Плылi аблокi нiзка-нiзка Нiбы самотныя анёлы, Было да Бога блiзка-блiзка, Як да Чырвонага касцёла. (з рэпертуару «Песняроў»)
Касцёл святога Сымона і святой Алены. Напэўна, няма ў Беларусі ніводнага чалавека, хто б ні чуў пра цябе, не бачыў тваёй прыгажосці (хоць бы на паштоўках, магнітах-сувенірах з Мінска ці ў энцыклапедыях мастацтва). Твой вобраз, як архітэктурнага будынка, стаў сімвалам нашай сталіцы. Але, думаю, больш правільна казаць пра цябе як пра сімвал нязломнай шчырай веры нашых продкаў, сімвал адраджэння. 21 лістапада 2010 г. табе спаўняецца 100 год. Віншуем!
У нядзелю, ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара сусвету, хрысціяне Мінска святкавалі значную падзею — 100-годдзе касцёла святых Сымона і Алены, сто год трагічнай і гераічнай гісторыі беларускай святыні. Цэнтральным пунктам святкаванняў стала ўрачыстая літургія, якую ўзначаліў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы ў Беларусі Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Марцін Відавіч. Па словах Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, гэта сведчыць аб еднасці са Святым Айцом, а таксама з’яўляецца знакам павагі Ватыкана да духоўнай культуры беларусаў.
На пачатку святой Імшы Мітрапаліт Кандрусевіч прывітаў дапаможнага біскупа Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Антонія Дзям’янку, Архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага Візітатара для грэка-католікаў Беларусі. Арцыпастыр нагадаў, што дзве грэка-каталіцкія парафіі менавіта ў гэтай святыні цэлебруюць літургіі. Арцыпастыр прывітаў таксама прадстаўніка Мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі Філарэта протаіерэя Аляксандра Шымбалёва.
Сярод прысутных былі і прадстаўнікі ўлады, дыпламатычных місій, нашчадкі роду Вайніловічаў з Беларусі і Расіі.
«Сёння мы цэлебруем гэту Эўхарыстую як знак удзячнасці Богу за святыню і будзем прасіць благаслаўлення Божага на дзейнасць гэтага так важнага касцёла, не толькі для Мінска, але і для ўсёй Беларусі. Бо гэта архітэктурная пярліна, духоўны цэнтр, што знаходзіцца ў цэнтры нашай сталіцы», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.
У гаміліі Мітрапаліт Кандрусевіч нагадаў гісторыю будынка касцёла і ўказаў на важнасць пастаяннага аднаўлення святыняў людскіх сэрцаў. Арцыпастыр адзначыў, што 67 са 100 гадоў існавання гэтага касцёла ён выкарыстоўваўся не ў рэлігійных мэтах. Але, на жаль, і сёння застаюцца каталіцкія святыні, у якіх няма месца Богу.
«Сёння, у новых абставінах вельмі цяжкай хваробы сучаснасці, якой з’яўляецца секулярызм, мы не маем права адрачыся ад Касцёла і яго навучання, бо гэта шлях да духоўнай смерці, — падкрэсліў арцыпастыр. — Таму няхай славутая і адначасова трагічная гісторыя гэтага касцёла і сённяшняя юбілейная ўрачыстасць дапамогуць нам зрабіць адпаведныя высновы, каб мы не паўтаралі памылак мінулага і ў другі раз не наступалі на тыя ж граблі».
Прапануем поўны тэкст гаміліі >>>
«У новае, ужо другое стагоддзе, касцёл свв. Сымона і Алены! У новы шлях навучання, асвячэння і служэння людзям! У новую будучыню, кааб, дзякуючы дзеянню гэтага касцёла, у нашай будучыні панаваў Хрыстус, Валадар сусвету, і прывёў нас да свайго Валадарства!», — адзначыў Мітрапаліт Кандрусевіч.
Падчас літургіі некаторыя вернікі парафіі Святога Сымона і святой Алены атрымалі сакрамэнт канфірмацыі. У працэсіі з дарамі парафіяне дзякавалі Богу за святыню, яе фундатара і тых, чыімі намаганнямі яна была вернута вернікам і адноўлена. Сярод дароў да алтара была прынесена памятная дошка з выявай касцёла і яе фундатара Эдварда Вайніловіча. Дошка была выраблена каля 100 гадоў таму самім Вайніловіч, але была згублена, і толькі цяпер хтосьці пажадаў прадаць яе на аўкцыёне. У дзень святкавання 100-годдзя касцёла дошка была асвячона і ўстаноўлена ў святыні. Дарам Пану стаў і крыж, з якім вернікі Мінска маліліся і працягваюць маліцца ля святыняў, яшчэ не вернутых Касцёлу.
Напрыканцы — шмат віншаванняў: ад прадстаўніка Праваслаўнай Царквы, ад грэка-каталіцкай супольнасці, ад старшыні Біблейскага таварыства ў РБ, ад намесніка ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Уладзіміра Ламекі, ад прадстаўнікоў рухаў і супольнасцяў парафіі, ад прадстаўнікоў хораў і інш. Усе і кожны казаў сваё «дзякуй» Богу і людзям за гісторыю і сучаснаць касцёла.
«Было да Бога блiзка-блiзка, як да чырвонага касцёла». Няхай жа наш шлях заўсёды будзе накіраваны да Бога, няхай Чырвоны касцёл ніколі не будзе пуставаць і няхай ва ўсіх святынях Беларусі вернікі праслаўляюць Хрыста, Валадара сусвету.
Святлана Жылевіч
|