Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Нядзельнае казанне: 25 жніўня — ХХІ Звычайная нядзеля, Год С
Нядзельнае казанне
20.08.2013 18:54

1 чыт. Іс 66, 18-21; Пс 117 (116), 1-2.



Нам здаецца, што мы па праву цікаўныя: збаўленых будзе мала ці шмат? Гаворка ідзе, праўда, не пра малазначную цікаўнасць, бо гэта датычыцца канчатковага лёсу чалавецтва. Гэтае пытанне турбуе многіх людзей, і галоўным чынам некаторых тэолагаў. Узгадваецца цвёрды выраз св. Тамаша: „Pauci salvantur“ (мала будзе збаўленых). У думках нараджаецца супярэчанне, што калі б быў толькі адзін чалавек асуджаны на вечнае пакаранне, Божы план быў бы пэўным чынам непаспяховым, ненапоўненым. Але з іншага боку, калі мы прымем магчымасць канкрэтнага адвяржэння, ці не значыць гэта, што мы дапускаем магчымасць перамогі зла над Богам, хоць і частковай? Хтосьці, у каго быў незвычайны аптымізм, дайшоў да фармулёўкі гіпотэзы пра апакатастасіс, значыць поўную рэінтэграцыю і канчатковае збаўленне ўсіх людзей, але вера Касцёла заўсёды вучыла пра магчымасць адвяржэння чалавека, у якога ёсць свабодная воля. Гэтыя і да таго падобныя пытанні турбавалі ўжо сучаснікаў Езуса з моманту, калі адзін з іх спытаў: «Пане, няўжо мала тых, хто будзе збаўлены?»

Вузкая брама

Езус адказвае: «Імкніцеся прайсці праз вузкую браму, бо, кажу вам, многія будуць спрабаваць увайсці, але не змогуць».  Езус кажа перш за ўсё пра сапраўднае і нагадвае, каб мы паклапаціліся аб сапраўдным. Хрысціяніну трэба больш клапаціцца пра тое, кім ён павінен быць тут і цяпер і што ён павінен рабіць, чым думаць пра тое, што прыйдзе. З гэтага можна зрабіць дзейсны крытэрый для тлумачэння ўсіх біблійных выказванняў пра апошнія падзеі. Мэта ўсяго Святога Пісання — не даць нам падрабязную інфармацыю пра тое, колькі будзе збаўленых у канчы часоў або калі і якім чынам гэта ажыццявіцца, а падбадзёрыць нас, каб мы былі адказнымі, уважлівымі, сур’ёзнымі і падрыхтаванымі да заключнай сустрэчы з Езусам. Вобраз вузкай брамы паказвае нам, што збаўленне — гэта цяжкі працэс, у якім утрымліваецца максімальнае нмаганне і прыняцце ўдзелу з боку чалавека. Жадаючы падкрэсліць значэнне вобразу вузкай брамы, у тэксце Евангелля дадаецца, што многім не ўдаецца ўвайсці. Тут прымяняецца вядомы літаратурны прыём „negatio paradoxa“: каб рашуча пацвердзіць факт, адмаўляецца супрацьлегласць. Іншымі словамі, замест узмоцненага падкрэслівання таго, што збаўленне патрабуе ад чалавека вельмі цвёрдага і сур’ёзнага клопату, скажуць, што многія людзі ў гэтай справе не будуць мець поспеху.

Тэкст на самой справе не хоча прывесці статыстыку пра колькасць збаўленых і адвергнутых. І служыць ён не для таго, каб мы ведалі, мала ці шмат будзе збаўленых. Нават ніякая прыватная з’ява не зможа даць веды, якія ў Евангеллі адсутнічаюць. Таму давайце спынім цікавіцца такімі несур’ёзнымі і дарэмнымі пытаннямі. Важна толькі ведаць, што Бог нас хоча збавіць, што Ён дае нам усе сродкі для ажыццяўлення збаўлення і што існуе вечнае адвяржэнне, і яно датычыць тых, хто не застаўся верным Богу або не выконвае сваіх абавязкаў да Яго. Усё астатняе толькі пустыя словы.

Мы павінны ўвесь час памятаць, што здольнасць выстаяць да канца, або смерць у Божай ласцы – гэта Божы дар, якога ніхто не можа заслужыць, але дзеля якога мы павінны пастаянна прасіць у Айца яго міласэрнасці і дабрыні. Падчас святой Імшы Касцёл моліцца: «Дазволь, каб мы атрымалі ўдзел у жыцці вечным». Аб гэтым дары мы павінны прасіць Айца штодзённа. Ні першыя пятніцы, ні першыя суботы месяца не з’яўляюцца надзейнай гарантыяй збаўлення. Трыдэнцкі Сабор кажа: «Ніхто, пакуль ён жыве гэтае зямное жыццё, не можа меркаваць, што ён ведае схаваную таямніцу Божага Провіду да таго часу, пакуль бясспрэчна пацвердзіцца, што ён знаходзіцца ў ліку прадвызначаных, амаль так, як бы стала праўдай, што апраўданы ўжо не можа ўчыніць грэх, або што ён, калі б і ўчыніў грэх, мог лічыцца з тым, што атрымае збаўленне. Сапраўды, мы не можам ведаць, каго Бог абраў для сябе, толькі калі нейкім асаблівым аб’яўленнем».

