Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Вялікая пятніца Мукі Пана
ПЕРШАЕ ЧЫТАННЕ
Іс 52, 13–53, 12

Ён зранены быў за беззаконні

Чытанне кнігі прарока Ісаі.

Вось пашчасціць слузе Майму, ён узвысіцца, узнясецца і будзе ўзвялічаны. Як многія здзіўляліся: настолькі знявечаны быў, як ні ў кога, выгляд ягоны, а постаць яго не нагадвала чалавечай. Так здзівіць ён многія народы, каралі перад ім закрыюць вусны свае, бо ўбачаць яны тое, пра што ім не было сказана, і спазнаюць тое, чаго ніколі не чулі. Хто ж паверыць таму, што мы чулі, і каму адкрылася плячо Пана?

Ён вырас, як парастак, перад намі, і як корань з сухой зямлі. Не меў ён ні хараства, ні прыгажосці, каб мы паглядзелі на яго; і не меў выгляду, каб прывабіць нас. Зняважаны, адрынуты людзьмі, муж цярпення, які спазнаў слабасці, ад якога адварочваюць твар, пагарджаны, таму мы лічылі яго за нішто.

Але ён узяў на сябе цярпенні нашыя  і панёс нашы хваробы, а мы думалі, што ён пакараны, пабіты і прыніжаны Богам. Ён зранены быў за беззаконні нашыя, раздаўлены за нашыя правіны. Пакаранне міру нашага на ім, і ў ранах яго мы атрымалі здароўе.

Усе мы блукалі, як авечкі, кожны сышоў на сваю дарогу, а Пан усклаў на яго ўсе нашыя правіны. Цяжка прыгнечаны, ён скарыўся і не адкрыў вуснаў сваіх. Маўчаў, як ягнё, якое вядуць на зарэз, як авечка перад тымі, хто стрыжэ яе. Не адкрыў вуснаў сваіх.

Пасля ўціску і суда яго схапілі. І хто раскажа пра ягоны род? Бо ён вырваны з зямлі жывых, за беззаконні народу майго быў замучаны да смерці. І магілу яму вызначылі разам з бязбожнымі, і пахаванне з багатым, бо не чыніў насілля і не было падману ў вуснах ягоных.

Пан пажадаў раздавіць яго цярпеннем. Калі ж прынясе жыццё сваё ў ахвяру за грахі, убачыць вечнае патомства, і волю Пана здзейсніць ягоная рука. За цярпенні сваёй душы ён убачыць святло і ім насыціцца. Мой справядлівы слуга апраўдае многіх і сам панясе іхнія правіны.

Таму дам яму ўдзел сярод вялікіх, і з моцнымі ён будзе дзяліць здабычу за тое, што аддаў сябе на смерць, і быў залічаны да злачынцаў. Ён сам панёс грахі многіх і стаў заступнікам злачынцаў.

Гэта слова Божае.

аРЭСПАНСАРЫЙНЫ ПСАЛЬМ

Пс 31 (30), 2 і 6. 12–13. 15–16. 17 і 25  (Р.: Лк 23, 46)

Рэфрэн: Ойча, у Твае рукі аддаю я дух мой.

2. У Цябе, Пане, я шукаю прыстанішча, †
няхай не буду асаромлены навекі, *
у справядлівасці Тваёй збаў мяне.
6. У рукі Твае аддаю дух мой; *
Ты мяне адкупіў, Пане, Божа верны.

Рэфрэн:

12. Для ўсіх ворагаў маіх я стаў пасмешышчам, †
нават для суседзяў маіх, жахам для знаёмых маіх. *
Хто бачыць мяне на вуліцы, уцякае ад мяне.
13. Забыты я ў сэрцах, як памерлы, *
я падобны да разбітага начыння.

Рэфрэн:

15. Спадзяюся на Цябе, Пане, *
я кажу:  Ты мой Бог.
16. У Тваіх руках дні мае, *
вызвалі мяне з рук ворагаў маіх і ганіцеляў.

Рэфрэн:

17. Няхай свеціць аблічча Тваё над слугою Тваім, *
збаў мяне ў сваёй ласкавасці.
25. Будзьце мужнымі, няхай будзе моцным сэрца вашае, *
усе, хто спадзяецца на Пана!

Рэфрэн:
аДРУГОЕ ЧЫТАННЕ

Гбр 4, 14–16; 5, 7–9

Навучыўся паслухмянасці... і стаўся для ўсіх прычынаю вечнага збаўлення

Чытанне Паслання да Габрэяў.

Браты:

Маючы першасвятара вялікага, які прайшоў нябёсы, Езуса, Сына Божага, будзем цвёрда трымацца вызнання нашага. Бо мы маем не такога першасвятара, які не мог бы спачуваць слабасцям нашым, але такога, які, паводле падабенства, зведаў усе выпрабаванні акрамя грэху. Таму наблізімся з даверам да трону ласкі, каб атрымаць міласэрнасць і знайсці ласку для своечасовай дапамогі.

