Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія Дзяржаўнага Сакратара Папы Францішка кардынала П’етро Параліна на святой Імшы ў IV Нядзелю Вялікага посту

15 сакавіка 2015 г., Мінск, архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі

Вашы Эксцэленцыі, шаноўныя святары, законнікі, дарагія вернікі, якія сабраліся тут, каб святкаваць штотыднёвы Вялікдзень — сустрэчу з Хрыстом, які памёр і ўваскрос, каб даць нам новы дар сваёй любові, і асабліва вы, дарагія дзеці, якія прыйшлі сюды, каб прывітаць супрацоўніка Папы Францішка, нашага з вамі таты, ад імя якога я ўсіх вас шчыра вітаю. Асаблівую падзяку я хачу выказаць арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму за скіраваныя мне словы.

Вы ведаеце, што Папа вельмі хацеў бы быць сярод вас, але ж акалічнасці пакуль што не дазваляюць, каб гэтае ягонае і вашае агульнае жаданне здзейснілася. І таму ён паслаў мяне, каб выказаць вам павагу і добразычлівасць, якую ён мае да вашага народа, а асабліва да вас, дарагія браты і сёстры католікі.

Папа добра ведае, што вас вельмі шмат у гэтай краіне, і што ў вашай гісторыі былі сапраўды цяжкія перыяды. Яшчэ зусім нядаўна высылалі святароў, разбуралі святыні, разганялі хрысціянскія супольнасці, а пры гэтым з дапамогаю добра арганізаванай і вельмі навязлівай прапаганды імкнуліся сцерці вобраз Бога з сэрцаў вернікаў. Яны не ведалі, што гэты вобраз немагчыма сцерці, бо ён адціснуты вельмі глыбока рукой самога Бога.

Але нядоля, якую вы перажылі, была велізарнаю. Мяне ўразіў вобраз аднаго з вашых паэтаў, які малюе спусташэнне, пакінутае ваяўнічым атэізмам:

Ані царквы ў крыжох,
Ані хаціны боскай...
Так і жывуць удвох:
Богам забытая вёска,
Вёскай забыты Бог.
(У. Някляеў)


І не ўпершыню здавалася, што Бог забыўся пра ваш народ: войны, пажары, разбурэнні, забойствы, высылкі... Вось ён, крыжовы шлях беларускага народа.

Папа нізка схіляецца перад гэтай гісторыяй пакутаў. Вы, як Божая Маці, стаіце пад крыжам Хрыста, непахісныя ў вашым болю на працягу ўсёй гісторыі і ў памяці пра гвалтоўна забраных ад вас блізкіх.

Але Бог не забыўся пра свой народ. Усе ахвяры былі як быццам сабраныя разам у адным целе ўкрыжаванага Хрыста. Уваскрасенне не магло затрымацца, таму што бацькоўскае сэрца Бога не можа заставацца глухім да крыку ахвяраў, што з’яўляюцца часткамі адзінай найбольшай Ахвяры — Ягонага Сына Езуса Хрыста, які стаў чалавекам дзеля нас і дзеля нашага збаўлення, вернага ажно да смерці, вернага волі Айца, каб усё было збаўлена, таму што ўсё было створана дзякуючы Яго бясконцай любові.

Таксама народ у выгнанні, пра які распавядае першае чытанне, перанёс боль расстання, адасобленасці і пераследу. Але Бог не пакінуў свой народ і паспяшаўся знайсці яго і вярнуць на сваю зямлю.

«Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў жыццё вечнае» (Ян 3, 16). Гэта — вялікая навіна сённяшняга Евангелля. Апостал Павел у другім чытанні толькі паўтарае гэтую навіну, што з’яўляецца сэрцам нашай веры: «Бог, будучы багаты на міласэрнасць, у сваёй вялікай любові палюбіў нас, і нас, мёртвых з-за грахоў, ажывіў разам з Хрыстом. Вы збаўлены ласкаю» (Эф 2, 4–5).

