Святы Тамаш з Аквіна калісьці сказаў: «Хрыстус, церпячы пакуты, а таксама паміраючы на крыжы, заплаціў доўг Адама, вярнуў доўг грэшнага роду людскога больш, чым было гэта патрэбна».
Дарагія браты і сёстры!
Святкуючы Узвышэнне Святога Крыжа, мы з вамі асабліва сузіраем таямніцу нашага збаўлення, таямніцу і сімвал нашай хрысціянскай веры, якім з’яўляецца Крыж Хрыста. Тое, што ў эпоху Рымскай імперыі было ганебным смяротным пакараннем, дзякуючы любові Езуса і Яго ахвяры стала славай і гонарам. Святы Павел у лісце да Галатаў сцвярджае: “Мне не трэба хваліцца, хіба толькі Крыжам Пана нашага Езуса Хрыста, праз які для мяне свет укрыжаваны, а я для свету”. Таму Крыж Хрыста мае ў сабе як таямніцу цярпення і болю, так і таямніцу трыумфу і перамогі.
Умілаваныя! Калі глядзім на наш свет, у якім жывём, то бачым у ім столькі цярпення, болю, несправядлівасці; столькі шмат войнаў, хваробаў, голаду, смерці… І адразу ў нашых сэрцах узнікае пытанне: навошта? Ці Бог гэтага не бачыць? А як быць з Яго міласэрнасцю і справядлівасцю?
Справа ў тым, што недахоп нашай веры спрыяе росту пэўнага роду бунту ў нашым сэрцы, калі бачым падобныя з’явы, асабліва калі яны непасрэдна ўваходзяць у нашае жыццё і датычаць канкрэтна нас або нашых родных. Напрыклад, цярпенне або смерць блізкага чалавека. Падобныя трагічныя жыццёвыя выпрабаванні не ўсе людзі здольныя пакорна і адэкватна перанесці. Многія, зведаўшы такія выпрабаванні, адвярнуліся ад Бога, прыпісваючы непасрэдна Яму віну ў нейкай асабістай трагедыі або цяжкіх жыццёвых абставінах.
Дарагія! Гэтае свята адкрывае перад намі таямніцу як крыжа Хрыста, так і таямніцу кожнага цярпення ў нашым жыцці. Не заўсёды гэтае цярпенне звязана з нашай несправядлівасцю ці нейкай асабістай віною перад Богам і іншымі людзьмі. Напэўна, мы не з’яўляемся нейкімі паддоследнымі суб’ектамі, на якіх Бог эксперыментуе, спасылаючы нейкія цяжкасці і выпрабаванні.
Канешне, калі мы не жывём паводле Божых запаведзяў, калі ігнаруем Божую дапамогу ў жыцці, калі лянуемся ажыўляць сваю веру праз малітву, адпаведны стыль жыцця, праз учынкі міласэрнасці, то нават падсвядома мы чакаем гэтага Божага пакарання. Але як быць у такой сітуацыі, калі чалавек рупліва выконвае ўсё, што можа, з любоўю ў сэрцы, каб жыць па-божаму, і раптам у яго жыццё ўваходзіць нейкая трагедыя? Як тады гэта разумець? Як пакаранне?!
Мае дарагія! Таямніца Крыжа, якую сёння нам паказвае Езус, сведчыць аб тым, што цярпенні ў нашым свеце існуюць не толькі як кара за нашыя грахі, але і як праяўленне недасканаласці гэтага свету праз першародны грэх, у выніку чаго чалавек церпіць не заўсёды па сваёй віне. Аднак дзякуючы ахвяры Езуса, кожнае людское цярпенне мае вельмі глыбокі сэнс па прычыне з’яднання з цярпеннямі Хрыста.
Мы, веруючыя, маем магчымасць далучыць свае цярпенні да Хрыстовага Крыжа, праз што мы разам з Хрыстом удзельнічаем у адкупленні, якое Ён здзейсніў дзеля нас, якія гэтага не заслугоўваюць. Аднак з’яднацца з Хрыстом у гэтым цярпенні можна толькі праз веру. Бо калі яе няма, мы будзем падобныя да тых, хто стаяў ля крыжа паміраючага Збавіцеля і крычаў: “Калі Ты Сын Божы, збаў сябе і сыдзі з Крыжа, толькі тады паверым у Цябе”. Гэта па-іншаму акламацыя маладушнасці і бязвер’я.
Толькі таямніца крыжа і наш чынны ўдзел у ёй можа з нас зрабіць сапраўдных вучняў Хрыста. “Хто не нясе крыжа свайго і не ідзе за Мною, не можа быць Маім вучнем“, — кажа Езус.
Мае дарагія, тагачасны свет, зрэшты, як і свет цяперашні, шукаў і надалей шукае месію без крыжа, месію, які нічога не патрабуе, але які толькі дае супакой, шчасце і збаўленне, і гэта без крыжа. Свет шукае такога месію, які будзе прыносіць поспех і дабрабыт. Такі месія-талісман, але зноў жа ў гэты вобраз месіі не ўпісваецца крыж. Аднак апостал Павел кажа ў Пасланні да Карынцянаў, што “Бог выбраў неразумнае свету, каб пасароміць мудрых і кволае, каб пасароміць магутных… бо Юдэі дамагаюцца знакаў, Грэкі шукаюць мудрасці, а мы прапаведуем Хрыста Укрыжаванага, які з’яўляецца магутнасцю і мудрасцю Божай”.
Таямніца крыжа — гэта ў першую чаргу таямніца любові, а затым толькі таямніца цярпення. Гэтая таямніца актуальная і ахоплівае асобу Збаўцы, які складае ахвяру на Крыжы, ахвяру, якую Ён складае Айцу з сябе, аказваючы Айцу сыноўнюю любоў і паслухмянасць. Толькі дзякуючы любові дасканала рэалізуецца цнота паслухмянасці. Яна ўжо становіцца не толькі звычайнай паслухмянасцю запаведзям Бога – але гэта зусім новая паслухмянасць, якая пераўзыходзіць звычайную. Калі паслухмянасць перажываецца ў таямніцы Крыжа і ажыўляецца любоўю, то гэтая паслухмянасць набірае новы, больш глыбокі змест, яна ўжо становіцца не толькі звычайнай чалавечай цнотай паслухмянасці, але цнотай Божай, цнотай самога Хрыста. Паглядзіце! Праз паслухмянасць мы можам наследаваць самога Хрыста, Яго Крыж.
Умілаваныя браты і сёстры! Менавіта любоў дазваляе перажываць жыццёвы Крыж пазітыўна, па-божаму, і гэтыя перажыванні робяць нашае сэрца мяккім, нашую чалавечую натуру — больш шляхетнай, больш уражлівай на патрэбы і цярпенні іншага чалавека. Дзякуючы любові таямніца Крыжа для нас становіцца таямніцай надзеі, а не роспачы і нонсэнсу. Сёння Хрыстус вучыць нас, на сваім уласным прыкладзе, што няма перамогі без змагання, няма цудаў без веры, як няма уваскрасення без Крыжа
Няхай гэтае свята Узвышэння Святога Крыжа дапаможа нам лепш засяродзіцца на таямніцы Крыжа Езуса Хрыста, як таямніцы любові, а таксама зразумець і прыняць кожнае нашае жыццёвае цярпенне ў духу паслухмянасці Божай волі на ўзор Хрыста. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|