Сардэчна вітаю ўсіх удзельнікаў кангрэса ў Гродне. Мне вельмі прыемна, што мяне запрасілі. Прашу прабачэння, што не магу прысутнічаць, таму што якраз у гэты час, калі праходзіць кангрэс, адбываецца таксама і канферэнцыя дыяцэзіяльных біскупаў на Яснай Гары. Таму давайце зробім такім чынам: пры дапамозе камеры, запісу і прэзентацыі я прысутнічаю тут сярод вас. Віншую з тым, што гэты кангрэс ёсць, што ён з’яўляецца такім першым крокам. Кланяюся і перадаю словы павагі ўсім духоўным асобам, свецкім і проста ўсім вам, хто сабраўся на гэтым кангрэсе.
Аб чым я хачу вам расказаць? Нават не аб тым, як працуе прэс-сакратар на Канферэнцыі біскупаў у Польшчы. Я ўжо вельмі доўгі час займаюся праблемай камунікацыі праз інтэрнэт у Касцёле. Таму я прапаную вам тую тэму, якую вы бачыце на экране: «Інтэрнэт і Касцёл. Як інтэрнэт-старонкі могуць служыць у камунікацыі Касцёла з сучасным светам». Касцёл тут выступае ў вельмі шырокім значэнні. Прашу не атаясамліваць яго выключна з ксяндзамі, біскупамі, з духоўнымі асобамі. Не. Гаворка ідзе наогул пра ўсіх людзей, якія ўтвараюць Касцёл, пра ўсіх ахрышчаных. Якім чынам мы, як ахрышчаныя людзі, можам камунікаваць з сучасным светам?
Давайце паглядзім на першы слайд. І спачатку такое пытанне: мы жывём у пачатку ХХІ стагоддзя, але што б зрабіў св. Павел, калі б менавіта сёння ён стаў паміж намі і распачаў сваю евангелізацыйную працу, як зрабіў гэта больш за 20 стагоддзяў таму? Я лічу, што св. Павел выкарыстаў бы не толькі пяро і папірус, як рабіў гэта ў той час, калі евангелізаваў, пісаў лісты, але я перакананы, што сёння гэтыя лісты св. Паўла даходзілі б да ўсіх нас — як? Праз email, проста праз электронную пошту. Я ўпэўнены, што св. Павел выкарыстаў бы сусветную сетку для таго, каб абвяшчаць Хрыста. І я хачу вам прадэманстраваць некалькі прапаноў, як Інтэрнэт можа служыць Касцёлу кожны дзень, у яго штодзённай працы.
Дык вось. Ёсць такое паняцце «выкаванае „э“ евангелізацыі» — евангелізацыя ў электроннай версіі. Гаворка тут ідзе ні аб чым іншым, як аб інтэрнэце. Гэта менавіта дзякуючы інтэрнэту мы дабіраемся да самых розных людзей: без пашпарта, без віз, усюды, дзе толькі існуе доступ да інтэртэту, там можам быць і мы. І, што важна, мы можам там евангелізаваць. Я хачу вам прывесці тры цытаты, бо лічу, што яны гэтага вартыя.
«Свет пазнае Добрую Навіну збаўлення толькі тады, калі зможа ўбачыць твар Хрыста і пачуць Яго голас. Так, безумоўна, гэты голас Хрыста і гэты твар Хрыста павінны быць бачныя таксама і ў інтэрнэце». Гэта словы Яна Паўла ІІ з Паслання 2002 г. А годам раней Ян Павел ІІ сказаў так: «Католікі павінны адважна адчыніць дзверы сродкаў масавай інфармацыі Хрысту так, каб Яго Добрая Навіна абвяшчалася з усіх куткоў свету». Гэта зноў жа Пасланне на дзень сродкаў масавай камунікацыі, і зноў Ян Павел ІІ. І ўрэшце цытата, якая мне найбольш падабаецца, якая закранула мяне. Гаворка аб інтэрнэце. Святы Айцец пытаецца: «Ці аднак з гэтай дыялектыкі малюнкаў і гукаў паўстане твар Хрыста і ўдасца пачуць Яго голас? Але гэта залежыць ад вас, а яшчэ лепш — ад нас усіх, ці будзе так адбывацца».