Хаця мы і робім добрыя справы, неба заўсёды будзе чыстым і самым бескарысным Божым дарам, які мы чакаем, на які цвёрда спадзяемся з адданасцю, поўнай даверу ў бясконцую міласэрнасць, што была нам аб’яўлена ў Езусе. Гэта наша вера і наша надзея.

Гаспадар дому зачыніць дзверы

Ад цяперашняга часу Езус у сваіх словах звяртаецца да будучага, «калі гаспадар дому ўстане і зачыніць дзверы». Чалавек не мае ў сваім распараджэнні бязмежны час для дзеяння на карысць уласнага збаўлення. Дзверы зачыняцца, спрыяльны час скончыцца, трэба паспяшацца ў сваіх рашэннях. Пра збаўленне вырашаюць не выпадковыя фактары (напрыклад жыць у адзін час з Езусам, есці і піць за адным сталом з Ім), але дабравольнае і адказнае рашэнне чыніць дабро! «Адыдзіце ад Мяне ўсе, хто чыніць несправядлівасць». Усе, яўрэі і язычнікі, пакліканы імкнуцца дзейнічаць справядліва.

Усім, хто не навернецца, пагражае небяспека: «там будзе плач і скрыгатанне зубоў». У той час як евангеліст Мацвей супрацьпастаўляе адвяржэнню Ізраэля пакліканне язычнікаў, евангеліст Лука пакідае гэтую схему. Доступ язычнікаў у Валадарства Божае для яго не праблема. Ён хоча падкрэсліць, што рашэнне аб асуджэнні будзе датычыцца тых, хто парушае Закон, будзь гэта яўрэі або язычнікі.

Чытанне заканчваецца выразам: «І вось будуць апошнія, якія стануць першымі, і будуць першыя, якія стануць апошнімі». Такім чынам, будуць дзве групы: апошнія і першыя. Апошнія ўяўляюць пагрозу, а першыя абяцанне. Ні ў кога няма ўпэўненасці, што ён належыць да першых. У абедзвюх груп (яўрэі – першыя, язычнікі – апошнія) ёсць магчымасць атрымаць рашэнне аб адвяржэнні або збаўленні. Такім чынам, усе пакліканы чыніць дабро і працаваць з бояззю для ўласнага збаўлення. Ніхто не можа канчаткова і спакойна лічыць сябе сярод «першых».

Бог хоча збавіць усіх людзей

Першае чытанне развівае нашы разважанні і паказвае нам, якое жаданне Бога: «І прыйду сабраць усе народы і мовы, і яны прыйдуць і ўбачаць славу Маю». Бог хоча збавіць усіх людзей. Усе народы прыйдуць у Ерузалем і ўбачаць славу, іншымі словамі – прысутнасць Бога. Знакам для ўсіх народаў паслужыць супольнасць Яго народа, якую Бог засноўвае на гары Сіён: «устанаўлю сярод іх знак». З супольнасці народа павінна ззяць святло, якім Бог хоча асвятліць усе народы.

Але Божы народ, насуперак гэтаму вялікаму пакліканню, якое ён мае ў свеце, не існуе без цяжкасцяў і выпрабаванняў, падзенняў і грахоў. Гэта не дасканалы народ. Гэта народ, якому патрэбны папрокі, якому патрэбна паляпшэнне, патрэбны заклік. Таму св. Павел у Пасланні да Габрэяў падбадзёрвае нас наступным чынам: «Сыне мой, не пагарджай пакараннем Пана і не падай духам, калі Ён дакарае цябе. Бо каго Пан любіць, таго і карае, і б’е кожнага, каго прымае як сына». Хрысціянскую супольнасць утвараюць і людзі з «апаўшымі рукамі» і «аслаблымі каленямі». Гэта не клуб дасканалых людзей. Ён рэкамендуе: «Таму выпрастайце вашы апаўшыя рукі і аслаблыя калені. Рабіце простыя сцежкі нагамі вашымі, каб кульгавы не збочыў, але каб выздаравеў». Гэта не значыць, што Бог з’яўляецца прычынай пакутаў і цяжкасцяў жыцця. Гэтым толькі пацвярджаецца тое, што ў Евангеллі выражае вобраз вузкай брамы. Жыць, як жыў Езус – значыць зразумець і прыняць карысць ад пакутаў і выпрабаванняў быццам з Божай «педагогікі». Толькі ілюзіі могуць прывесці нас да думкі, што мы можам пазбегнуць пакутаў і выпрабаванняў. Вера нас вядзе не да таго, каб мы іх абышлі, пазбегнулі, але, калі яны з’явяцца, яна дасць нам магчымасць перажыць іх. Перажыць так, як іх перажываў Езус – з душой дзіцяці і як дапамогу, таму што Бог зможа ўсё ператварыць у наша дабро, каб мы пастаянна раслі і сталі сапраўднымі хрысціянамі.

ANTONIO BONORA, Seguire Gesù, Meditazioni sui testi biblici del lezionario festivo (anno C), Elle Di Ci 1988.


Адноўлена 20.08.2013 18:58
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.