Дарагія браты і сёстры! Пачуўшы сённяшняе Евангелле, можам сабе ўявіць, які моцны рэзананс выклікалі словы Езуса, калі Ён звярнуўся да вялікага натоўпу, што крочыў за Ім. Нават з гэтага і распачынаецца сённяшняе Евангелле: “Шмат людзей ішло за Езусам”. І гэта зразумела, бо столькі цудаў, столькі аздараўленняў Езус здзейсніў за гэты час, што проста не мог не быць папулярным сярод людзей. Чуткі пра Яго вельмі хутка разнесліся па-за межы Назарэта.
Толькі з’яўляецца пытанне: з якой мэтаю тыя людзі крочаць за Езусам? Напэўна, нейкі працэнт з іх глыбока зацікавіла постаць Настаўніка з Назарэта, некаторыя, магчыма, патрабавалі аздараўлення або мелі нейкія асабістыя пытанні і просьбы, якія хацелі прадставіць Езусу. Але былі і такія, якія гналіся за сенсацыяй або жадалі праверыць: ці сапраўды Езус такі, як пра Яго кажуць. Паколькі Езус ведае намеры людзей, іх сэрцы, то звяртаецца да іх словамі, якія не ўсе тады маглі зразумець, ды і ў сённяшні час словы гэтыя могуць нас крыху бянтэжыць.
Уся складанасць, якая змяшчаецца ў сённяшніх словах Езуса, заключаецца ў суровым рыгарызме адносна таго, як быць Яго вучнем: “Калі хто прыходзіць да Мяне і не зненавідзеў бацькі свайго, і маці, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясцёр, і нават жыцця свайго, той не можа быць вучнем Маім”.
Вельмі нялёгка гучаць гэтыя словы для нашага вуха. Але ці так літаральна належыць разумець іх? Безумоўна, не. Маюць яны крыху іншае значэнне. Давайце прыгледзімся да ланцужка тых, хто пералічаны ў гэтым спісе. Спачатку ідуць бацькі, потым жонка, дзеці і напрыканцы браты і сёстры і ўласнае жыццё. Што гэта значыць?
Па-іншаму гэты ланцужок можна назваць іерархіяй роднасці ў жыцці чалавека. Хто на першым месцы ў нашым жыцці? Бацькі, канешне, потым чалавек вырастае, закладае сям’ю, значыць, у яго ёсць сужонак, ёсць дзеці, і затым у гэтай іерархіі ёсць месца для братоў, сясцёр, сяброў - тых, хто для нас блізкі праз кроўнасць або сяброўства.
Што значыць “зненавідзець”, які сэнс укладвае ў гэтае слова Езус? Насамрэч Езус не жадае, каб мы кагосьці ненавідзелі або адносіліся з пагардай да блізкіх і родных нашаму сэрцу людзей. Тым больш як тады быць з запаведдзю: шануй бацьку свайго і маці сваю? Дарагія браты і сёстры! Справа крыху ў іншым. Езус хоча сказаць, што ў гэтай іерархіі роднасці, якая распачынаецца ад бацькоў, а заканчваецца братамі і сёстрамі, месца для Бога павінна быць НУМАРАМ АДЗІН. Не ў сярэдзіне, не ў канцы павінна быць гэтае месца, але на самым пачатку гэтага ланцужка: спачатку Бог і Яго воля, а затым бацькі, сям’я, браты і сёстры. Вось што значыць у гэтым кантэксце слова «зненавідзець». Паставіць на першае месца гэтай іерархіі Бога. Няма іншай дарогі, каб стаць вучнямі Езуса.
Затым, Езус кажа наступнае: “Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем”. Словы гэтыя збольшага нам зразумелыя: крыж – гэта ўсе выпрабаванні, цяжкасці, пакуты і жыццёвыя досведы, якія мы можам спаткаць у сваім жыцці. Калі мы здольныя гэты цяжар у пакоры узяць на свае плечы, то гэта і ёсць своеасаблівы крыж, з якім мы ідзём па слядах Езуса, наследуючы Яго і ў той час годныя сапраўды называцца Яго вучнямі.
А метафары пра вежу і пра караля, пра якія Езус кажа ў сённяшнім урыўку, узмацняюць галоўную думку аб тым, як быць вучнем Хрыста. Гэта вялікае і адказнае заданне, і яно вельмі добра адлюстроўваецца ў вобразах ВЕЖЫ і КАРАЛЯ. Як кароль з’яўляецца самым высокім і галоўным сярод усіх сваіх падуладных, так і вежа ўзвышаецца над іншымі будынкамі. І як у выпадку вежы, так і ў выпадку караля патрэбная мудрасць і разважлівасць. Бо калі гэтага не будзе — як будзе выглядаць недабудаваная вежа? Або кароль, якога разграмілі і ўзялі ў палон?
Дарагія браты і сёстры! Езус сёння нам кажа, каб мы, будучы Яго вучнямі, не былі падобнымі да недабудаваных вежаў, з якіх іншыя смяюцца, або не былі падобнымі да каралёў, неразважлівы крок якіх можа прывесці да канчатковага фіяска. Калі мы хочам стаць сапраўднымі вучнямі Хрыста, нам трэба Паставіць Бога на першае месца ў сваім жыцці, не баяцца жыццёвых цяжкасцяў, але прымаць іх з пакораю, як і Езус з пакораю ўзяў крыж на свае плечы. Толькі так мы зможам пакінуць усё, што маем, і быць вучнямі Езуса. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|