Давайце паглядзім на некалькі прыкладаў такіх асноўных інтэрнэт-старонак, бо з іх я хачу распачаць гэтую нашу сустрэчу. Вось некалькі такіх базавых прадстаўнічых інтэрнэт-старонак: напрыклад Канферэнцыі біскупаў, у дадзеным выпадку польскіх біскупаў, або манаскага ордэна, тут францішканскага. Затым партал на рэлігійную тэматыку, які ёсць у Польшчы, — DEON, а таксама самая звычайная парафія. Ідучы з вяршыні ў гэтай іерархіі, хачу вам паказаць, што з’яўляецца важным на гэтых старонках і якім чынам можна іх выкарыстаць. І увага! Хтосьці, напэўна, ужо думае: «Ну, добра, ну, цудоўна. Гэтыя інтэрнэт-старонкі былі папулярныя некалькі гадоў таму, а сёння гэта ўжо гэтак званыя „WEB-2 нулі“. Гэта праўда. Ёсць „WEB-2 нулі“, ёсць грамадскія парталы, пра якія я буду гаварыць у канцы, а цяпер я хачу звярнуць вашу ўвагу на нешта вельмі важнае. Гэтыя інтэрнэт-старонкі не памерлі. Іх надалей можна выкарыстоўваць. Звычайныя інтэрнэт-старонкі можна і трэба выкарыстоўваць у штодзённай працы Касцёла. І я хачу вам паказаць, што з’яўляецца важным у падыходзе да сучаснага чалавека, што з’яўляецца важным у вядзенні дыялога з сучасным чалавекам, таксама і праз інтэрнэт-старонку, якая можа здавацца ўжо састарэлай. Але ў суме гэта не так. Яны не састарэлі, бо абапіраюцца на самыя сучасныя тэхналогіі і могуць на самай справе выдатна служыць. Давайце паглядзім як.
Заўсёды самым важным элементам кожнай інтэрнэт-старонкі, ад Канферэнцыі біскупаў да звычайнай парафіі, будзе што? Інфармацыя. Інфармацыя заўсёды з’яўляецца найважнейшай. Мы проста шукаем навіны. Хочам з інтэрнэт-старонак даведацца аб тым, што адбываецца. І таму мы на старонцы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Польшчы падаём такую інфармацыю. Мы як прэс-бюро, бо я з’яўляюся прэс-сакратаром Канферэнцыі біскупаў у Польшчы. І гэта наш абавязак — праінфармаваць не толькі вернікаў, але ўвогуле ўсіх тых любдзей, якія хочуць нас чытаць, аб тым, што адбываецца ў Касцёле.
Трэба памятаць, што інфармацыя — гэта таксама і фармацыя. Мы праз прадстаўленне пэўнай інфармацыі фарміруем сучаснага чалавека. Такім чынам, і на інтэрнэт-старонцы польскіх біскупаў ёсць інфармацыя; і на інтэрнэт-старонцы францішкан, напрыклад, францішканскае навучанне, калі б хто хацеў даведацца, то ён якраз можа гэта зрабіць; ёсць інфармацыя на партале DEON: Польшча і Кітай перасцерагаюць Захад адносна Сірыі; і ўрэшце на звычайнай парафіяльнай старонцы таксама ёсць штосьці важнае. Дзякуем кс. Матэушу, бо ён скончыў працу ў гэтай парафіі, з якой узяты менавіта гэты фрагмент інтэрнэт-старонкі. Таму вельмі прашу: памятайце, калі вы будзеце ствараць інтэрнэт старонку — дзе заўгодна, — вельмі важны элемент, я б нават сказаў найважнейшы, — гэта інфармацыя. І менавіта свежая інфармацыя. Таму не можа быць так, што на інтэрнэт-старонцы знаходзіцца інфармацыя месячнай даўнасці. Максімум тыдзень, але гэта ўжо таксама нельга назваць свежай інфармацыяй. Можа падацца, што ў такой малой супольнасці, як парафія, не адбываецца ажно так шмат, каб гэтая інфармацыя змянялася. Адбываецца. Але хтосьці павінен пра гэта напісаць, хтосьці павінен гэта адрэдагаваць, а хтосьці павінен гэта ўставіць. Такі рэдакцыйны калектыў вельмі важны — ад Канферэнцыі біскупаў па звычайную парафію.
