Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХІІІ Звычайную нядзелю, Год А (2 ліпеня)
Нядзельнае казанне
28.06.2017 13:12
Чытанні >>>

«Радуйся, дачка Сіёна! Трыумфуй, Ізраэль! Весяліся і радуйся ад усяго сэрца, дачка Ерузалема!»

Дарагія браты і сёстры!

Сённяшняя ўрачыстасць Найсвяцейшай Панны Марыі Будслаўскай напаўняе нашыя сэрцы радасцю з нагоды прысутнасці і апекі Багародзіцы, якая для ўсіх нас з’яўляецца вобразам пакоры і прыкладам усіх цнотаў. Дастаткова прыгледзецца да абраза, які знаходзіцца ў Нацыянальным санктуарыі, каб адчуць цеплыню і супакой, які сыходзіць ад Багародзіцы. Мы хочам быць падобнымі да Марыі, якая паказвае нам свайго Сына, вядзе да Яго і заахвочвае, каб мы Яго любілі.

У жыцці здараюцца розныя сітуацыі. Калі нас сустракае не зусім лёгкі лёс і калі мы губляемся на жыццёвай дарозе, не ведаючы, навошта і як жыць далей, як пераадолець цяжкасці, то, магчыма, гэта адбываецца таму, што ў сваёй жыццёвай вандроўцы мы згубілі арыенцір або нават мэту. Калі мы знойдзем згублены арыенцір, калі пастараемся прыняць і свядома дастасаваць да яго нашае жыццё, тады будзем адчуваць сябе па-іншаму, значна лепш. І гэта не проста тэорыя.

Найсвяцейшая Панна Марыя з’яўляецца пуцяводнаю зоркай на нашым жыццёвым шляху, і менавіта Яна здольная нам дапамагчы ў падобных жыццёвых справах. Па-першае, таму што Яе зямны шлях не быў пазбаўлены складанага досведу і выпрабаванняў. Па-другое, таму што Яна вельмі добра ведае кожнага з нас і хоча нам дапамагчы. Вось чаму кожны з нас мае вялікія шансы змяніць сваё жыццё да лепшага.

Часта здараецца, што мы самі неўласціва выкарыстоўваем сродкі і магчымасці, якія ў жыцці нам дае Бог. Вось просты банальны прыклад. Калі перавозіць будаўнічыя матэрыялы: цэмент, пясок, цэглу і іншае легкавым аўтамабілем, то можам уявіць, які выгляд гэтага аўтамабіля будзе не праз год ці два, а ўжо праз некалькі дзён такой экстрымальнай эксплуатацыі. А калі ўзяць, напрыклад, матаблок, невялікі трактар, і паехаць на ім па аўтамагістралі, ці не будзе гэта перашкодай для хуткага руху, які там існуе? Напэўна, ва ўсім гэтым няма логікі, аднак штосьці падобнае бывае ў нашым жыцці, калі мы неадпаведна выкарыстоўваем або занядбоўваем таленты, якія нам дае Бог, або сродкі, каб гэтае жыццё было сапраўдным.

Сённяшняя літургія Божага слова, асабліва Евангелле, паказвае нам мэту, да якой мы павінны імкнуцца. У асобе Панны Марыі гэтая мэта бачна дастаткова выразна. Мы можам значна лепш зразумець саміх сябе, прыняць сваю жыццёвую сітуацыю, калі разам з Марыяй у сэрцы прамовім: «Велічае душа мая Пана». Гэты гімн адкрывае праўду аб вялікай годнасці чалавека. Чаму? Бо мы створаныя Богам, на Яго вобраз і падабентва, мы з’яўляемся Яго дзецьмі, і ніхто на свеце не ў сілах нас гэтага пазбавіць. Гэта праўда нашай веры і нагода да сапраўднай радасці.

Нас могуць пакрыўдзіць, нас могуць ігнараваць, з намі могуць не лічыцца, нас могуць абмаўляць, прыніжаць, прыпісваць нам невядома што, але ніхто ніколі не забярэ ад нас Божы дар чалавечай годнасці, які мы маем. Пакуты Езуса Хрыста набліжаюць нас да Марыі, робяць нас з Ёю салідарнымі. Больш таго! Праз хрост мы сталі Божымі дзецьмі, увайшлі ў супольнасць Касцёла, а праз сакрамэнт пакаяння і паяднання нашая годнасць памнажаецца. А малітва і заступніцтва Багародзіцы — вялікая дапамога нам у гэтым. Сакрамэнт Эўхарыстыі спрычыняецца да таго, што мы, прымаючы Хрыста, ствараем еднасць з Ім праз прыняцце Цела і Крыві нашага Пана.

