Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас міжрэлігійнай сустрэчы ў межах святкавання 100-годдзя касцёла св. Сымона і св. Алены |
Мінск, 19 лістапада 2010 г. Глыбокапаважаныя ўдзельнікі сённяшняй малітоўнай міжрэлігійнай сустрэчы! 1. Мы знаходзімся ў мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены, добра вядомым як Чырвоны касцёл, які ў гэтым годзе адзначае сваё 100-годдзе. Узвядзенне гэтага касцёла звязана з іменем яго фундатара спадара Эдварда Вайніловіча. З’яўляючыся католікам, ён ужо стагоддзе таму выказваў і ў штодзённым жыцці рэалізоўваў прынцыпы ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі з рознымі веравызнаннямі, што ў наш час павінна стаць нормай жыцця. Для развіцця адносін Каталіцкага Касцёла з іншымі хрысціянскімі і нехрысціянскімі веравызнаннямі асабліва многа зрабіў Другі Ватыканскі Сабор, які адбываўся ў 1963–1965 гг. Менавіта тады на такім высокім узроўні ўпершыню было ўзнята пытанне аб адносінах Каталіцкага Касцёла з іншымі хрысціянскімі і нехрысціянскімі веравызнаннямі, а таксама былі выпрацаваны нормы адносін паміж імі. Аднак наш зямляк Эдвард Вайніловіч яшчэ задоўга да гэтага касцёльнага форуму заняў евангельскую пазіцыю любові да кожнага чалавека. Ён, з’яўляючыся католікам, у той жа час быў вельмі зычлівы да праваслаўных і пратэстантаў, да яўрэяў і мусульман, да веруючых і няверуючых. Чытаючы яго біяграфію і выказванні яго сучаснікаў, бачна, з якой любоўю ён адносіўся да кожнага чалавека. У кожным чалавеку ён найперш бачыў таго, хто быў створаны нашым Стварыцелем і мае сваю чалавечую годнасць. Калі чалавек знаходзіцца ў патрэбе, яму трэба дапамагчы, нягледзячы на яго нацыянальнасць і веравызнанне. 2. Такім чынам, Эдвард Вайніловіч паўстае перад намі як вялікі гуманіст і чалавек шырокага кругагляду. Таму наша радасць сёння яшчэ большая, бо разам з намі, католікамі, яе раздзяляюць прадстаўнікі розных хрысціянскіх і нехрысціянскіх веравызнанняў, якія прыйшлі сюды, каб падкрэсліць рэальнасць сучаснага шматнацыянальнага і шматканфесійнага свету, еднасць у той разнароднасці, якую мы прадстаўляем, і нашае імкненне супольна адказваць на выклікі часу. Побач адно з адным жывуць веруючыя і няверуючыя, хрысціяне і вызнаўцы іншых рэлігій. Мы разам працуем, вучымся, адпачываем і г.д. Разам перажываем нашыя радасці і смуткі. Разам будуем наш супольны дом. Усё гэта заклікае нас найперш да ўзаемнага і талерантнага разумення адно аднаго, нашых менталітэтаў, традыцый, культур, веравызнанняў. Захоўваючы сваю тоеснасць, застаючыся са сваімі традыцыямі і перакананнямі, мы павінны выказваць пашану да выбару іншага чалавека. Толькі тады мы зможам будаваць цывілізацыю міру і ўзаемаразумення, што асабліва патрэбна ў наш час небывалага дагэтуль націску секулярызму. 3. Гледзячы на сучасны свет, які часта жыве так, як быццам не існуе адзінага для ўсіх Стварыцеля свету і чалавека, які з’яўляецца вянцом стварэння і пакліканы для вечнага шчасця, усё ясней відаць, што час раскідваць камяні прайшоў. Надышоў час, каб іх збіраць. Таму неабходнасцю сучаснага свету з’яўляецца аб’яднанне ўсіх яго маральна здаровых сіл з мэтай сумеснага адказу на выклікі сучаснасці. Паглядзім, у якім свеце мы жывём? Ці збалансаваны гэты свет матэрыяльна і этычна? Ці яшчэ памятае ён пра маральныя нормы і духоўныя каштоўнасці? Ці імкнецца будаваць цывілізацыю жыцця? Калі мы ўважліва ўгледзімся ў яго, нас прасякне сапраўдны жах. Сучасны свет празмерна сканцэнтраваны на матэрыяльных каштоўнасцях і імкненні да багацця любым коштам. У сваім нездаровым імкненні да абсалютнай свабоды ён забываецца пра духоўныя каштоўнасці. І што мы на самой справе маем? З аднаго боку, вялікія і прыгожыя гарады, шырокія аўтастрады, высокаразвітыя тэхналогіі, нябачнае дагэтуль развіццё навукі, асваенне космасу, добра адукаваную моладзь і г.д. З іншага ж — маральна беднага, заблукаўшага ў сваім жыцці чалавека, які траціць надзею і не ведае, як яе вярнуць. Таму ў этычным сэнсе гэты свет з’яўляецца сапсаваным і загніваючым. 4. Сёння вельмі часта можна пачуць гутарку пра еўрапейскія каштоўнасці. Напэўна, некаторыя з іх заслугоўваюць увагі і маюць вялікае значэнне ў жыцці сучаснага чалавека, як, напрыклад, дэмакратыя, свабода слова і веравызнання, сацыяльная справядлівасць і г.д. Аднак сярод іх многа антыкаштоўнасцяў. Бо на самой справе ці можна назваць сапраўднымі каштоўнасцямі дазвол на аборты, законы аб эўтаназіі, выкарыстанне чалавечых эмбрыёнаў для прадукцыі амалоджваючых прэпаратаў, штучнае апладненне, узаконьванне гомасексуальных саюзаў з правам усынаўлення дзяцей, свабода парнаграфіі, недахоп этычнай адказнасці ў мас-медыя і г.д. Таму замест таго, каб весці размову пра еўрапейскія каштоўнасці, лепш казаць пра каштоўнасці духоўныя. І тут усе канфесіі і рэлігіі могуць і павінны сказаць сваё слова. Бо, хаця мы і належым да розных веравызнанняў, аднак маем вельмі шмат супольнага адносна маральных каштоўнасцяў. І наш абавязак сёння — супольна іх бараніць і быць іх сведкамі, каб сучасны свет зразумеў, што будаванне яго выключна на матэрыяльных каштоўнасцях, без духоўных, з захапленнямі і прыемнасцямі гэтага жыцця — гэта будаванне на пяску і без падмурку, гэта шлях, які вядзе да духоўнай катастрофы, якая перародзіцца ў самазнішчэнне. Доказам гэтага можа быць лёс Рымскай імперыі, якая засталася толькі на паліцах бібліятэк і ў помніках архітэктуры. Мы, як людзі, як Божае стварэнне, напэўна, заслугоўваем нечага большага —шчаслівага мірнага жыцця на гэтым свеце і шчаслівай вечнасці. 5. Усемагутны вечны Божа, Стварыцель усіх народаў, выслухай нашу супольную малітву, прысвечаную памяці вялікага духоўнага гуманіста Эдварда Вайніловіча з нагоды 100-годдзя Чырвонага касцёла. Дапамажы нам супольна бараніць, захоўваць, распаўсюджваць і сведчыць аб духоўных каштоўнасцях, каб духоўна паміраючы свет ажыў, як сімвалічна ажывае засохлы ствол дрэва, у які мы ўстаўляем зялёныя пальмавыя галінкі, і каб будаваў цывілізацыю жыцця і супакою. Няхай усім нам на гэтым шляху благаславіць наш адзіны Стварыцель. Амэн. |