Яшчэ трохі пра інфармацыю, бо мы ведаем, што яна важная. «Ужо 490 літраў крыві ў кампаніі падалі кроплю любові». Павінен быць цікавы загаловак, учэпісты, каб хтосьці пачаў чытаць гэтую інфармацыю. Але трэба памятаць, што інфармацыя — гэта не толькі тэкст. Ёсць такое выказванне, што адна карцінка лепшая за тысячу слоў. Адсюль, глядзіце: францішкане паказваюць нам цэлы рэпартаж з Украіны. Яны паехалі туды з камерай, і мы маем магчымасць паглядзець таксама такую версію інфармацыі — інфармацыю, якая абапіраецца на відэа, — фільм. Вельмі важную ролю адыгрываюць здымкі. Мы любім праглядваць здымкі. DEON мае вельмі вялікую фотагалерэю. Галерэя можа быць таксама і на парафіяльнай старонцы, можна выкарыстоўваць здымкі, якія аднекуль паходзяць. Не бойцеся гэтага! Ёсць вельмі шмат такіх месцаў, напрыклад episkopat.pl. З гэтага адрасу вы можаце браць здымкі з нашай старонкі, можаце іх выкарыстоўваць, можаце, напрыклад, уставіць здымак з візіту Патрыярха Кірыла ў Польшчу, галоўнае — сказаць, адкуль ён быў узяты. Гэта важна. Аўтарскія правы павінны быць захаваны на ўсіх інтэрнэт-старонках, а асабліва рэлігійных, асабліва каталіцкіх. Таму, калі мы нешта ў кагосьці бяром, капіруем, устаўляем на сваю старонку, мы заўсёды павінны ведаць, што мы маем такое права, і яшчэ не забыць паказаць, адкуль гэты матэрыял быў узяты. Будзьце ўпэўнены, што ёсць мноства такіх месцаў, якія ахвотна з вамі падзеляцца матэрыялам.
Што яшчэ важна для простых людзей? Свайго роду праваднікі, напрыклад «Каляндар»: што будзе адбывацца ў найбліжэйшыя дні? Мы вядзём такі «Каляндар» па месяцах — чаго могуць чакаць журналісты ад Канферэнцыі біскупаў. Але таксама і манахі, як мы бачым, нашы францішкане, пішуць аб мучаніках з Перу, прыгадваюць аб іх; пішуць, што быў год св. Максімільяна Кольбэ… Проста пэўныя праблемы ўвесь час жывуць, а інтэрнэт-старонкі нам падказваюць гэта, мы добра аб гэтым праінфармаваныя. «Даведнік парафіяніна» — штосьці вельмі важнае, асноўнае. Уявіце сабе, што хтосьці з вашай супольнасці хоча ведаць, якія ўмовы павінен выканаць, каб быць, напрыклад, хросным бацькам. На парафіяльнай інтэрнэт-старонцы такі даведнік павінен крок за крокам паказаць, што трэба зрабіць. Але не трэба пагарджаць рознымі іншымі месцамі, якія маюць вельмі шмат матэрыялу. Напрыклад, на інтэрнэт-старонцы епіскапату Польшчы ёсць спасылкі на Канферэнцыю біскупаў ва ўсёй Еўропе, бо для нас або для журналістаў гэта цікава і важна. І далей, глядзіце. Тут ужо будзе прыклад у