25 ліпеня ў Маладзечне два капуцыны склалі вечныя манаскія абяцанні. Адзін з іх – маладзечанец Максім Варанюк. Ён расказаў парталу Kraj.by, як гэта – назаўсёды стаць манахам.
Урачыстасць адбылася ў касцёле Святога Казіміра («Чырвоным касцёле»), дзе служаць манахі Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў. Вечныя абяцанні складалі 25-гадовы маладзечанец Максім Варанюк і 28-гадовы ўраджэнец Верхнядзвінска Ігар Колзун. Маладыя людзі разам уступілі ў ордэн і разам назаўжды аддалі сябе служэнню Богу.
Каб падтрымаць сваіх братоў, на цырымонію прыехалі капуцыны з Польшчы, Італіі і з усёй Беларусі, а таксама сябры, блізкія, родныя і парафіяне. Сярод запрошаных гасцей быў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч.
Скласці вечнае манаскае абяцанне – аддаць сябе Богу
Складанне абяцанняў, па словах бр. Максіма Варанюка, - свята не толькі для капуцынаў, але і для ўсіх вернікаў.
– Гэта вялікая ўрачыстасць, якая адбываецца не кожны год. Апошні раз у Беларусі вечныя манаскія абяцанні складаліся два гады таму. Па-першае, гэта свята супольнасці, бо браты становяцца яе часткай назаўсёды. Складанне вечных манаскiх абяцанняў – гэта цырымонія, падчас якой браты, якія даволі працяглы час былі ў ордэне, паглядзелі на яго жыццё, на харызмат, служэнне, назаўсёды аддаюць сябе Богу праз складанне трох евангельскіх парадаў: паслухмянасці, чыстасці і ўбоства. Вечныя абяцанні ўжо не адмяніць. Ты складаеш іх, кажучы, што захаваеш аж да смерці.
Ад заканчэння пачатковай фармацыі (калі чалавек упершыню прыходзіць у ордэн) да складання абяцанняў, па словах бр. Максіма Варанюка, павінна прайсці як мінімум чатыры гады. За гэты час капуцын павінен упэўніцца, што гэта сапраўды той шлях, якім ён хоча ісці да Бога. Брат Максім Варанюк прабыў на такой часовай фармацыі пяць гадоў, і толькі пасля яму дазволілі скласці абяцанні. Усяго ж ён у кляштары ўжо дзевяць гадоў. У кляштары – з 17 гадоў, а замежныя мовы вывучыў выпадкова
– Уступіў у кляштар, калі мне было 17 гадоў, адразу пасля школы – я заканчваў 11-ю школу ў Маладзечне. Увесь гэты час я праходзіў пачатковае выхаванне ў манаскім ордэне. Па-першае, яно ўключае ў сябе пастулат – перыяд, калі ордэн прыглядаецца да цябе. Ты жывеш у гэтай супольнасці, лічыш сябе яе часткай, але ўвесь гэты час твой настаўнік да цябе прыглядаецца: ці маеш ты патрэбныя характарыстыкі, каб быць у складзе ордэна. Далей я быў год у навіцыяце – час, калі ўжо ты глядзіш на ордэн і разважаеш, ці тваё гэта. У асноўным гэта час малітвы, сузірання, засяроджанасці. Менавіта тады пачынаецца больш моцнае паглыбленне ў ордэн, яго гісторыю. Пасля ёсць момант складання першых манаскіх часовых абяцанняў, пасля якіх я меў два гады постнавіцыяту – часу жыцця ў супольнасці. Два гады вывучаў філасофію ў Каталіцкім універсітэце ў Любліне ў Польшчы, а цяпер скончыў першы год тэалогіі ў Італіі. Маю надзею, што скончу бакалаўрыят і вярнуся ў Беларусь.
Брат Максім аднолькава добра валодае рускай і беларускай мовамі, а таксама размаўляе на дзвюх замежных – польскай і італьянскай.
– Замежныя мовы я вывучыў пры нагодзе, не спецыяльна, – дзеліцца ён. – Бо я ніколі не меў свайго жадання вывучаць іх. Але прыйшла патрэба, і вывучыў. Скончыць бакалаўрыят - гэта таксама вымаганне. Ты павінен мець як мінімум ступень бакалаўра, каб стаць святаром. Я чую ў сабе пакліканне таксама да святарства, не толькі да манаства. Калі Бог дазволіць, так і будзе.
Адказаць, дзе будзе служыць, бр. Максім пакуль не можа. Усё залежыць ад найвышэйшага настаяцеля: менавіта ён прызначае будучага святара ў адзін з гарадоў, дзе ўжо ёсць манаская супольнасць. Паслухмянасць – яшчэ адна з трох парадаў, паводле якіх жывуць капуцыны.
“Манаства не горшае за сям’ю. Бог дае гэтую ласку, каб прыняць у сэрца ўсіх людзей”
Аддаць жыццё служэнню Богу для манаха значыць адмовіцца ад сям’і і бацькоўства. Як гэта – прыняць такое рашэнне? Па словах бр. Максіма, замест звычайнай сям’і ён атрымаў значна большую – духоўную.