Хрыстус у дні цела свайго з моцным голасам і са слязьмі ўзнёс малітвы і просьбы да таго, хто мог уратаваць Яго ад смерці, і быў выслуханы за сваю пакорлівасць.

Хоць быў Сынам, навучыўся паслухмянасці дзякуючы таму, што выцерпеў. І будучы дасканалым, стаўся для ўсіх, хто Яму паслухмяны, прычынаю вечнага збаўлення.

Гэта слова Божае.
а СПЕЎ ПЕРАД ЕВАНГЕЛЛЕМ


Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
Флп 2, 8–9
Хрыстус прынізіў сябе,
будучы паслухмяным ажно да смерці, смерці крыжовай.
Таму Бог узвысіў Яго і даў Яму імя па-над усялякае імя.

Акламацыя: Хвала Табе, Валадар вякоў.
аЕВАНГЕЛЛЕ
Ян 18, 1 — 19, 42

Мука Пана нашага Езуса Хрыста.

Здрада і арышт Езуса

Ев. У той час выйшаў Езус з вучнямі сваімі за зімні ручэй Кедрон. Там быў сад, у які ўвайшоў Ён і вучні Ягоныя. Гэтае месца ведаў і Юда, здраднік Ягоны, бо Езус там часта збіраўся з вучнямі сваімі. Таму Юда ўзяў кагорту і прыслужнікаў ад першасвятароў, і фарысеяў і прыйшоў туды з паходнямі, ліхтарамі і зброяй. Езус жа, ведаючы ўсё, што павінна з Ім стацца, выйшаў і сказаў ім: Е. Каго шукаеце? Ев. Яму сказалі: Л. Езуса з Назарэту. Ев. Кажа ім: Е. Гэта Я. Ев. Стаяў з імі і Юда, які выдаў Яго. І калі сказаў ім: Гэта Я, — яны адступілі і ўпалі на зямлю. Тады Ён зноў спытаўся ў іх: Е. Каго шукаеце? Ев. Яны сказалі: Л. Езуса з Назарэту. Ев. Езус адказаў: Е. Я сказаў вам, што гэта Я. Калі ж Мяне шукаеце, то дазвольце ім адысці. Ев. Сталася так, каб збылося слова, якое сказаў: З тых, каго Ты Мне даў, Я не згубіў нікога. Тады Сымон Пётр, які меў пры сабе меч, дастаў яго і ўдарыў слугу першасвятара, і адсек яму правае вуха. Імя ж слугі было Мальхас. Але Езус сказаў Пятру: Е. Схавай меч у ножны. Няўжо Мне не піць келіха, які даў Мне Айцец?

Езус перад першасвятаром

Ев. Тады кагорта, тысячнік і юдэйскія прыслужнікі схапілі Езуса, звязалі Яго і завялі спачатку да Анны, бо ён быў цесцем Каяфы, які быў у гэтым годзе першасвятаром. Каяфа быў тым, хто параіў юдэям, што лепш аднаму чалавеку загінуць за народ.

Адрачэнне Пятра

За Езусам ішоў Сымон Пётр і іншы вучань. Вучань гэты быў знаёмым першасвятара, і ўвайшоў разам з Езусам на дзядзінец першасвятара. Пётр жа стаяў звонку перад брамаю. І вось той вучань, знаёмы першасвятара, выйшаў, сказаў брамніцы і ўвёў Пятра. Служанка-брамніца кажа Пятру: I. Ці і ты з вучняў гэтага чалавека? Ев. Ён сказаў: I. Не. Ев. Нявольнікі і прыслужнікі распалілі агонь, бо было холадна, і грэліся. Пётр таксама стаяў з імі і грэўся.

Допыт Езуса першасвятаром
 
Першасвятар спытаў у Езуса пра вучняў Ягоных і пра вучэнне Ягонае. Езус адказаў яму: Е. Я адкрыта казаў свету. Заўсёды вучыў у сінагозе і ў святыні, дзе збіраюцца ўсе юдэі, і патаемна не казаў нічога. Чаму ты пытаешся ў Мяне? Спытай тых, хто чуў, што Я казаў ім. Яны ведаюць, што Я гаварыў. Ев. Калі Ён сказаў гэта, адзін са слугаў, які стаяў паблізу, ударыў Езуса па твары, кажучы: I. Так адказваеш першасвятару? Ев. Езус адказаў яму: Е. Калі Я дрэнна сказаў, дакажы, што дрэнна, а калі добра, чаму б’еш Мяне? Ев. Тады Анна паслаў Яго звязанага да першасвятара Каяфы.