асноўным з парафіі. Хрост: што трэба падрыхтаваць. А таксама і такое простае, як парафіяльныя абвесткі — гэта таксама інфармацыя, а асабліва для кагосьці, хто не быў на Імшы, бо не мог быць, а менавіта ў гэтую нядзелю быў у іншай парафіі, але ён хоча ведаць, што адбываецца ў яго касцёле. А калі хтосьці прыязджае, то вельмі ахвотна даведаўся б, а якой гадзіне св. Імша ў дадзенай парафіі, дзе ён знаходзіцца. Хтосьці можа сказаць: «Дык гэта ж відавочна!» Але не. Для нас гэта можа быць відавочна, а для кагосьці, хто прыязджае, гэта не з’яўляецца відавочным, таму нават такая простая інфармацыя з’яўляецца на самой справе каштоўнай інфармацыяй на інтэрнэт-старонцы звычайнай парафіі. Мы хочам таксама ведаць адрас парафіі. Хто-небудзь па любой прычыне захоча напісаць ліст, хтосьці захоча патэлефанаваць да пробашча. Ён таксама павінен мець такую асноўную інфармацыю, якая на інтэрнэт-старонцы называецца Кантакты. Любога роду. Хтосьці хоча з намі звязацца — таму мы гэта яму проста можам аблегчыць.
Увага! Усе раздзелы, якія вы будзеце ўстаўляць на вашу інтэрнэт-старонку, павінны быць добра прадуманыя. Яны павінны быць асобнымі зборамі. Яны не могуць накладвацца адзін на аднаго, бо тады мы не зможам даведацца, дзе штосьці шукаць. Паглядзіце: зверху гэтая панэль, звязаная з францішканамі. «Місіі» — ясна, пра што там ідзе гаворка і што мы там можам знайсці, «Кляштары» — штосьці іншае, «Установы» — зноў штосьці іншае, «Душпастырства» — таксама зразумела і «Пошук» — пошукавая сістэма. Калі вы будзеце ствараць якую-небудзь інтэрнэт-старонку, то абдумаць гэты вельмі важны пункт — сапраўды адна з асноў.
Ніжэй знаходзіцца панэль з DEON.pl: «Навіны», «Рэлігія», «Інтэлектуальнае жыццё», «Па гадзінах» — гэта адпачынак, «DEON-кавярня», «Чытальня», «Грамадства», «Магазін». Кожны гэты раздзел з’яўляецца асобным раздзелам, ён увогуле не закранае іншы. Гэта і маецца на ўвазе.
Вось якраз інтэрнэт-старонка на нямецкай мове. Але не палохайцеся. Я хачу вам паказаць, наколькі старонка можа быць простай і адначасова прыгожай, наколькі выразнай. Для мяне яна з’яўляецца ўзорам. Гэта інтэрнэт-старонка Канферэнцыі швейцарскіх біскупаў. Я б сказаў, што яна чыстая: добра падабраныя памеры шрыфтоў, белы фон, зразумелыя раздзелы, звязаныя менавіта з гэтай старонкай. І ў асноўным так, калі гаворка ідзе пра структуру, павінна выглядаць сучасная інтэрнэт-старонка. Яна па сваёй стуктуры вельмі падобная на блог, пра які я праз некалькі хвілін таксама вам раскажу.
