Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
А вы кім лічыце Мяне? Гамілія на 23 чэрвеня
Нядзельнае казанне
21.06.2013 20:03

Дарагія браты і сёстры! Гэтае пытанне, якое мы з вамі пачулі сёння ў Евангеллі, Хрыстус паўтарае больш-менш дзве тысячы гадоў. Паўтарае яго няспынна, звяртаючыся як да кожнага чалавека індывідуальна, так і да ўсяго Касцёла: КІМ ВЫ ЛІЧЫЦЕ МЯНЕ?

І на пастаўленае пытанне нам трэба канкрэтна і адназначна даць адказ. Ды наогул, належыць даваць адказ пастаянна, бо Хрыстус заўсёды ставіць нам гэтае пытанне. Без канкрэтнага адказу, кім для мяне, для цябе з’яўляецца Езус Хрыстус, без адназначнага выбару Хрыста нашая вера з’яўляецца не чым іншым, як толькі зборам прыгожых традыцый і абрадаў. Інакш кажучы, пазбаўляецца ўсялякага сэнсу.

Звярніце ўвагу, дарагія браты і сёстры, што адказ св. Пятра з’яўляецца адначасова вызнаннем веры. Ён Езуса называе Божым Месіяй. Гэта не толькі моўная дэкларацыя Пятра — словы апостала выражаюць значна больш, за імі ідуць чыны. Аднак само вызнанне Пятра не пазбавіла яго ад грэшнага сумніву і нават ад адрачэння. Памятаем той момант, калі ён тройчы адрокся ад Хрыста. Самае важнае ў гэтым тое, што апостал Пётр, нягледзячы на свае людскія ўпадкі і слабасці, застаўся верным Хрысту да канца, аж да мучаніцкай смерці, якая адбылася прыкладна ў 64 годзе.

Калі чытаем Евангелле, можам заўважыць наступную рэч: Езус ніколі сябе не называе Месіяй, ды і ў большасці Яго асобу абмяжоўвалі толькі да функцыі прарока, а вобраз месіі, які панаваў у тагачасным грамадстве, ідэнтыфікаваўся з палітычным лідарам, якім Езус не з’яўляўся. Таму звычайныя людзі не бачылі Езуса як месію. Асноўнай, як лічылі, функцыяй месіі было вызваленне ізраэльскага грамадства з рымскага прыгнёту. Езус наватар у гэтай справе: Ён раскрывае праўдзівы вобраз Месіі.

Умілаваныя! Пытанне Езуса: «Кім вы лічыце Мяне?» стала запрашэннем да асабістага разважання, а ў выніку дало магчымасць дзяліцца досведам веры. Пётр ад імя ўсіх апосталаў вызнаў веру ў Хрыста, пасля чаго Езус адкрыў таямніцу сваёй мукі, смерці і ўваскрасення. Тое ж сёння Езус кажа і нам, якія вызнаюць веру ў Яго як Божага Месію. Ён за гэта не абяцае нам салодкага жыцця і залатых гор — Езус кажа нам выразна: калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною.

Прыгледзімся да асобы другога вялікага апостала — св. Паўла. Яму Хрыстус аб’яўляецца пад Дамаскам і звяртаецца словамі: Я Езус, якога ты пераследуеш. Гэта быў пераломны момант для св. Паўла. Па-іншаму Езус таксама ставіць яму гэтае пытанне: кім ты, Павел, Мяне лічыш? І адказам Апостала Народаў стала сапраўднае шчырае навяртанне і прыняцце Езуса як Божага Месіі ў сваім жыцці, аж да мучаніцкай смерці.

Дарагія! Калі мы будзем назіраць за жыццём іншых святых – убачым тое ж самае. За пытаннем, якое ставіць ім Езус, ідзе канкрэтны адказ і жыццёвы выбар. Менавіта апошняе і ўплывае на паставу нашай веры, на практыку і жыццё паводле веры. Іншымі словамі, нашая вера будзе настолькі моцнай, наколькі моцна мы вызнаем Езуса як нашага Пана і Месію.

Тое, што «Валадарства Божае сярод нас», Езус неаднаразова падкрэсліваў, але яно не абмяжоўваецца толькі зямной рэчаіснасцю. Такое разуменне было б памылкай. Езус часцей за ўсё называў сябе «Сынам Чалавечым». Вобраз гэты, несумненна, зачэрпнуты са Старога Запавету і ўзнікае ў бачанні прарока Даніэля, дзе Сын Чалавечы як Божы Месія прыходзіць напрыканцы часоў, каб судзіць зямлю. А паколькі Езус строга загадаў апосталам нікому не казаць пра гэта, то спачатку вера апосталаў у Езуса як Месію Божага была зарэзервавана толькі для іх. А ўжо з таго моманту, калі Езус прайшоў праз досвед пакутаў і крыжа, толькі пасля смерці і ўваскрасення, калі Дух Святы ўмацаваў ўсімі патрэбнымі дарамі і ласкамі вучняў Хрыста, яны пачалі прапаведваць керыгму веры: Езус – гэта Божы Месія.

Дарагія браты і сёстры! Кожны ахрышчаны, кожны з нас акунуўся ў таямніцу Укрыжаванага Хрыста Месіі. Калі мы хочам разам прабываць у Яго хвале, то павінны прыняць Ягонае запрашэнне да нясення штодзённага крыжа. Бо ўваход на шлях веры ў Хрыста як Божага Сына патрабуе ад нас канкрэтнага адказу. Або так, або не. У веры мы не можам быць «цёплымі»: або гарачымі, або халоднымі. Езус сёння кажа: хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той ўратуе яго.

А для мяне? Кім я сёння лічу Хрыста і як гэта праяўляецца ў маім жыцці? Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.