– Калі я пайшоў у ордэн, то моцна пра гэта не думаў. Разумееш, калі ты чуеш пакліканне, яно захапляе цябе, як марская хваля, і нясе. Ты не маеш ніякага спосабу, як ад гэтага бараніцца. Але потым, калі я думаў пра сваё пакліканне, разважаў, чаму так адбылося, убачыў у ім магчымасць служэння. Яшчэ больш мяне натхняла на гэты шлях жыццё ў супольнасці. Я бачыў вельмі прыгожы прыклад, калі браты былі разам, іх братэрскую любоў, якая сапраўды можа весці да збаўлення.
Па меркаванні маладзечанца, манаскае паліканне вядзе да адкрытасці, перашкодай якой можа стаць сям’я. – Ты ўсё роўна будзеш мець сям’ю, але толькі духоўную. Бо твая натуральная сям’я – гэта адначасова і тваё абмежаванне. Ты не можаш устаць пасярод ночы і пайсці да чалавека, бо яму блага. Не можаш кінуць сям’ю і паехаць за 300 кіламетраў, бо чалавек у небяспецы. А манаскае жыццё – яно асаблівае. Яно дае менавіта гэтую магчымасць – адкрыцца для людзей. Бог дае гэтую ласку, каб мець у сэрцы не толькі сваіх родных, блізкіх ці сяброў, а каб прыняць у сэрца ўсіх людзей. Каб да кожнага чалавека, якога сустрэнеш, ты мог падысці з адкрытым сэрцам, спачуваць яму і дапамагчы шукаць Бога.
На пытанне, як ставіцца да такого рашэння яго сям’я, бр. Максім адказвае:
– Канешне, блізкія і родныя рэагуюць па-рознаму: некаторыя здзіўляюцца, некаторыя, наадварот, заахвочваюць. Але напрыканцы бацькі бачаць гэтае благаслаўленне, якое сыходзіць, калі сын альбо дачка ідуць у манаскі ордэн. Некаторыя з маіх блізкіх хацелі мяне затрымаць, казалі: “Што ты робіш? Чаму?” Але напрыканцы я адчуў, што гэта мой выбар і маё наканаванне.
Гасціннасць і доўгая барада – прыкметы капуцына
Жыццё манахаў у маладзечанскім кляштары складаецца з малітваў, асабістых медытацый і працы. З малітвай манахі ўстаюць і з ёй ідуць адпачываць. Родныя, каб пабачыцца, могуць прыехаць у любы час, для гэтага ў кляштары існуюць два спецыяльныя пакоі. Акрамя таго, кожны брат раз у год мае адпачынак ад трох да чатырох тыдняў, калі ён можа паехаць да родных ці знаёмых.
Звычайна манах-капуцын выглядае так: карычневы габіт (манаскае адзенне) з каптуром, падперазаны вяровачным поясам, у сандалях і з барадой. Па словах манаха, ёсць шмат інтэрпрэтацый, чаму капуцыны носяць бараду.
– Так пайшло ад пачатку: калі бачаць манаха ў карычневым габіце з каптуром, з барадой і ў сандалях – гэта значыць, што ён капуцын. Так і ёсць, сярод іншых францішканскіх ордэнаў не так распаўсюджана барада.
Гэтую традыцыю капуцыны перанялі ад братоў камедулаў, з якімі мелі блізкія адносіны ў самым пачатку. Акрамя таго, у сярэднявечных каментарах пішуць, што нашэнне барады ёсць шанаванне Езуса Хрыста, які таксама насіў бараду. На шнуры манахі носяць тры вузлы, якія азначаюць тры евангельскія парады, паводле якіх яны павінны жыць: чыстасць, убоства і паслухмянасць. Гэта таксама манаская традыцыя, якая ідзе ад старых часоў.
У габіце манахі ў паўсядзённым жыцці стараюцца хадзіць увесь час. Зімой яго апранаюць на звычайную вопратку. Хоць незвычайная вопратка часам выклікае ў простых людзей пытанні.
– Наш знешні выгляд, – падкрэслівае бр. Максім, – сведчыць аб чымсьці іншым, чым звычайнае жыццё. Калі чалавек цябе бачыць, ён ужо падсвядома пачынае думаць: штосьці ёсць, штосьці здарылася, што гэты чалавек вось такі. Для нашых людзей гэта вельмі дзіўнае адзенне. Часта яны затрымліваюць, пытаюцца: хто ты, чаму такі? Але я магу і ў звычайнай вопратцы пайсці ў горад, бо часам хочацца проста адпачыць – нялёгка ісці і ад кожнага чалавека бачыць цяжкі погляд, які цябе суправаджае. Але мы ўсё ж стараемся хадзіць у габіце, бо гэта наша тоеснасць, наш лад жыцця і тое, што нас акрэслівае.
Як тлумачыць бр. Максім, сярод іншых ордэнаў капуцынаў, акрамя знешняга выгляду, вылучае адкрытасць і гасціннасць. Куды б ні трапіў капуцын – у Польшчу, Італію, Індыю або Кітай – у капуцынскім кляштары ён адчуе сябе як дома.
Паводле Kraj.by Фота Kraj.by i klerykatijuniorat.pl (AG)
|