Дык вось. Я падаю некалькі такіх прыкладаў таго, што на маю думку з’яўляецца важным, калі гаварыць аб інфармацыі, аб пэўных даведніках, аб анонсе пэўных падзей, аб відэа- і фотаматэрыялах, якія павінны быць на старонках. Безумоўна, магчымыя таксама і гукавыя матэрыялы для праслухоўвання. Таму такая мультымедыйнасць вельмі важная — тое, што мы можам выкарыстоўваць рознага тыпу матэрыялы ў гэтых сучасных тэхналогіях. Але ўсё тое, пра што я цяпер расказваў, — гэта ўсё яшчэ толькі «WEB-1.0». Гэта той стыль інтэрнэт-старонак, дзе мы ў першую чаргу прадстаўляем камусьці пэўныя тэмы, праблемы, навіны без вялікай магчымасці зваротнага кантакту, каб хтосьці мог нам адказаць, каб завязалася якая-небудзь дыскусія. Але, я яшчэ раз падкрэсліваю, што гэты тып інтэрнэт-старонак не загінуў, іх варта ствараць. Я гавару трохі без ведання таго, наколькі вялікі голад такой важнай інфармацыі ў Беларусі, наколькі добры ўвогуле доступ да інтэрнэту. На жаль, я не шмат на гэтую тэму ведаю, але да аднаго я вельмі хачу вас заахвоціць і папрасіць: не стварайце надта шмат інтэрнэт-старонак. Дзіўна гучыць, праўда? Не стварайце. Лепш аб’ядноўвайцеся, спалучайце вашыя сілы. Я перакананы ў гэтым: спалучайце вашыя сілы, каб гэта была, напрыклад, адна інтэрнэт-старонка, але на самой справе добрая. Напрыклад, такі даведнік, які я вам толькі што паказваў. Што трэба падрыхтаваць да асобных сакрамэнтаў: да Першай св. Камуніі, да хросту, сужэнства, у чым заключаецца намашчэнне хворых і г.д., — гэта ж не павінен пісаць кожны ксёндз ці пробашч у нейкай парафіі. Гэта можа быць адно месца, на якое мы можам зрабіць спасылку. Мы, ствараючы сваю інтэрнэт-старонку, напрыклад, старонку парафіі ці нейкай супольнасці, ужо не павінны гэта паўтараць, не павінны пісаць з нуля. Хтосьці гэта ўжо зрабіў. І ўвогуле, вось што добра: у нас у Польшчы існуе такая старонка як opoka.org.pl, якая мае на самой справе вельмі шмат гэтых матэрыялаў.
Гэта адна старонка. Яна займае першае месца сярод рэлігійных старонак у Польшчы ўжо на працягу многіх гадоў. Мы працуем над гэтым ужо вельмі даўно — пачынаючы з 1999 г. Гэта ўжо 13-ы год працы. І калі хтосьці хоча знайсці рознага тыпу адказы на свае пытанні, ён звычайна іх там і знаходзіць. Таму стварайце адзін вялікі партал, а на гэтым партале няхай будуць меншыя, напрыклад, парафіі, манаскія ордэны, рэлігійныя супольнасці, якія гэтую сваю старонку змогуць папаўняць і ўзбагачаць тымі матэрыяламі, якія ўжо там апрацаваны. Дастаткова толькі зрабіць на іх спасылку. Не трэба ўсё рабіць ад пачатку. Вельмі вас заахвочваю да такога аб’яднання, каб не растрачваць сілы, каб не было так, што нейкі адзін дакумент, нейкі артыкул ёсць на 5-10 парталах. Навошта? Дастаткова, што яны ёсць у адным месцы. Гэта, дарэчы, выдатная магчымасць інтэрнэту, што нешта знаходзіцца ў адным месцы, але ім усе могуць карыстацца, ва ўсім свеце. Таму, калі вам удасца стварыць адзін такі моцны партал, 1 ці 2, бо ёсць Каталіцкае інфармацыйнае агенцтва, якое мае сваё заданне ў Беларусі, і ёсць таксама, можа, які-небудзь план стварэння такога моцнага каталіцкага рэлігійнага парталу, то там засяроджвайце свае сілы. І духоўныя, і свецкія. Я хачу сказаць, што я так моцна не адрозніваю. Калі справа датычыцца Касцёла, то важныя і духоўныя, і свецкія асобы, і адны, і другія. У тых правілах, якія вы зараз убачыце, скажу трошкі больш.
