Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці на прыёме ў межах візіту ў Беларусь Дзяржаўнага Сакратарa Папы кардынала П’етро Параліна

13 сакавіка 2015 г., Мінск

Шаноўны спадар Прэм’ер-міністр, шаноўны спадар Міністр замежных спрау, шаноўная спадарыня намеснік Міністра замежных спраў, прадстаўнікі дзяржаўнай улады, Высокапраасвяшчэнны Уладыка Павел, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу, біскупы Каталіцкага Касцёла і прадстаўнікі іншых канфесій і веравызнанняў, дарагія святары, законнікі і законніцы, шаноўнае спадарства,

я глыбока ўдзячны ўсім вам за тое, што вы прынялі запрашэнне Апостальскай Нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь узяць удзел у гэтай радаснай падзеі. Сёння мы адзначаем другую гадавіну абрання Рымскім Пантыфікам Яго Святасці Папы Францішка. Ён як быццам знаходзіцца цяпер сярод нас дзякуючы прысутнасці свайго Дзяржаўнага Сакратара Яго Эмінэнцыі кардынала П’етро Параліна, які з афіцыйным візітам наведвае Рэспубліку Беларусь. Ваша Эмінэнцыя, словы, з якімі Вы звернецеся, гучаць для нас як словы самога Папы.

Гадзіну таму Вы асвяцілі вуглавы камень новага будынка Апостальскай Нунцыятуры — той самай Нунцыятуры, якая імкнецца данесці таксама ў гэтую краіну агульнапрызнаны маральны аўтарытэт Папства і Папы Францішка ў прыватнасці. Папа просіць нас быць увасабленнем нязмоўкнага закліку да міру ва ўсім свеце. Мэта нашых намаганняў таксама ў тым, каб спрыяць поўнаму прызнанню ўнёску Рэспублікі Беларусь з яе гісторыяй і культурай. Гэта ўнёсак, на які яна мае поўнае права.

Для дасягнення гэтай мэты неабходна весці дыялог з іншымі народамі і культурамі, каб кожны чалавек мог узбагаціцца і атрымаць імпульс, што скіруе ягоныя крокі да міру, да адстойвання штораз большай справядлівасці і свабоды, а таксама да безумоўнай пашаны да годнасці ўсіх партнёраў у гэтым працэсе.

У гэтым дыялогу дзеля міру павінны ўдзельнічаць усе веравызнанні, таму што там, дзе ствараюцца падзелы, наносіцца абраза годнасці Бога, якога ўшаноўваюць усе рэлігіі. Такія намаганні асаблівым чынам неабходныя паслядоўнікам Езуса Хрыста. Падзеі ў блізкай і дарагой нам Украіне зрабілі гэтую агульную мэту пільнай патрэбай.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі свядома і ў поўнай меры спрыяе гэтаму дыялогу дзеля міру. Касцёл прысутнічае ў гэтым рэгіёне на працягу многіх стагоддзяў з поўным правам лічыцца неад’емнай часткай мясцовага грамадства. Ён спрычыніўся і хоча надалей спрыяць шчасцю кожнага беларуса паасобку і ўсяго беларускага народа ў цэлым.

Гэты ўнёсак з’яўляецца часткай нацыянальнай спадчыны Беларусі з усімі асаблівасцямі яе гістарычнага шляху, да якой належаць і невымоўныя пакуты, падзеленыя католікамі з праваслаўнымі братамі і сёстрамі, а таксама з вернікамі іншых веравызнанняў, перанесеныя з пакорай і маўчаннем, уласцівымі беларускай натуры.

Ваша Эмінэнцыя, сардэчна вітаю Вас на гэтай зямлі сведкаў Хрыстовых пакутаў. Дзякуй Вам за тое, што Вы згадзіліся быць пілігрымам любові на гэтай зямлі, прасякнутай крывёю на працягу стагоддзяў, але якая прагне паўнаты супакою, што бярэ свой пачатак ва ўшанаванні годнасці кожнага чалавека і ў мірнай будучыні.

Шчыра жадаем поспехаў у выкананні Вашай місіі і просім перадаць Яго Святасці Папу Францішку нашу падзяку і запэўненне ў гатоўнасці супрацоўніцтва, а таксама абяцанне маліцца за яго і за добры плён ягонага служэння.


Адноўлена 15.03.2015 11:39
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Выступленні

01.07 13:08Акт прысвячэння Беззаганнаму Сэрцу Марыі з нагоды 100-годдзя Яе аб’яўленняў у Фаціме
15.05 15:02Даклад арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на сімпозіуме да 100-годдзя фацімскіх аб’яўленняў
05.05 15:04Паведамленне біскупа Пінскага Антонія Дзям’янкі з нагоды ўрачыстасці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі
02.05 12:53Даклад Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча на тэму «Узаемадзеянне Касцёла і дзяржавы ў наш час»
13.04 13:51Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас пастырскай сустрэчы ў Вялікі чацвер
30.01 12:53Прамова Апостальскага Нунцыя ў Беларусі арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас урачыстасці св. Яна Боско ў Мінску
21.01 19:01Прамова Мітрапаліта Кандрусевіча падчас набажэнства ў межах Тыдня малітваў за адзінства хрысціянаў
23.12 16:38Пастырскае пасланне арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча на Божае Нараджэнне 2016
23.12 11:36Адкрыты ліст Мітрапаліта Кандрусевіча міністру аховы здароўя РБ Васілю Жарко
18.12 16:24Прамова Апостальскага Нунцыя арцыбіскупа Габара Пінтэра падчас адвэнтавага чування моладзі ў Мінску