«Моўная хвілінка» на Святой Зямлі: ерыхонскія трубы, збіццё немаўлят і перамыванне костак |
Беларусь |
25.09.2015 10:48 |
Як выглядае мора, што затапіла Садом і Гамору? Які горад меў самыя старажытныя сцены і адкуль пайшоў выраз пра ерыхонскія трубы? У чацвёрты дзень Нацыянальнай пілігрымкі яе ўдзельнікі наведалі Ерыхон, убачылі смакоўніцу Закхея і дакрануліся да вады ў Мёртвым моры. Мора без ніводнай рыбіны Чарговы дзень для ўдзельнікаў Нацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю пачаўся з наведвання Мёртвага мора. Вада, у якой не жыве ніводнай рыбіны і няма ніводной расліны, мае вельмі высокую шчыльнасць – чалавек у такой вадзе не тоне. Канцэнтрацыя солі ў вадзе – 33 працэнты. Мора мае некалькі назваў. Мёртвым яго назвалі рымляне, на іўрыце назва гучыць як «мора солі», таксама яго называюць Садомскім – менавіта яго воды затапілі Садом і Гамору.
Пілігрымы мелі на Мёртвым мора невялікі прыпынак – многія скарысталіся гэтым часам і прынялі «гразевую ванну». Лічыцца, што Мёртвае мора – самае нізкае месца на Зямлі, што і адчулі на сабе пілігрымы: перапады вышыні заўважаліся па тым, як закладвала вушы.
Дарога на Мёртвае мора ляжыць праз Юдэйскую пустыню. Яе краявіды зачароўваюць: тут няма пясчаных дзюнаў, гэтая пустыня – горная з мноствам скалістых пячор. Гледзячы на яе ўпершыню, разумееш, што такі пейзаж – цудоўныя дэкарацыі да касмічных блокбастэраў.
Стары і Новы Запаветы, а таксама апісаныя ў іх падзеі нарадзілі шмат маўленчых абаротаў. І толькі тут, бачачы канкрэтныя месцы, разумееш, што гэтыя выразы ў мове ўзяліся не проста так. Напрыклад, калі Ірад, даведаўшыся пра нараджэнне Езуса, загадвае сваім жаўнерам знайсці і знішчыць усіх немаўлят мужчынскага полу ад нараджэння да двух гадоў – гэты час увайшоў у гісторыю як «збіццё немаўлят». Гісторыя выраза «каліка перахожы» таксама пайшла са Святой Зямлі і была звязана з абуткам пілігрымаў, якія прыбывалі сюды з Еўропы. Еўрапейцы хадзілі ў адмысловых сандалях, якія падвязваліся. Па-лацінску іх назва гучыць як caligae — «боты», што і ўтварыла назву «каліка перахожы» (даслоўна – мінак у ботах, або ў славянскім ужытку «мінак-калека» – так называлі падарожнікаў, якія вандравалі, спяваючы песні, чым і зараблялі на жыццё). Выраз «перамываць косткі» пайшоў з традыцыі, якая існавала ў часы Хрыста і была звязана з абрадам пахавання памерлага. Урадлівая зямля вельмі цэніцца на Святой Зямлі, таму людзей яшчэ ў часы Езуса хавалі ў спецыяльных скалістых пячорах. Цела памерлага закручвалі ў спецыяльнае палатно і змяшчалі ў скале. На трэці дзень пасля гэтага міраносіцы прыносілі міру (адмысловая смала, якая выкарыстоўвалася ў свяшчэнных мэтах), якой яны абціралі цела памерлага. Затым цела пакідалі 40 дзён, пакуль яно не стлее. Пасля гэтага косткі беражліва перамывалі і пералічвалі, рыхтуючы да пахавання. Паводле яўрэйскай традыцыі, чалавек зможа ўвайсці на неба толькі калі ў яго будуць усе косткі цела як створанага паводле Божага вобразу і падабенства. Падчас перамывання костак прыгадвалася жыццё чалавека. Пасля таго, як косткі былі памытыя і пералічаныя, іх можна было пахаваць, вызваліўшы такім чынам месца ў скале, якое затым выкарыстоўвалася нанова.
Яшчэ адным месцам, якое наведалі ў гэты дзень пілігрымы, стаў горад Ерыхон, які славіцца сваімі фінікавымі пальмамі. Горад з насельніцтвам у 35 тысяч чалавек належыць Палесціне і калісьці менавіта з яго пачынаўся ўваход яўрэяў у Зямлю абяцаную. Раскопкі археолагаў пацвердзілі старажытны ўзрост горада – яго сцены пабудавалі 10 тысяч гадоў таму. І менавіта яны рухнулі ад вялікага гулу, калі яўрэі збіраліся ўвайсці ў горад. Гукі моцнай разбуральнай сілы з таго часу і называюць «ерыхонскімі трубамі»… Таксама менавіта ў Ерыхоне знаходзіцца вядомая Гара спакусаў, дзе д’ябал спакушаў Хрыста. І менавіта там Езус прамовіў «не хлебам адзіным жыве чалавек» і «не ўзгадвай імя Божага дарэмна». Сёння на гэтай гары знаходзіцца кляштар.
Таксама ў гэты дзень пілігрымы наведалі смакоўніцу Закхея, дом Марты і Марыі і гроб Лазара, якога ўваскрасіў Езус. Святая Імша для пілігрымаў, якую ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец, адбылася ў «горадзе беднасці» – Бейт Аніі. На завяршэнне дня беларускія пілігрымы наведалі Сцяну плачу. Ілья Лапато, фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |