Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Моладзь Гродзенскай дыяцэзіі пра малітоўную сустрэчу з кардыналам П’етро Паралінам
Беларусь - Гродзенская дыяцэзія
17.03.2015 16:15

Каталіцкая моладзь Гродзенскай дыяцэзіі ў ноч з 14 на 15 сакавіка ўдзельнічала ў міждыяцэзіяльным велікапосным чуванні ў мінскім касцёле свв. Сымона і Алены, якое наведаў Дзяржаўны Сакратар Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. На чуванне прыбылі таксама навучэнцы Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Гродне, а ў цэлым каля 360 маладых вернікаў з Гродзенскай дыяцэзіі.

Моладзь дыяцэзіі падзялілася сваімі ўражаннямі пасля чування.

Вольга Садоўская: «Удзел у гэтым чуванні яшчэ раз даў мне магчымасць упэўніцца ў тым, якая ў нас цудоўная моладзь, як добра мы можам праводзіць час разам з Богам. Я вельмі ўдзячна Богу за тое, што дазволіў мне, нягледзячы на маю занятасць, пражыць такія цудоўныя хвіліны жыцця і акунуцца ў атмасферу сапраўднай хрысціянскай любові. Дзякуючы прысутнасці кардынала П’етро Параліна я адчула блізкасць Святога Айца Францішка, яго клопат і любоў да нас. Я спадзяюся, што нашыя просьбы будуць пачутыя Богам, і Ён дапаможа Папу Францішку наведаць нашу краіну, паглядзець на нашых людей, на нашу моладзь, дзяцей. А яшчэ, прыехаўшы да нас, Святы Айцец зможа ўбачыць і адчуць, якая ў нас моцная вера, як мы любім свайго Стварыцеля і як хочам будаваць жыццё паводле хрысціянскіх законаў».

Эрнэст Мікалайчык: «Гэта было неверагодна! І не толькі таму, што гэта была сустрэча з вельмі важнай асобай у касцёльнай іерархіі, кардыналам П'етро Паралінам, але і таму, што гэта была сустрэча моладзі з усіх куткоў Беларусі. Мне здаецца, такія супольныя сустрэчы павінны арганізоўвацца больш часта. Я, напрыклад, упершыню ўдзельнічаў у такой сустрэчы, тым больш што яе галоўнай мэтай была супольная малітва. Уразіў сапраўды малітоўны настрой і атмасфера адзінства. Было шмат таго, што пакінула пазітыўныя ўражанні: гэта і асабістыя сведчанні моладзі, як яна перажывае сваю веру, і прэзентацыі дыяцэзій. Але галоўным перажываннем, безумоўна, была супольная Эўхарыстыя: малітва, прыгожы спеў і, канешне, гамілія. Гэта было глыбока, гэта ўразіла, гэта было тым, што ўмацавала і заахвоціла. Падсумаваць хацелася б словамі кардынала П’етро Параліна: “Я бачу тут жывы Касцёл!”»

Юлія Алешчык: «14 сакавіка мы мелі цудоўную магчымасць разам з кардыналам П’етро Паралінам прысутнічаць на малітоўнай сустрэчы ў касцёле свв. Сымона і Алены. Прадстаўнік Святога Айца пакінуў у мяне вельмі моцнае ўражанне: гэта выдатны чалавек з добрымі вачыма, гледзячы ў якія, адразу адчуваеш любоў, якою ён дзеліцца з усімі навокал».

Андрэй Станеўскі: «Я вельмі цешуся, што паехаў на начное моладзевае чуванне ў Мінск. Я пад вялікім уражаннем ад супольнай малітвы і прысутнасці столькіх маладых людзей, якія з верай у сэрцы ва ўвесь голас крычалі: “Беларусь чакае Папу”...склалася ўражанне, што ад іх крыку залежыць прыезд Папы Францішка ў Беларусь. Будзем спадзявацца, што папскі прадстаўнік перадасць жаданне беларусаў Святому Айцу і мы неўзабаве ўбачым яго на нашай зямлі».

Раман Вайцяховіч: «На чуванні панаваў вельмі малітоўны настрой, атмасфера адчувалася як у Рыме: цэлебрацыя святой Імшы Дзяржаўным Сакратаром Папы, яго спеў падчас Эўхарыстыі. Таксама было прыемна ўбачыць сваіх сяброў і знаёмых. Вельмі ўразілі словы верша Рыгора Барадуліна, якія, на маю думку, павінен прамаўляць штодня кожны хрысціянін.

Дзякую, Усявышні, Табе
За кожную лішнюю хвілю,
За кожную зморшчыну на ілбе,
За сілу й за бяссілле,
За дзірван і за раллю,
За пустку й за пушчу,
За тую зямлю,
Дзе люблю й не люблю,
I дзе я вочы заплюшчу.
Дзякую за цемру й святло,
За маміны вочы,
За ўсё, што было
I што не было,
Дзякую, Ойча…»


Андрэй Дзюрдзь: «Святая Імша ў мінскім касцёле з удзелам кардынала П’етро Параліна выклікала ў мяне шмат пачуццяў. Перш за ўсё — гэта пачуццё адметнасці візіту такой значнай асобы, як Дзяржаўны Сакратар Папы. Па-другое, гэта пачуццё малітоўнага адзінства, якое панавала падчас святой Імшы. Я адчуваў, як прысутныя шчыра маліліся, каб візіт кардынала прынёс вялікія плёны на карысць Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту мяне вельмі ўразіў той дух супакою і пакоры, які панаваў у касцёле. Мне здаецца, гэтаму спрыялі нават самі сцены храма Сымона і Алены, які зачароўваў сваёй прыгажосцю».

Вераніка Загорская: «На чуванні адчувалася прысутнасць Бога, хацелася ўвесь час гаварыць з Ім... я нават сон перамагла. Вельмі ўразілі словы падчас канферэнцыі аб тым, што Люцыфер водзіць нас па грахоўным коле... ад гэтых слоў я проста ўстала і пайшла спавядацца, каб выйсці з палону грахоў і пачаць жыццё нанова».

Паводле grodnensis.by

(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.