Гамілія на ХІІ Звычайную нядзелю, Год А (25 чэрвеня) |
Нядзельнае казанне |
22.06.2017 11:00 |
Чытанні >>>
Дарагія браты і сёстры! Сёння ў Евангеллі чуем выразны заклік Езуса, звернуты да апосталаў, без боязі прапаведаваць Евангелле, абвяшчаць Добрую Навіну, нягледзячы на складаныя абставіны ці пераслед. Разам з гэтым заклікам Езус дае некалькі практычных парадаў для рэалізацыі Добрай Навіны ў свеце. Вядома, што евангелізацыя — справа нялёгкая, і раней ці пазней на сваім місійным шляху апосталы сустрэнуцца з супрацівам, непаразуменнем і іншымі цяжкасцямі. Але менавіта такі кошт евангелізацыі і веры: мужна перамагаць цяжкасці і пераслед з боку свету. Езус не абяцае апосталам, што гэтая справа лёгкая і ўсе праблемы знікнуць самі па сабе. Не. Аднак, выконваючы гэтае заданне, апосталы не будуць адны. «Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах», — для Хрыстовага вучня гэта сур’ёзная матывацыя. Дарагія! Паколькі мы таксама вучні Хрыста, то гэтыя словы звернуты і да нас. Магчыма, многім з нас давялося перажыць такія сітуацыі, калі трэба было мець шмат адвагі, каб прызнацца ў сваёй адданасці Хрысту, каб вызнаць сваю веру і, магчыма, мы таксама, як калісьці апосталы, сустэліся з непаразуменнем ці нават варожасцю. Дастаткова ўспомніць часы камунізму, калі вызнаць сваю веру ў асобых выпадках было сапраўдным гераізмам. Бо над людзьмі веруючымі не толькі насміхаліся, іх нават маглі пазбавіць жыцця. Эпоха пераследу Касцёла і веры мінула, але гэта не значыць, што знікла патрэба абвяшчэння Евангелля. Мы, апосталы нашага часу, па-ранейшаму патрабуем мужнасці і адвагі ў вызнанні нашай веры, каб называць сябе Хрыстовымі, кіравацца Яго вучэннем і жыць Яго запаведзямі кожны дзень. У адным з найважнейшых дакументаў Касцёла — «Аб евангелізацыі ў сучасным свеце» — гаворыцца, што сучасны свет, які вельмі часта адкідвае існаванне Бога, не перастае Яго шукаць, адчуваючы ў Ім патрэбу, і таму сучасны свет патрабуе вестуноў Евангелля, якія казалі б пра Бога са свайго ўласнага досведу і жылі паводле Яго закону. Бо нашае прапаведаванне без сведчання жыцця наўрад ці прамовіць да сучаснага чалавека, хутчэй за ўсё нашыя высілкі не прынясуць у такім выпадку вялікай карысці. Па сваёй сутнасці пераслед з'яўляецца пэўнага роду правакацыяй, выпрабаваннем, праверкай на нашую аўтэнтычнасць як вестуноў Евангелля і нашай веры таксама. Бо без досведу цяжка сказаць, якая наша вера: моцная, трывалая ці толькі павярхоўная і слабая. Раней ці пазней кожны з нас будзе здаваць экзамен жыцця паводле веры. Але гэтага не трэба баяцца. Езус Хрыстус заахвочвае нас да цярплівасці і супакою. «Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што не адкрылася б, і нічога патаемнага, што не стала б вядомым». Інакш кажучы, не бойцеся праўды. Не бойцеся яе вызнаць перад іншымі. Бо нашае вызнанне можа паспрыяць таму, што іншыя пачнуць задумвацца над праўдай, якую мы абвяшчаем. У гэтай справе вялікае значэнне мае і наша вернасць праўдзе, якую мы вызнаём. Бо, калі мы не жывём тым, што абвяшчаем, цяжка, а можа, у асобных выпадках нават немагчыма іншым прыняць нашыя словы, нашае сведчанне. Сведчанне, не пацверджанае нашым жыццём, губляе моц. Вось менавіта таму вернасць праўдзе з’яўляецца неабходнай. Існуе такая заканамернасць, што праўда раней ці пазней, але заўсёды пераможа і стане вядома. Таму нельга яе саромецца, а тым больш баяцца. Трэба шукаць магчымыя шляхі і спосабы яе рэалізацыі. Кожны з уласнага досведу ведае: лепш горкая праўда, чым салодкая хлусня. Першы такі спосаб — адважна вызнаваць праўду веры: словам і жыццём у кантактаванні з іншым чалавекам. Гэта адзін з лепшых метадаў евангелізацыі і распаўсюджвання веры. Існуе толькі пэўны недахоп у такога роду евангелізацыі — вельмі складана ахапіць вялікую колькасць людзей адначасова. Цяжка ў душпастырскай дзейнасці практыкаваць гэты метад евангелізацыі ў чатыры вокі, асабліва калі парафіяльная супольнасць вялікая. Другі спосаб — гэта супольная маніфестацыя веры падчас розных душпастырскіх акцый, дзе збіраюцца вялікія натоўпы людзей. Аднак наколькі гэтыя натоўпы могуць наблізіцца да Хрыста, каб спаткацца з Ім асабіста? Аднак можна сказаць: «Як гэта?! Езус жа выразна заклікае абвяшчаць Евангелле!» «Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах» (гл. Мц 10, 24–33). Ці павінны мы саромецца сваёй веры і хаваць яе ад вачэй іншых? Канешне, не! Вера не з'яўляецца выключна прыватнай справай асобнага чалавека. Кожны мае права абвяшчаць сваю веру як паасобна, так і супольна пры дапамозе ўсіх магчымых спосабаў і сродкаў: радыё, тэлебачання, газет, часопісаў, інтэрнэту, працэсій, пілігрымак і г. д. Толькі ва ўсім гэтым нам трэба ведаць адну рэч: мэтай такога роду евангелізацыі, якая мае публічны характар, павінна быць умацаванне і сталасць нашай веры, а не пустая дзейнасць на публіку дзеля знешняй прыгажосці ці вялікай колькасці людзей. Цяжка назваць сведчаннем веры прысутнасць вялікіх натоўпаў людзей у нядзелю і ўрачыстасці ў касцёле, калі гэтыя людзі не жывуць штодня Евангеллем. Умілаваныя ў Хрысце! Хрыстус заклікае нас сёння да будавання веры і паставы хрысціянскай сталасці. А гэтае заданне не для натоўпаў, бо натоўп безыменны, але асабіста для кожнага з нас, якія даверыліся Богу і прыйшлі сюды, каб асабіста з Ім сустрэцца. Нашая штонядзельная прысутнасць у касцёле і наш удзел у літургіі — гэта асабісты выбар кожнага ісці за Хрыстом, быць Яго верным вучнем. Толькі гэты выбар не можа абмяжоўвацца выключна нядзельнай літургіяй. Сведчанне сваёй веры, якое мы дэманструем у Касцёле, трэба яшчэ занесці ў сваю штодзённасць. Толькі так мы будзем здольнымі ў любой сітуацыі быць вернымі Хрысту і абвяшчаць Евангелле. Трэба жыць тым, у што верым. Амэн. |
Адноўлена 22.06.2017 11:03 |