Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прывітальнае слова Мітрапаліта Кандрусевіча на Міжнароднай навуковай канферэнцыі, прымеркаванай да 80-годдзя Інстытута філасофіі НАН Беларусі |
14 красавіка 2011 г. Глыбокапаважаны Анатоль Аркадзьевіч Лазарэвіч — дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, — члены навуковай рады, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, свету навукі і культуры, усе прысутныя. Дазвольце выказаць сардэчную ўдзячнасць за запрашэнне на святкаванне 80-годдзя вашага інстытута і выказаць свае шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні з гэтай нагоды. З перспектывы вечнасці 80 гадоў — гэта нямнога. Аднак, беручы пад увагу гістарычныя абставіны, у якіх прыйшлося дзейнічаць інстытуту, — гэта шмат. За перыяд існавання ўстанова прайшла вялікі працэс станаўлення і пашырэння гарызонтаў сваёй дзейнасці. Сёння інстытут займаецца не толькі праблемамі класічнай філасофіі, але таксама рэлігіязнаўствам і філасофіяй рэлігіі. Такім чынам, абапіраючыся на рацыянальную логіку і веру, Інстытут філасофіі комплексна падыходзіць да праблематыкі быцця і да выпрацоўкі філасофскага погляду на свет, а таксама спрыяе развіццю адносін паміж навукай і верай. У наш час, калі сучасны свет, з аднаго боку, усё больш і больш становіцца секулярным, а з іншага, адчувае патрэбу вечных каштоўнасцяў, вельмі важнымі становяцца адносіны грамадства з рэлігійнымі ўстановамі. З радасцю неабходна падкрэсліць, што ў Беларусі яны развіваюцца паспяхова і маюць пазітыўную дынаміку. Вялікая заслуга ў гэтым належыць Інстытуту філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, які супрацоўнічае з рознымі рэлігійнымі арганізацыямі, у тым ліку і з Каталіцкім Касцёлам. Упэўнены, што гэта супрацоўніцтва можа і павінна быць яшчэ больш актыўным і паспяховым. Ведаючы адкрытасць Інстытута філасофіі, спадзяюся на далейшае развіццё гэтых адносін на карысць нашага грамадства і фармавання новага чалавека ў адпаведнасці са знакамі часу, а таксама для яго духоўна-культурнага развіцця. Кожная круглая дата ці юбілей — гэта добрая нагода для падвядзення вынікаў працы, для таго, каб заглянуць у будучыню і ствараць новыя планы. Безумоўна, Інстытут філасофіі можа па праву ганарыцца сваімі дасягненнямі. Аднак нельга толькі спачываць на лаўрах, трэба ісці наперад. Лацінская прыказка кажа: «Qui non progredit — regredit» («Хто не ідзе наперад, той адступае назад»). Упэўнены, што 80-гадовая праца інстытута будзе добрым падмуркам для далейшай навукова-даследчай працы. Святкуючы юбілей беларускай філасофскай школы, ад усяго сэрца жадаю інстытуту, яго кіраўніцтву і супрацоўнікам моцнай любові да мудрасці, гэта значыць быць сапраўднымі філосафамі, каб вера і розум вялі да пазнання праўды, а праз яе — да дабра. Няхай Бог, Творца сусвету і самы дасканалы філосаф, адорыць усіх вас патрэбнымі дарамі і ласкамі і благаслаўляе на новыя дасягненні. У новы шлях і новую творчую будучыню Інстытут філасофіі! Ad multos annos! На многія леты! Дзякую за ўвагу. |
Адноўлена 14.04.2011 17:29 |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.