Вось у гэтым заключаецца нашая годнасць! Нас Бог палюбіў, даў нам свайго Сына, даў нам таксама Ягоную Маці, каб і нашая любоў была сапраўднай, не крывадушнай, каб мы гарнуліся да дабра і любілі адно аднаго братняй любоўю. Гэта і ёсць той момант, калі мы разам з Марыяй праслаўляем і ўзвялічваем Пана.

Дарагія! Але ў жыцці бывае па-рознаму. Вельмі часта чалавек забывае пра сваю годнасць, а ў асобных выпадках жадае паставіць сябе на месца Бога, і чакае, калі іншыя будуць яго ўслаўляць і асабіста яму кланяцца. Калі не, ну то беражыцеся! Сучасны чалавек не ўмее па-сапраўднаму сузіраць і слухаць Бога, або яму гэта цяжка рабіць, цяжка засяродзіцца на справах духоўных. Сучасны чалавек пазбягае цішыні, любіць мітусню і гул. Можа, таму да яго душы цяжка даходзяць натхненні Божай ласкі. У цішыні мы можам пачуць голас Бога, а ў адарацыі наблізіць Яго да свайго сэрца. Мы ж створаныя для адарацыі і для цішыні, гэта павінна мець месца ў нашым жыцці, бо гэтыя Божыя сродкі не дазволяць, каб мы згубіліся, калі маем перад вачыма ўласцівую мэту — Бога.

Калі паглядзім на асобу Найсвяцейшай Панны Марыі, то можам заўважыць, што Яна перажывае цяжкія перыяды свайго жыцця менавіта праз адарацыю і ў цішыні. Дзякуючы гэтаму Яна не губляе раўнавагі і да канца застаецца вернай Божай волі. Яна не трапляе ў роспач, але мужна пераадольвае ўсё на сваім жыццёвым шляху і ўрэшце застаецца шчаслівай. Марыя ўсведамляе сваю годнасць, праз адарацыю і цішыню Яна прымае і разважае ў сваім сэрцы Божае Слова, а сёння спявае Богу гімн праслаўлення.

Мы таксама хочам разам з Марыяй праславіць Бога. Кожнаму з нас ёсць што ўзяць да сэрца і чаму навучыцца ад Марыі. Будзьце аднамыснымі паміж сабою, кажа апостал Павел, і наследуйце пакорных. Гэтыя словы для кожнага з нас. Марыя — узор пакоры, якая патрэбна кожнаму з нас. Гэтая пакора дасць нам сілы захаваць раўнавагу і сілу духа, нават у самыя цяжкія моманты нашага жыцця.

Мы вельмі часта разважаем пра любоў, шмат кажам пра гэтую цноту, і гэта добра, гэта нас мабілізуе да ўдасканалення гэтай цноты! Робіць нас больш чулымі і здольнымі любіць. Аднак жа ў практыцы бывае па-рознаму. Не заўсёды гэтая любоў развіваецца так, як бы нам хацелася. І такое развіццё можна заўважыць у сучасным пакаленні, асабліва сярод маладых людзей. Вельмі часта яны баяцца змагацца за любоў, баяцца пераносіць выпрабаванні дзеля любові, прасцей ад любові адмовіцца, калі цяжка. Прыклад гэтага — шматлікія разводы. Прычына іх у недахопе цярплівасці і ўзаемаразумення. Мы любім гаварыць, але не любім слухаць, мы любім вучыць, але не хочам вучыцца, нам лягчэй зрабіць заўвагу, чым прыняць яе ад іншых.

Дарагія, так не можа быць! Найсвяцейшая Панна Марыя нас вучыць іншаму. Не бывае любові без выпрабавання і цярпення, не можа быць любові без змагання з грахом і з усялякага роду праявамі зла. Падобна як няма нічога агульнага паміж праўдай і хлуснёю. Калі мы бываем расчараванымі, раздражнёнымі ці гняўлівымі, то можам быць спакойнымі і добрымі. Найсвяцейшая Панна Марыя паказвае нам, што мы пакліканыя да любові, а разам з ёю — да змагання з грахом. У гэтым заключаецца нашая годнасць, якая дае нам жыццёвую сілу і аптымізм.

Дарагія! У нашым жыцці будуць сустракацца розныя дні: адны будуць прыгожыя і шчаслівыя, у другія спатрэбіцца шмат сілаў і цярплівасці. Мы будзем змучаныя, але ўсё роўна шчаслівыя, але для гэтага неабходна так, як Марыя, верна трываць у адарацыі Божай волі, прыслухоўваючыся да цішыні сэрца і праслаўляючы Бога ўсім сваім жыццём. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 28.06.2017 13:18
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.