Сапраўды, чалавек, калі адыходзіць ад Бога, апускаецца да самых глыбіняў жорсткасці. Можна сказаць, што ён хавае ад сваіх уласных вачэй Божы Дух, які Бог удыхнуў у яго, і становіцца падобным да звяроў, якімі кіруюць прымітыўныя інстынкты. Ці ж не гэта мы бачым зусім недалёка адсюль, на дарагой нам украінскай зямлі, дзе выбухнула жорсткае насілле, навочнымі сведкамі якога мы час ад часу з’яўляемся дзякуючы сродкам масавай інфармацыі: зруйнаваныя гарады, забітыя дзеці і старыя, людзі, вымушаныя жыць у зямлянках, калі навокал знішчаюць, свет, у якім яны жылі, дарагія ім рэчы і нават блізкіх ім людзей? «Кожны, хто чыніць зло, — кажа Евангелле, — ненавідзіць святло і не ідзе да святла, каб не выявіліся яго ліхія ўчынкі» (Ян 3, 20). І колькі ж вакол нас гэтай цемры!

Вашыя бацькі, вашыя маці верылі ў любоў Бога. Яны супраціўляліся нянавісці не толькі дзеля таго, каб захаваць свае традыцыі. Яны ведалі, што знявага Бога — гэта знішчэнне чалавечнасці і пачуццяў, што нараджаюцца ў чалавечай душы. Яны не хацелі, каб іх аддзялілі ад Бога.

У гэтыя дні я сустракаўся з людзьмі і чуў апавяданні, якія ўмацавалі маю веру: многія, асабліва бабулі, вучылі дзяцей маліцца, хавалі ў шафе Найсвяцейшы Сакрамэнт, каб прысутнасць Хрыста няспынна іх умацоўвала і абараняла; яны не згадзіліся з уціскам і насіллем і паўсталі супраць іх. Сярод іх былі бедныя сяляне, людзі простыя і пакорныя, але яны разумелі, што чалавечая годнасць — гэта адвага быць свабодным, абараняць сваю веру, таму што дазволіць адабраць яе было для іх нашмат горш за смерць.

Сёння мы сабраліся тут, каб іх узгадаць і падзякаваць ім, але таксама каб запытацца ў сябе: а што рабіць нам, каб быць годнымі тых людзей? Ці мы можам жыць спакойна, без барацьбы? Не, дарагія браты і сёстры. Без барацьбы няма веры. І барацьба не змяніла сваёй мэты: верыць у любоў Бога, які палюбіў нас ажно да апошняй кроплі крыві свайго ўкрыжаванага Сына.

Цяпер барацьба вядзецца супраць маленькіх ідалаў, якія намагаюцца заняць месца Бога: ілюзія лёгкага ўзбагачэння, страта пачуцця дабра і зла, абыякавасць, наведванне касцёла толькі дзеля традыцыі, адчуванне сябе католікамі нібы выраз нацыянальнай прыналежнасці, а таксама адсутнасць сэнсу жыцця, яго мэты і кірунку. Жыццё ў эгаізме; так, як быццам Бога няма. Шанаванне Бога толькі вуснамі, а не сэрцам.

Браты і сёстры, Папа паслаў мяне сказаць вам, што дзякуючы вашым пакутам дзеля веры вы з’яўляецеся найпрыгажэйшай кветкай у садзе Касцёла і што вы патрэбныя нам. Мы не можам застацца без вас і ніколі вас не пакінем.

Адказвайце на Божую любоў, працягвайце маліцца са шчырымі сэрцамі так, як гэта ўмее рабіць толькі славянская душа, таму што такім чынам вы збавіце таксама тых, хто не верыць, і нават тых, хто запляміў сябе самымі жудаснымі злачынствамі. Ганарыцеся тым, што вы хрысціяне, разам з вашымі братамі іншых канфесій. Ганарыцеся таксама тым, што вы пакліканыя ў Каталіцкі Касцёл, у гэтую вялікую сям’ю, у якой вас любяць і паважаюць, якая за вас моліцца і заўсёды вас чакае. Ваш голас, голас вашай малітвы і вашага сведчання няхай моцна гучыць і абудзіць астылае і скамянелае сэрца тых, хто пакінуў дом Айца, каб пагнацца за прывідамі багацця, задавальненняў пазбаўленых кахання, эгаізму, які забівае салідарнасць, абыякавасці, якая не дае падзяліць радасць і боль іншых людзей. І не пакідайце вашага Касцёла, нават калі ён грэшны і часам вас расчароўвае: у Касцёле б’ецца сэрца Хрыста! Не пакідайце яго ад няма чаго рабіць, каб не губляць часу, каб быць менш звязанымі і як быццам больш свабоднымі, каб атрымліваць асалоду ад жыцця. Бог чакае вас тут. Ніхто не зойме месца таго, хто адышоў, пакінутае пустым.