Пётр адракаецца зноў

А Сымон Пётр стаяў і грэўся. І сказалі яму: Л. Ці і ты з вучняў Ягоных? Ев. Ён адрокся і сказаў: I. Не. Ев. Пэўны слуга першасвятара, сваяк таго, каму Пётр адсек вуха, сказаў: I. Ці не цябе я бачыў з Ім у садзе? Ев. Пётр зноў адрокся. І адразу заспяваў певень.

Перад Пілатам

Ад Каяфы павялі Езуса ў прэторыю. Была раніца, і яны не ўвайшлі ў прэторыю, каб не апаганіцца і магчы з’есці Пасху. Таму Пілат выйшаў да іх і сказаў: I. У чым абвінавачваеце гэтага чалавека? Ев. Яны сказалі яму ў адказ: Л. Калі б Ён не быў злачынцам, мы не выдалі б Яго табе. Ев. Пілат жа сказаў ім: I. Вазьміце Яго вы і судзіце паводле свайго закона. Ев. Юдэі сказалі яму: Л. Нам нікога не дазваляецца забіваць. Ев. Так павінна было збыцца слова Езуса, у якім прадказаў, якой смерцю памрэ.

Тады Пілат зноў увайшоў у прэторыю і паклікаў Езуса, і сказаў Яму: I. Ці Ты Кароль Юдэйскі? Ев. Езус адказаў: Е. Ты кажаш гэта ад сябе, ці іншыя сказалі табе пра Мяне? Ев. Пілат адказаў: I. Хіба я юдэй? Народ Твой і першасвятары Цябе выдалі мне. Што ты зрабіў? Езус адказаў: Е. Валадарства Маё не з гэтага свету. Калі б Валадарства Маё было з гэтага свету, слугі Мае змагаліся б, каб мяне не выдалі юдэям. Цяпер жа Валадарства Маё не адгэтуль. Ев. Пілат сказаў Яму: I. Дык Ты кароль? Ев. Езус адказаў: Е. Ты кажаш, што Я кароль. Я на тое нарадзіўся і на тое прыйшоў у свет, каб сведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае Мой голас. Ев. Пілат сказаў Яму: I. Што такое праўда?

Асуджэнне на смерць Езуса

Ев. І, сказаўшы гэта, зноў выйшаў да юдэяў, і гаворыць ім: I. Я не знаходжу ў Ім ніякай віны. Ёсць у вас звычай, каб я на Пасху адпускаў вам аднаго вязня. Калі хочаце, то я адпушчу вам Караля Юдэйскага? Ев. Тады яны зноў закрычалі: Л. Не Яго, але Бараббу! Ев. А Барабба быў злачынцам.

Тады Пілат узяў Езуса і бічаваў Яго. А жаўнеры, сплёўшы вянок з церня, усклалі Яму на галаву і апранулі Яго ў пурпуровы плашч. І падыходзілі да Яго, і казалі: Л. Вітай, Кароль Юдэйскі! Ев. І білі Яго па твары. А Пілат зноў выйшаў і кажа ім: I. Вось я выводжу Яго да вас, каб вы ведалі, што я не знаходжу ў ім ніякай віны. Ев. І выйшаў Езус у цярновым вянку і пурпуровым плашчы. І кажа ім Пілат: I. Вось чалавек. Ев. Калі ўбачылі Яго першасвятары і прыслужнікі, закрычалі: Л. Укрыжуй, укрыжуй! Ев. Кажа ім Пілат: I. Вазьміце Яго вы і ўкрыжуйце, бо я не знаходжу ў Ім віны. Ев. Юдэі адказалі яму: Л. Мы маем Закон, і паводле Закона Ён павінен памерці, бо ўчыніў сябе Божым Сынам.

Ев. Калі Пілат пачуў гэтыя словы, спалохаўся яшчэ больш. І зноў увайшоў у прэторыю і спытаў Езуса: I. Адкуль Ты? Ев. Але Езус не адказаў яму. Тады Пілат гаворыць Яму: I. Не размаўляеш са мною? Ці не ведаеш, што я маю ўладу адпусціць Цябе і маю ўладу ўкрыжаваць Цябе? Ев. Езус адказаў: Е. Ты не меў бы нада Мною ніякай ўлады, калі б не было дадзена табе з вышыні. Таму большы грэх на тым, хто Мяне выдаў табе. Ев. Адгэтуль Пілат намагаўся адпусціць Яго. Але юдэі крычалі: Л. Калі адпусціш Яго, ты непрыяцель цэзара. Кожны, хто чыніць сябе каралём, той супраць цэзара. Ев. Калі Пілат пачуў гэтыя словы, вывеў Езуса вонкі і сеў на судовым пасадзе, на месца, якое называлі Літастрот, па-гэбрэйску Габбата. Быў гэта дзень прыгатавання Пасхі, каля шостай гадзіны. І сказаў юдэям: І. Вось Кароль ваш! Ев. А яны закрычалі: Л. Вазьмі, вазьмі, укрыжуй Яго Ев. Пілат кажа ім: І. Я павінен укрыжаваць вашага Караля? Першасвятары адказалі: Л. Не маем караля, апроч цэзара. Ев. Тады выдаў ім Езуса на ўкрыжаванне.

