Дарагія браты і сёстры! Уважліва слухаючы або самастойна чытаючы Святое Пісанне, а менавіта Евангелле, можна звярнуць увагу, што Езус неаднаразова крытыкуе апосталаў за недахоп веры ў іх жыцці. Памятаем хоць бы той момант, калі Езус крочыць па вадзе і загадвае Пятру да Яго падысці. Што адбываецца? Пётр пачынае тануць, на што Езус працягвае яму сваю руку і кажа: «Чаму ты засумняваўся, чалавек малой веры?»
Або можам прыпомніць яшчэ адзін падобны момант, калі апосталы плылі ў чаўне падчас шторму. Яны ў роспачы будзілі свайго Настаўніка, каб той ратаваў іх, якія апынуліся ў нялёгкай сітуацыі. Як скончылася гэтая гісторыя ,мы ўсе добра ведаем: Езус суцішыў лютую буру на Галілейскім возеры, а да недаверлівых апосталаў скіраваў словы: «Чаго вы такія баязлівыя? Ці яшчэ не маеце веры?»
Шмат іншых сітуацый было, калі Езус папракаў сваіх вучняў у малаверстве. І гэта былі апосталы! Што тады казаць пра нас? Як бы сёння Езус мог ахарактарызаваць нашу з вамі веру? Напэўна, быў бы індывідуальны падыход да кожнага з нас і, магчыма, мы былі б здзіўленымі, а можа, і не…
Сёння ў Евангеллі можна заўважыць адну незвычайную рэч, а менавіта: апосталы звяртаюцца да Езуса, каб Ён дадаў ім веры. Напэўна, вы са мною згодныя, што гэта была мудрая просьба з боку апосталаў. Іншая справа, наколькі яна была свядомай і з якой канкрэтна мэтаю апосталы звярталіся да свайго Настаўніка аб памнажэнні гэтай цноты. Памятаем руплівасць сыноў Грома, Якуба і Яна, якія хацелі выклікаць агонь з неба, каб знішчыць негасцінных, упартых самаранаў; або калі паглядзім на тых семдзесят двух вучняў, якія радаваліся атрыманай ад Езуса ўладзе лячэння і выгнання злых духаў. Вера заўсёды звязана з учынкамі. Таму адзіны, хто ведаў інтэнцыю вучняў, — гэта быў Езус.
Дарагія! Апосталы пачынаюць усведамляць недахоп сваёй веры. Чаму? Бо яны бачаць канкрэтныя ўчынка свайго Настаўніка і, параўноўваючы са сваімі ўчынкамі, прыходзяць да высновы, што веры ім ўсё-такі не хапае. Яны пачынаюць разумець, што вера мае надпрыродны характар і з’яўляецца Божым дарам. Гэтае адкрыццё і падштурхоўвае іх да просьбы аб умацаванні веры.
Паглядзіце, апосталы і вучні з увагаю назіраюць над усімі цудамі, аздараўленнямі, якія здзяйсняе Езус, са здзіўленнем прымаюць тое, што Езус нейкага сотніка ставіць прыкладам у веры: «Сапраўды кажу вам, ні ў кога ў Ізраэлі Я не знайшоў большай веры». Магчыма, гэтае сцвярджэнне магло нават пакрыўдзіць апосталаў. Таму, напэўна, ўсё гэтае назіранне і прывяло ўрэшце апосталаў да патрэбы большай веры.
Толькі дасканала рэалізаваць гэтае памнажэнне веры вучні разам з апосталамі змаглі падчас Спаслання Духа Святога. У той момант яны па-сапраўднаму ўзмацніліся ў веры і пачалі ёю дзяліцца з іншымі. Яны ўжо не баяліся выходзіць са сваіх памяшканняў, са сваіх дамоў, каб паказаць свету вялікую Божую любоў і міласэрнасць. Яны сталі вестунамі Евангелля. А мы? Кім у плане веры з’яўляемся мы?
Умілаваныя! Разважаючы на тэму сённяшняга ўрыўку з Евангелля, а таксама назіраючы за апосталамі, аналізуючы іх паводзіны і жыццё, нам лягчэй зразумець саміх сябе, прынамсі пастарацца зразумець. На якім этапе свядомасці сваёй веры знаходзімся мы, знаходзіцца кожны з нас тут прысутны? Ці адчуваем патрэбу, якую адчувалі апосталы, калі звярталіся да Езуса?
Вера – гэта дар, дэпазіт якой мае кожны з нас, толькі ці імкнемся мы ўкладваць сваеасаблівы ўласны капітал у нашу веру: нашыя намаганні, старанні, канкрэтныя ўчынкі, каб з усяго гэтага атрымаць духоўныя дывідэнды? Асабліва самы галоўны — Божае Валадарства.
Дарагія браты і сёстры! Напэўна, задаткі веры мае кожны чалавек на зямлі без выключэння, бо вера ўпісана ў натуру чалавека. Парадокс, але няма ў гэтым сэнсе няверуючых людзей. Кожны ў штосьці верыць: хтосьці ў свае сілы, хтосьці ў светлую будучыню, а хтосьці ў Хрыста і Яго Евангелле. Таму вера прысутнічае ў самой прыродзе чалавека і Езус яе параўноўвае да маленькага гарчычнага зерня. Бо на пачатку гэтая вера малая.
Толькі ў той момант, калі мы выбіраем сапраўдны шлях развіцця нашай веры, адбываецца яе ўзрастанне. Гэтае ўзрастанне больш залежыць ад Бога, чым ад нас. Ад нас залежыць, ці мы дазваляем Богу дзейнічаць на карысць нашай веры. Ці дазваляем Яму даваць гэтай нашай веры узрастанне. Калі так, то, можа, зараз той спрыяльны час, каб, сустрэўшыся з Езусам у Эўхарыстыі, разам з апосталамі ціха прамовіць: “Езу, дадай мне веры”. Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|