Вашыя касцёлы яшчэ напоўненыя маладымі людзьмі. Дайце ім прыклад, каб і яны былі шчаслівымі ад таго, што Бог іх любіць, і бралі актыўны ўдзел у жыцці супольнасці вернікаў. Касцёл ствараецца не толькі з біскупаў, святароў, законнікаў і законніц. Касцёл — гэта ўвесь Божы народ, і кожны ў ім мае сваё адмысловае заданне. Знайдзіце гэтае заданне з дапамогаю Бога і вашых пастыраў, і выканайце яго як найлепш, у справах міласэрнасці, у катэхізацыі, у малітве, у апецы над дзецьмі, хворымі, пакутуючымі, у мужным сведчанні вашай веры на працы, на месцы вучобы і нават у вольны час, захоўваючы да ўсяго цвярозы падыход, захапляючыся прыгажосцю, а не нявечачы сябе алкаголем і нічым іншым, што вядзе да страты вашай хрысціянскай тоеснасці. Вы — жывая святыня Бога. Ніколі яе не зневажайце! Заўсёды майце давер, памятаючы, што кожны раз, калі вы падаеце на дарозе жыцця, Бог вас чакае, каб абняць і вярнуць на ваш шлях, ідучы з вамі поплеч. Бог — нашая сіла таксама тады, калі мы слабыя, калі не выконваем сваіх абавязкаў і пастановаў. Бог мацнейшы за нашыя грахі і збавіў нас сваёю ласкаю, а не дзякуючы нашым заслугам. Менавіта ў гэтым наша радасць!

Хачу скіраваць некалькі словаў і да вас, дзеткі, якіх так шмат сёння ў касцёле на малітве. Пра вас адна ваша паэтка напісала ў форме малітвы такія прыгожыя словы:

Божа!
Зрабі нас шчаслівымі,
як малых дзяцей,
Каб не ведалі жаху,
            пакутаў
                  і злосці.
Божа!
Зрабі нас бязгрэшнымі,
                як Ты сам.
                (Валерыя Кустава)


Папа прытуляе да сябе кожнага з вас. Вы адчуваеце любоў таты і мамы, а таму ведайце, што Бог любіць вас нават мацней, чым яны. Нават калі часам тата і мама спрачаюцца, калі здаецца, што яны вас не любяць, яны насамрэч працягваюць любіць вас. Таксама і Касцёл, які з’яўляецца Божай сям’ёй, напоўніць вас любоўю, якая так вам патрэбная, і не пакіне вас адных у цемры.

А цяпер Папа Францішак звяртаецца да бацькоў: памятайце, што дзеці глядзяць на вас. Памятайце, што ваша любоў іх ажыўляе і напаўняе спакоем, а ваш дрэнны прыклад іх засмучае і можа зламаць ім жыццё. Дзеці — гэта самае каштоўнае і далікатнае з таго, што мы маем. Я абяцаю, што кожны дзень буду маліцца за гэтых дзяцей і за ўсіх дзяцей Беларусі, каб яны маглі шчасліва гуляць і будаваць сваю будучыню з надзеяй, каб любілі жыццё і мелі мужнасць жыць да самага канца без страху, без унутранай пусткі, без ляноты і каб не мусілі прадаваць сваю годнасць, такую каштоўную ў Божых вачах. Няхай Бог будзе іх моцай, а яны самі няхай ажыўляюць Касцёл і ствараюць народ, які складаецца са свабодных, сумленных, адданых справе і поўных энтузіязму людзей.

Амэн.

Адноўлена 27.03.2015 18:00
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Гаміліі

05.07 09:13Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Тракелях
01.07 11:55Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы ў Будславе
26.06 11:53Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы на распачацце пілігрымкі з Мінска ў Будслаў
21.06 11:59Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на Імшы для ўдзельнікаў Парафіяды Гродзенскай дыяцэзіі
15.06 12:02Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча да 25-годдзя адраджэння парафіі ў Слуцку
04.06 15:47Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога
27.05 09:06Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча на св. Імшы перад працэсіяй Божага Цела ў Мінску
21.05 19:31Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з нагоды сярэбранага юбілею манаскіх абяцанняў біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB
21.05 12:00Гамілія Мітрапаліта Кандрусевіча падчас св. Імшы з удзелам дзяцей да Першай Камуніі ў мінскай архікатэдры
20.05 14:19Гамілія біскупа Антонія Дзям’янкі падчас св. Імшы з нагоды 360-й гадавіны пакутніцкай смерці св. Андрэя Баболі