кс. Юрый Марціновіч

Фота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.