Укрыжаванне

І ўзялі Езуса. І, несучы для сябе крыж, Ён выйшаў на месца, якое называлася Месцам чэрапа, па-гэбрайску — Галгота. Там укрыжавалі Яго. А з Ім двух іншых, з аднаго і з другога боку, а пасярэдзіне Езуса. Пілат жа зрабіў надпіс віны і змясціў на крыжы. Было ж напісана: Езус Назаранін, Кароль Юдэйскі. Гэты надпіс чыталі многія з юдэяў, бо месца, дзе ўкрыжавалі Езуса, было блізка ад горада. І напісана было па-гэбрэйску, па-лацінску і па-грэцкі. Першасвятары юдэяў казалі Пілату: Л. Не пішы: Кароль Юдэйскі, але што Ён Сказаў: Я Кароль Юдэйскі. Ев. Пілат адказаў: I. Што напісаў, тое напісаў.

Ев. Жаўнеры ж, якія ўкрыжавалі Езуса, узялі Ягоную вопратку і падзялілі на чатыры часткі, кожнаму жаўнеру па частцы; узялі і туніку. Туніка была без швоў, уся ад верху да нізу тканая. Таму сказалі адзін аднаму: Л. Не будзем разрываць яе, але кінем жэрабя, чыя будзе. Ев. Каб збылося сказанае ў Пісанні: Падзялілі між сабою маю вопратку і аб адзенні маім кінулі жэрабя. Жаўнеры так і зрабілі.

Стаялі ж каля крыжа Езуса Маці Ягоная і сястра Маці Ягонай, Марыя Клеопава, і Марыя Магдалена. Езус, убачыўшы Маці і вучня, які стаяў побач і якога Ён любіў, сказаў: Е. Жанчына, вось сын твой. Ев. Потым сказаў вучню: Е. Вось, Маці твая. Ев. І з гэтага часу вучань узяў Яе да сябе.

Смерць Езуса

Пасля гэтага Езус, ведаючы, што ўжо ўсё збылося, каб здзейснілася Пісанне, кажа: Е. Прагну. Ев. Стаяла пасудзіна, поўная воцату. Тады ўздзелі на трысціну губку, намочаную воцатам, і паднеслі да Ягоных вуснаў. Калі Езус пакаштаваў воцату, сказаў: Е. Збылося! Ев. І схіліўшы галаву, сканаў.

Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне

Езусу прабіваюць бок

Паколькі была пятніца, каб не заставаліся целы на крыжы ў суботу, бо гэта быў вялікі суботні дзень, юдэі папрасілі Пілата, каб укрыжаваным паламалі галені і знялі іхнія целы. І прыйшлі жаўнеры, і паламалі галені першаму і другому, якія былі ўкрыжаваныя разам з Ім. Калі падышлі да Езуса і ўбачылі, што Ён ужо мёртвы, не ламалі Яму галені, толькі адзін з жаўнераў прабіў дзідаю Ягоны бок, і  адразу выцекла кроў і вада. А той, хто ўбачыў, засведчыў, і сведчанне яго праўдзівае. І ён ведае, што кажа праўду, каб і вы паверылі. Бо сталася гэта, каб збылося Пісанне: Косць Ягоная не будзе зламаная. І ў іншым месцы Пісанне кажа: Будуць глядзець на таго, каго прабілі.

Езуса кладуць у магілу

Пасля гэтага Юзаф з Арыматэі, які быў вучнем Езуса, але ўкрываўся з-за страху перад юдэямі, папрасіў Пілата, каб дазволіў забраць цела Ягонае. І Пілат згадзіўся. Той пайшоў і забраў цела Езуса. Прыйшоў і Нікадэм, які раней прыходзіў да Езуса ўначы, і прынёс сумесь смірны і альясу, каля ста фунтаў. І ўзялі яны цела Езуса, і захінулі яго ў палатно з духмянасцямі, як звычайна хаваюць юдэі. На тым месцы, дзе Яго ўкрыжавалі, быў сад, а ў садзе — новая магіла, у якую яшчэ нікога не клалі. Там з прычыны Прыгатавання юдэйскага паклалі Езуса, бо магіла была блізка.

Гэта слова Пана.



Пераклад здзейснены Секцыяй па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Адноўлена 24.02.2010 17:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.