Я выдатна разумею, што, як я ўжо вам казаў, існуюць рознага тыпу сацыяльныя сэрвісы, якія ствараюцца мноствам людзей, на аснове кантактаў, на аснове грамадства, якое выпрацоўвае змест дадзенага сэрвіса. Гэта, напрыклад, вядомы вам Facebook, YouTube — вельмі папулярны, Twitter ці Wikipedia і ўрэшце Google-plus, калі казаць аб адным з навейшых сацыяльных сэрвісаў. Але мы ведаем, што гэта ёсць, існуе. Стварыце грунтоўныя інтэрнэт-старонкі, якія б маглі быць добрым кантактам з вернікамі, добрай інфармацыяй для іх. Нават спачатку ў гэтым «WEB-1.0», а потым мы будзем думаць, што зрабіць з сацыяльнымі сэрвісамі.
Аб адным са спосабаў я хачу вам расказаць. Гэта блог. Што такое блог? Гэта журнал, інтэрнэт-журнал, дзе аўтар або аўтары, бо іх можа быць шмат, дзеляцца сваімі перажываннямі, сваімі думкамі і разважаннямі, вельмі часта каментуюць тое, што адбываецца ў дадзены час. Вось прыклад блог айца Дарыуша Кавальчыка. Ён жыве і выкладае ў Рыме, а блог, які называецца «Мудраму хопіць», вядзе ў Польшчы. І тут такая тэма: «Ці маюць ворагі Касцёла ўплыў на душы?» Ён выдатна піша, падае вядомыя аргументы. Але што ж такі журнал адрознівае, напрыклад, ад простай падачы інфармацыі на старонкі тыпу «WEB-1.0»? Тое, што тут можна каментаваць, можна пакідаць прыпіскі — гэтак званыя посты на дадзеным блогу, можна ўвайсці ў дыялог з тым, хто гэта напісаў, — з аўтарам.
Глядзіце: гэты артыкул прынёс 59 каментарыеў. І айцец Дарыуш адказвае на іх. Ён уваходзіць у палеміку, стараецца акрэсліць свой пункт гледжання. Гэты стыль блогаў акрамя сваёй структуры, як у Канферэнцыі біскупаў у Швейцарыі, стаў вельмі папулярны. Калі вы зробіце добрыя гэтыя першыя інтэрнэт-старонкі «WEB-1.0» і прызвычаіцеся да таго, як усё гэта працуе, то вельмі заахвочваю вас, каб гэтыя старонкі мелі таксама блог. Не абавязкова яго павінна весці адна асоба. Ім могуць кіраваць некалькі чалавек. Але вельмі важна, каб там хтосьці даваў адказы 7 дзён на тыдзень 24 гадзіны ў суткі. Гэта значыць, што некалькі, а нават больш: 20-30 чалавек павінны абслугоўваць такі блог. Перш за ўсё даваць адказы, бо калі нехта напіша, то чакае як мага хутчэйшага адказу. Таму з тых новых тэхналогій я перш за ўсё рэкамендую вам весці (можа, у хуткім часе, а, можа, нехта ўжо яго вядзе) менавіта блог.
І на заканчэнне я хачу вам расказаць аб пэўных правілах.
Евангелізацыя, хутчэй нават «э» евангелізацыі. Абавязковай з’яўляецца частая актуалізацыя зместу інтэрнэт-старонак і падрыхтоўка захапляльных матэрыялаў. Так, ніхто не чытае вельмі старых кніг або старых газет з прыемнасцю. Нам хочацца мець штосьці новае, штосьці, што менавіта цяпер пульсуе жыццём. Інтэрнэт-старонкі, звязаныя з жыццём Касцёла, з рэлігіяй не з’яўляюцца выключэннем. Таму актуалізацыя — гэта вельмі важны элемент. І цікавасць гэтых матэрыялаў: няхай гэта будуць таксама відэаматэрыялы, фотаздымкі ці аўдыёзапісы.
Памятайце аб тым, што адна карцінка вартая тысячы слоў — гэта другое правіла.
Далей. Тыя, хто распачаў гэтую справу, павінны памятаць, што калі ўжо яна распачалася, то не павінна заканчвацца. Калі вы распачалі ці збіраецеся распачаць вялікую справу, то трэба быць для іншых і быць з іншымі ў сеціве, у інтэрнэце. Я кажу аб тых, каму гэта неабходна. Мы не можам іх пакідаць, напрыклад, на тыдзень без адказу.
