Мінск, парафія Маці Божай Ружанцовай, 3 красавіка 2016 г.
Міласэрны Божа, у сваёй вялікай любові да нас Ты стварыў свет, анёлаў і людзей. Праз уцелаўленне Твайго Сына Ты стаў адным з нас, каб праз Пасхальную таямніцу праявіць сваю найбольшую Міласэрнасць і нас збавіць. Ты застаўся з намі ў святых сакрамэнтах, асабліва ў сакрамэнце Эўхарыстыі і пакаяння, у Божым слове і ва ўсёй дзейнасці Касцёла.
Адзначаючы Юбілейны Год Божай Міласэрнасці і юбілей 25-годдзя заснавання св. Янам Паўлам ІІ Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, дзякуючы за атрыманыя ласкі і просячы прабачэння за нашы грахі, урачыста прысвячаем Тваёй Міласэрнасці наш Касцёл, нашы сем’і, нас саміх і наш народ.
Верачы ў тое, што Ты з прабачаючай любоўю спаткаеш нас, як міласэрны Айцец спаткаў марнатраўнага сына, абяцаем як мага часцей звяртацца да суду Тваёй Міласэрнасці – да святой споведзі; акунацца ў Тваю Міласэрнасць, усклікаючы: “Езу, давяраю Табе!”; часта прымаць святую Камунію, у якой утоена Твая Міласэрнасць; чытаць Божае слова, у якім схавана Твая спрадвечная мудрасць, і разважаць над ім; у штодзённым жыцці чыніць учынкі міласэрнасці адносна душы і цела для кожнага чалавека, якому патрэбна дапамога.
Спазнаўшы Божую Міласэрнасць, абяцаем быць яе носьбітамі ў сучасным свеце і рабіць усё магчымае, каб ніхто не быў выключаны з яе дзеяння і кожны мог да яе звярнуцца.
Абяцаем маліцца Вяночак да Божай Міласэрнасці ў інтэнцыі нас саміх, патрабуючых дапамогі і нашай Бацькаўшчыны. Няхай трэцяя гадзіна дня стане гадзінаю Міласэрнасці для нас і для тых, каго мы будзем ёй даручаць.
Міласэрны Езу! Благаславі нашу архідыяцэзію, біскупаў, прэзбітэраў, дыяканаў, кансэкраваных асобаў, усіх свецкіх вернікаў, патрабуючых і наш народ. Асвятлі нас і ўвесь свет прамянямі Тваёй Міласэрнасці. Марыя, Маці Міласэрнасці, заступайся за нас!
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі
|