Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Цуды Маці Божай Будслаўскай: распавядаюць пілігрымы
Інтэрв'ю
08.07.2015 10:20

Цуды падчас пілігрымак здараюцца часта. У адной толькі пілігрымцы Мінск-Будслаў іх адбылося даволі шмат. Варта ўзгадаць дождж, які прынеслі з сабой пілігрымы, калі праходзілі праз адну з вёсак, дзе дажджу не было даўно. Пасля Імшы ў вёсцы Альховічы над касцёлам з’явілася невялікая вясёлка ў форме ўсмешкі. Маці Божая выслухоўвала інтэнцыі і дапамагала яшчэ ў дарозе: хтосьці не мог знайсці месца начлегу, а пасля малітвы знаходзіў, камусьці выпадкова (або не) траплялася лішняя пара зручнага абутку…

Аб тым, якія цуды здзяйсняліся дзякуючы апецы Маці Божай Будслаўскай, распавядаюць удзельнікі пілігрымкі Мінск-Будслаў.

Марыя Чарняўская:

“Кожная пілігрымка – гэта цуд. Па-сапраўднаму цуд – як туды пайсці, бо не заўсёды гэта зусім вольны час, але самае галоўнае – гэта сустрэча з Богам, а сустрэча з Богам – гэта заўсёды цуд. Можа быць, не заўжды заўважны, можа быць, не адбываецца штосьці такое звышнатуральнае, але, напэўна, перамяненне сэрца, магчымасць пабыць адзін на адзін з Богам, забыцца пра нейкія свае справы, пра справы на працы, трошкі адарвацца, можа, нават ад сваёй сям’і, якую я, канешне, вельмі моцна люблю…

Адна з дзяўчын расказвала, што ў пілігрымку ішла з такой інтэнцыяй: у яе на руцэ былі бародаўкі. І яна атрымала цуд аздараўлення. І ў мяне таксама была такая праблема. Я падумала, што таксама магу аб гэтым папрасіць. І сапраўды, я іх выводзіла да гэтага рознымі сродкамі – не атрымлівалася, а пайшла ў пілігрымку з такой інтэнцыяй – і яны сапраўды прайшлі. Я думаю, што Маці Божая паказвае, што для Яе няма няважных справаў, за якія Яна б не прасіла свайго Сына. Яна бачыць кожную справу і хоча маліцца аб усім за нас. Ёй можна даручыць усё – і маленькія, і вялікія справы”. rІрына Юрынок:

“Дзесяць гадоў я хаджу і аздараўляюся і душой, і целам. Ідзеш, і нейкая радасць з’яўляецца.

Падчас першай пілігрымкі ў мяне балелі калені, а як толькі я прайшла на каленях да абраза Маці Божай, выйшла ўжо са здаровымі каленямі. Пасля пілігрымак я станаўлюся лепшай – і па характары, і на працы лепей, і нават людзі гэта заўважаюць...” rГанна Афоніна:

“У пілігрымку іду шосты раз. Калі мы ішлі ў Будслаў у пяты раз, да нас перад Будславам далучылася сям’я, якая везла маленькае дзіцятка ў калясачцы. І калі скончылася святая Імша, гэтая жанчына з такой радасцю падыйшла да нас і кажа: “Ведаеце, мая ўнучка сёння села першы раз”. Яна нам расказала, што яе дачка, якая нарадзіла гэтую ўнучку, таксама доўга не хадзіла, ёй ужо было два гады, і першы раз яна пайшла менавіта ў Будславе.  

Упершыню я пайшла ў пілігрымку, калі захварэў мой муж. Пасля таго, як яму зрабілі першую аперацыю. Я маліла Маці Божую Будслаўскую, каб Яна яму дапамагла. І Яна дапамагла. Ён пражыў яшчэ чатыры гады. Год таму яго не стала. У мінулай пілігрымцы я прасіла Маці Божую, каб у майго мужа была лёгкая смерць, каб ён не мучыўся, як анкалагічныя хворыя. Так і адбылося. Памёр ён пры сваёй памяці, без болю. Пан Бог і Маці Божая дапамаглі”. rМар’яна Буркут:

“У Будслаў іду другі раз. Калі ўпершыню ішла ў Будслаў, ішла з той інтэнцыяй, каб вызначыцца, куды мне паступаць пасля 11 класа. І Маці Божая Будслаўская дала мне такую ласку, і я зразумела, што буду паступаць у медыцынскі ўніверсітэт”. r

Арцём Кір’янаў:

“Аднойчы я паехаў у Будслаў цягніком, бо мяне з працы не адпускалі. Вось такая была чыгуначная пілігрымка. Да гэтага я праходзіў абследаванне ў бальніцы, і мне сказалі, што ў жоўцевым пузыры знайшлі паліп. Да гэтага я хварэў на рак, таму вельмі спужаўся. Пасля гэтага я паехаў у Будслаў, памаліўся перад Маці Божай. Праз некаторы час зноў праходзіў абследаванне, і мне сказалі, што ўсё ў парадку”. r Аляксандр Абуховіч:
 
“Мы зараз з жонкай пайшлі другі раз у пілігрымку. Два гады таму на юбілейную пілігрымку, прысвечаную чатырохсотгоддзю абраза Маці Божай Будслаўскай, упершыню пайшлі з Мінска, з катэдры. Падчас пілігрымкі на трэці дзень, проста адпачываючы, мы ўбачылі ў аблоках слова “Бог”. Яно было не проста размыта, а канкрэтна напісана. Ішлі, канешне, стаміліся, але ў душы анёлы спявалі. Нават учора ногі вельмі балелі, а як толькі Цела Хрыста прынялі – усё прайшло.

А жонка дадае, што падчас начлегу ў Альховічах ёй было вельмі холадна. А ў касцёле якраз была цёплая хусцінка”. rГанна Міхалевіч:

“У пілігрымку іду восьмы раз. Мабыць, самай першай інтэнцыяй у пілігрымцы была добра скончыць школу і знайсці сваё пакліканне. Да пілігрымкі пасля дзявятага класа я не бачыла сябе ў матэматыцы, а пасля пілігрымкі зразумела, што гэта маё. На сёння я ўжо скончыла мехмат БДУ і вельмі рада, што знайшла сябе ў гэтым”. rВіктар Ведзень:

“Гэта мая другая пілігрымка. Спачатку ў мяне не атрымлівалася пайсці, бо  сесія планавалася да 4 ліпеня. Потым так здарылася, што яе нечакана (а можа, і не) скарацілі на чатыры дні, таму атрымалася далучыцца да пілігрымкі на трэці дзень. Напэўна, самы вялікі цуд, які адбыўся падчас яшчэ першай пілігрымкі, – гэта калі мы трапілі пад лівень. Неба было чыстае, а тут рэзка хмары наляцелі. І проста гром, маланка: гэта было незвычайна для нас, але ўсе радаваліся, спявалі. Цуды адбываюцца кожны дзень. Гэта не абавязкова глабальныя рэчы. З усяго маленькага і складваецца нашае жыццё. Галоўнае – памятаць пра гэта і заўважаць іх”. rТаксама, пакуль рыхтаваўся да друку гэты матэрыял, здзейсніўся яшчэ адзін цуд – у Мінску і ваколіцах прайшоў добры дождж, аб якім пілігрымы прасілі ў Маці Божай.

Марына Валасар

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.