Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Біскуп Казімір Велікаселец на Святой Зямлі: «Гімны “Benedictus” і „Magnificat” будуць знакам удзячнасці беларускага народа Пану Богу за дар веры»
Інтэрв'ю
26.09.2015 16:36

 

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец у інтэрв’ю Catholic.by распавёў пра свой удзел у Нацыянальнай пілігрымцы і падзяліўся перажываннямі ад наведвання Святой Зямлі.

— Ваша Эксцэленцыя, якія Вашы ўражанні ад Святой Зямлі?

— Я прыгадваю малітву Яго Высокапрэасвяшчэнства Мітрапаліта Філарэта, які маліўся на месцы гібелі людзей у мінскім метро. З нагоды смутку па гэтай трагедыі ён сказаў такія словы: «Часамі бываюць моманты, калі хочацца больш маўчаць, чым гаварыць».

Я часта думаю пра яго словы: сапраўды, бываюць такія моманты, калі хочацца больш маўчаць і больш думаць, чым гаварыць.

І вось, калі прыбываеш на Святую Зямлю і наведваеш месцы, звязаныя з жыццём Езуса Хрыста, Яго цярпеннем і смерцю на крыжы, то таксама хочацца больш маўчаць і думаць пра веліч любові Бога да чалавека, якая вызваліла людзей з-пад цяжару граху.

Падчас велікоднай Імшы мы кажам: «Добрыя справы, Пане, Ты ўчыніў, стварыўшы гэты свет, але яшчэ большыя Твае справы, калі Ты адкупіў праз сваю мучаніцкую смерць чалавека ад першароднага граху…»

— Чым для Вас як для святара і біскупа стала цэлебрацыя святой Імшы ў касцёле Мукі Пана ў першы дзень пілігрымкі?

— Як і кожны хрысціянін, я адчуваю ўзвышанасць і веліч, якая напоўніла гэтае месца, калі Бог прыняў Цела чалавека, каб вызваліць нас ад граху. Тут гэта ўсё напаўняе нас вялікай удзячнасцю Богу за любоў да чалавека.

Мы ішлі да святыні Мукі Пана праз Гетсіманскі сад, дзе Хрыстус маліўся перад тым, як пайсці на пакуты на крыжы. Ён, як Богачалавек, адчуваў усе гэтыя пакуты, кажучы: «Божа, не Мая, але Твая воля няхай станецца». Гэта нагадвае нам пра тое, што мы павінны спаўняць волю Бога. А якая воля Бога?

У Бібліі Бог кажа: будзьце святымі, як Я. Мы ўсё атрымалі ад Пана Бога, каб дасягнуць святасці. Пасля ўваскрасення Езус сказаў: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх у імя Айца, і Сына, і Духа Святога».

Бог даруе першародны грэх. Далей Хрыстус кажа вучням: «Прыміце Духа Святога, каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны, на кім затрымаеце, таму будзе затрымана». І прабачае грахі ў сакрамэнце пакаяння. І Хрыстус на Апошняй Вячэры перамяніў хлеб і віно ў свае Цела і Кроў, каб умацоўваць нас на дарозе да святасці.

І святы Папа Ян Павел ІІ, ідучы да дому Айца, казаў: святая Імша з’яўляецца вяршыняй і крыніцай нашага жыцця. Таму мы ўсё маем, каб прадстаць перад Богам з чыстай душой.

— Што, на Вашу думку, дае Беларусі і беларускім хрысціянам такая Нацыянальная пілігрымка, на якой будуць асвечаны дошкі «Benedictus» і «Magnificat»? Якое значэнне будзе мець гэтая падзея для беларускіх католікаў?

— Гэта будзе цудоўна, што цяпер на Святой Зямлі апрача малітвы «Ойча наш» на беларускай мове будуць таксама і памятныя табліцы з тэкстам гімну «Benedictus» Захарыі і «Magnificat» Марыі.

Няхай гэтыя гімны будуць на Святой Зямлі знакам удзячнасці беларускага народа Пану Богу за дар веры.


— З якімі інтэнцыямі Вы ехалі сюды?

— Калі я даведаўся аб намеры Каталіцкага Касцёлаў Беларусі прывезці гэтыя табліцы, я выказаў жаданне далучыцца да Нацыянальнай малітоўнай пілігрымкі, каб разам з пілігрымамі маліцца на Святой Зямлі аб Божым благаслаўленні для беларускага народа.

Мы ўсе вяртаемся з гэтых святых месцаў умацаванымі духоўна.

Таксама тут я малюся за адраджэнне парафіі Унебаўзяцця Маці Божай у Гомелі, якую, расстраляўшы чатырох святароў, закрылі ў 1938 годзе. У 1940 годзе святыня была ўзарвана. І толькі праз 70 гадоў парафія была зноў зарэгістравана і працягвае сваё адраджэнне.

— Ці ўпершыню Вы на Святой Зямлі?

— У 2011 годзе на Святую Зямлю з Беларусі таксама была арганізавана Нацыянальная пілігрымка з удзелам епіскапату, падчас якой была асвечана табліца з тэкстам малітвы «Ойча наш» на беларускай мове.


Гэта і была мая першая пілігрымка сюды. Я адчуваў радасць і веліч ад усяго таго, што адбывалася тут у часы Хрыста. Падчас той пілігрымкі мы дзякавалі Хрысту за малітву «Ойча наш», бо ў гэтых словах Ён перадаў нам, што мы павінны ведаць і рабіць.

На сценах святыні «Pater Noster» усталяваны аднайменныя малітвы на розных мовах. І як жа радасна было і нам павесіць табліцу з тэкстам гэтай малітвы на беларускай мове, каб маліцца за Беларусь, за мір і згоду на нашай Радзіме.

— Другая Ваша пілігрымка на Святой Зямлі таксама звязана з усталяваннем табліцы з малітвамі. Што Вы возьмеце з сабою з гэтай пілігрымкі, вяртаючыся ў Беларусь?

— Кожная малітва мае духоўную сілу. Асабліва я гэта адчуў, калі наша пілігрымка наведала гару Галготу.

У святыні, калі мы стаялі перад Укрыжаваным Хрыстом на Галгоце, я падумаў: «Божа, якое шчасце, што мне з Беларусі ўдалося сюды прыехаць і стаць перад Табою на гары Галгота, дзе Ты цярпеў за нас».

На гэтай гары я прыгадаў словы грэшніка, якога ўкрыжавалі разам з Езусам: «Пане, прыгадай мяне, калі прыйдзеш у Валадарства сваё». Я сказаў: «Божа, узгадай мяне ў Валадарстве сваім». Я адчуваў такое духоўнае ўмацаванне і радасць, якую цяжка перадаць словамі. Калі я апусціўся ніцма і пацалаваў Гроб Хрыста, мяне напоўніла радасць і духоўная сіла. Я вельмі рады, што мне пашчасціла быць на Святой Зямлі.

Гутарыў Ілья Лапато,
фота Аляксандры Шчыглінскай

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.