Свята ў Будславе стала таксама святам беларускай вышыванкі |
Беларусь |
04.07.2015 10:37 |
Фэст абраза Маці Божай Будслаўскай сам па сабе з'яўляецца аднаўленнем беларускай хрысціянскай традыцыі, аднак у гэтым годзе нацыянальны характар свята быў асабліва заўважным. Значная частка пілігрымаў, у падаўляючай колькасці маладых, прыйшлі ў Будслаў у беларускіх вышытых кашулях, футболках з нацыянальным арнаментам ці са стужкамі з народнымі ўзорамі. "Касцёл у нашай краіне вельмі клапатліва ставіцца да беларускай культуры; вышыванкі — гэта частка нашай культуры і самабытнасці; і калі гэта спрыяе ўмацаванню самасвядомасці, калі гэта частка нашай культуры, якую мы пачынаем шанаваць, прынамсі, такім чынам — я думаю, гэта вельмі добрая справа", - казаў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч у канцы мінулага года, каментуючы рост папулярнасці народных строяў і ўзораў у Беларусі. Прапануем вашай увазе падборку фота ўдзельнікаў Будслаўскага фэста 2015 года ў вопратцы з нацыянальнымі арнаментамі.
"Я сам з'яўляюся парафіянінам Будслаўскага санктуарыя, кожную нядзелю прыходжу на Імшу, лічу, што нацыянальнае адзенне мы павінны апранаць, каб людзі памяталі, што яны маюць сваё адзенне", — дзеліцца Віктар Апанасевіч з Будслава, які, апрануты ў нацыянальную кашулю і падперазаны пасам, праходзіцца па плошчы каля санктуарыя ў чаканні ўрачыстай Імшы. Аляксандр Гелагаеў, Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |