Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Быць вернымі. Гамілія на 22 верасня
Нядзельнае казанне
21.09.2013 19:08

Дарагія браты і сёстры! Чарговай лекцыяй, якую сёння да нашых сэрцаў скіроўвае Езус Хрыстус у Божым слове, з’яўляецца Яго навучанне аб вернасці і адказнасці. Гаворка ідзе пра выбар кожнага з нас, выбар адпаведных вартасцяў, на якіх я хачу і магу добра пабудаваць сваё жыццё. Не толькі запланаваць, але і рэалізаваць усё запланаванае.

Ведаю, гучыць гэта вельмі ўзнёсла і неадназначна, асабліва гэтае апошняе слова: РЭАЛІЗАВАЦЬ. Але, згадзіцеся, каб гэта адбылося, каб у мяне атрымалася ў жыцці здзейсніць тое, што я запланаваў, трэба спачатку чагосьці жадаць, мець імкненні, рабіць планы. Канешне, цяжка, калі яны руйнуюцца, калі жыццё складваецца па-іншаму, чым я гэтага хачу. Але не трэба з-за гэтага панікаваць. Бо не ўсё так кепска, як нам, бывае, здаецца.

Езус сёння кідае промень святла на праўду адносна нашай жыццёвай паставы — а менавіта паставы вернасці. Вернасць павінна ахопліваць не толькі нашае рэлігійнае жыццё, уплываючы на нашую пабожнасць, хоць гэта вельмі важна; вернасць датычыць усіх сфераў нашага жыцця, асабліва нашых адносінаў з іншымі людзьмі.

Давайце падумаем, ці здольныя мы трымаць сваё слова, або толькі шпаркія на абяцанні. Першае, праз што правяраецца, даследуецца нашая вернасць, — гэта ці выконваем мы тое, што абяцалі. Бо калі нашыя абяцанні не выразіліся ў адпаведных учынках, то словы нашыя нішто іншае, як пустазвон. Тут паабяцалі, там не выканалі. І звычайна да абяцанняў такіх людзей ставяцца вельмі скептычна. Бо вядома, чым гэта ўсё скончыцца.

Калі мы ў сваім жыцці кіруемся прынцыпам вернасці, гэта будуе не толькі наш дух, але і ўвогуле ўсю нашую асобу. І, як другі бок гэтага медаля, ёсць АДКАЗНАСЦЬ, яна, можам так сказаць, ідзе ў пары з вернасцю. Бо калі чалавек верны, ён адначасова і адказны. Калі мы павінны нешта выканаць, напрыклад, камусьці дапамагчы, то мы адказныя за гэта і не можам ігнараваць патрабуючую асобу. І гэты прынцып датычыць не толькі нейкіх вялікіх рэчаў, але ў першую чаргу самых дробных. Бо менавіта з гэтых дробязяў і складаецца ўся мазаіка нашага жыцця.

Уявіце сабе, дарагія браты і сёстры, калі б цэгла, патрэбная для будаўніцтва дома, была няякаснай: добра, калі трапіцца пару такіх цаглін, заўсёды можна замяніць, замазаць, і не толькі бачна гэтага не будзе, але і на якасць дома гэты брак істотна не паўплывае. А вось калі такі прынцып нядобрасумленнага вырабу цэглы распаўсюдзіць, і ўся цэгла будзе такой няякаснай, то які дом з яе атрымаецца – доўга не выстаіць, але рухне і застануцца толькі руіны.

Гэтаксама і ў духоўным жыцці. Калі мы няверныя ў малых рэчах — напрыклад, занядбоўваем уласную малітву, лянуемся ўдзельнічаць у нядзельнай Імшы, — то як мы можам сябе лічыць людзьмі вернымі, вернымі тым хрысціянскім абяцанням, якія мы павінны выканаць? Паколькі мы абралі шлях веры, нельга быць «цёплым»: або гарачым, або халодным, як піша св. Ян у Апакаліпсісе.

Калі мы лічым сябе веруючымі людзьмі, нам трэба выконваць тое, што сведчыць аб нашай веры. Яна ў сваю чаргу злучаецца з нашымі ўчынкамі. Нельга быць веруючым дзесьці глыбока ў сэрцы.

У сувязі з гэтым у мяне пытанне: ці звярнуўся б хто небудзь з вас да такога ўрача, які толькі лічыць сябе ўрачом у сэрцы, але не мае ані медыцынскай практыкі, ані нават азоў медыцыны не ведае, а толькі лічыць, што ўмее лячыць? Мне здаецца, адказ відавочны. Тое ж і ў справах, звязаных з верай: калі я веруючы чалавек, то буду наведваць касцёл, крыху часцей, чым на Вялікдзень, а можа, нават і рэгулярна, кожную нядзелю і ўрачыстасці, бо я адказны за дар збаўлення, які атрымаў ад Бога. Я адказны за сведчанне, якое даю іншым людзям, у першую чаргу сваёй сям’і і блізкім.

Езус казаў у адной з прыпавесцяў, што вера падобная да маленькага гарчычнага зерня, якое, калі вырастае, становіцца вялікім дрэвам, у галінах якога нават птушкі могуць віць гнёзды. І гэты дар веры мае кожны, хто вызнае Хрыста, хто прыняў прапанову Божага збаўлення, увайшоўшы праз браму хросту.

Як жа часта бывае так, што мы бачым гонар нашага паклікання ў Хрысце, але не заўсёды бачым свой уласны ўдзел у гэтым пакліканні. Мы лічым сябе хрысціянамі  - гэта значыць вучнямі Хрыста, мы адчуваем гэтае ўзнёслае права быць хрысціянінам, але ці адчуваем абавязкі, якія выплываюць з гэтага права? Ці адчуваем адказнасць за сябе і за сваіх блізкіх у справах веры?

Умілаваныя! Езус сёння выразна кажа: калі ты верны ў малым, і ў вялікім верны, а калі несправядлівы ў малым, несправядлівы і ў вялікім. І гэта не гульня словаў, не нейкія ўзвышаныя рэчы. Гэта рэальны прынцып, праз які Збаўца нас заахвочвае да вернасці і перасцерагае ад несправядлівасці. Езус сёння гэтымі словамі звяртаецца да кожнага з нас, дарагія браты і сёстры, каб мы імкнуліся быць вернымі нават у дробязях, бо гэта ў сваю чаргу ўплывае на тое, каб мы станавіліся добрымі людзьмі, а таксама дае адпаведную глебу, каб мы не толькі лічылі сябе веруючымі хрысціянамі, але каб насамрэч імі былі. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD   

Адноўлена 11.09.2014 17:30
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.