Вернікам неабходны святарскі час у інтэрнэце. Я не кажу аб тым, каб вы, дарагія ксяндзы, пакінулі цяпер усе свае справы і сядзелі выключна ў інтэрнэце. Не. Але пэўныя дзяжурствы, калі можна іх так назваць, павінны быць, каб дапамагаць гэтым людзям, адказваць на іх пытанні ў інтэрнэце. Святары таксама там павінны прысутнічаць. Я хачу вас перасцерагчы ад дарэмных дыскусій. Не з кожным інтэрнаўтам варта дыскутаваць. Праўда. Калі вы бачыце, што гэта нехта ўпарты або што хтосьці проста хоча нешта даказваць назло, дастаткова проста пакінуць яго і не рэагаваць на яго прыдзіркі.
Прысутнасць у інтэрнэце — гэта таксама абавязковасць нармальнай дыстанцыі да сябе. Што гэта значыць? Я не ўсё магу, не ўсё ведаю. Таму такая нармальная дыстанцыя да сябе сапраўды важная, каб не думаць, што мы ўжо ўсе зубы з’елі. Таму таксама патрэбна большая група супрацоўнікаў — каб гэтая праца ішла добра. Інтэрнэт лепш падыходзіць для прэ-евангелізацыі, а менавіта для пошуку людзей, якія яшчэ не з’яўляюцца хрысціянамі, якія толькі цяпер даведваюцца аб хрысціянстве, і для евангелізацыі — абвяшчэння Добрай Навіны, чым для катэхізацыі ў поўным значэнні гэтага слова. Але гэта выдатны інструмент, і неабходна ўпоўні яго выкарыстаць.
Гэтая «э» евангелізацыя — евангелізацыя ў інтэрнэце — заданне як для духоўных, так і для свецкіх. У гэтым я перакананы. Такая група бясспрэчна будзе чымсьці добрым у інтэрнэце, будзе дапамагаць іншым. І кожная думка, кожнае слова, кожная заўвага ў інтэрнэце — гэта пачатак дыскусіі. Асабліва калі запусціць інтэрактыўную старонку, дзе можна будзе ўпісваць таксама і свае заўвагі. Ясна, што гэтым трэба кіраваць, сачыць, каб не было, напрыклад, ніякай лаянкі і зняважлівых слоў, але такая дыскусія, напэўна, вельмі патрэбная.
І апошняе. У інтэрнэце трэба ствараць такія месцы, дзе карыстальнікі маглі б чэрпаць здаровыя веды аб каталіцызме. Менавіта гэта я меў на ўвазе, кажучы, што трэба пабудаваць такі моцны партал. Партал, які будзе часта актуалізаваны, які будзе мець вельмі шмат супрацоўнікаў. Гэта могуць быць валанцёры, могуць і павінны быць людзі, якія ў пэўным сэнсе будуць звязаны з гэтым месцам прафесійна. Але безумоўна, што да такога месца трэба імкнуцца і яго трэба стварыць. Памятаеце, што сказаў нам Ян Павел ІІ? Гэта ад нас залежыць, ці паўстане з iнтэрнэту твар Хрыста і ці пачуем мы Яго голас. Ці змогуць католікі ў Беларусі гаварыць сваім голасам у інтэрнэце і абвяшчаць там Езуса Хрыста. Да гэтага я вас усім сэрцам заахвочваю.
Вялікі дзякуй вам за ўвагу. Можа, я часам не сказаў чагосьці, што дакладна ў вас выкарыстоўваецца, але гэта проста таму, што я не вельмі добра ведаю ўмовы жыцця ў Беларусі. Я вельмі хацеў бы зараз быць з вамі і выслухаць вашыя пытанні, вельмі ахвотна адказаў бы на іх, але Бог дапаможа, і мы абавязкова яшчэ сустрэнемся. І не ў віртуальным свеце, а ў рэальным. Аддзяч вам Божа!
|