Дарагія браты і сёстры! Учора, ва ўрачыстасць Усіх Святых, нашыя сэрцы напаўняла радасць, якую мы раздзяляем з трыумфуючым Касцёлам, з усімі, хто атрымаў ласку збаўлення. Можам сабе інтуітыўна ўявіць, якое гэта шчасце прабываць з Богам у Яго Валадарстве!
Сёння як у літургіі, так і ў нашых сэрцах пануе іншы настрой. Нас ахоплівае смутак па тых блізкіх нашаму сэрцу людзях, якіх зараз з намі няма: дзядулі, бабулі, бацькі, можа, нават дзеці, родныя, сваякі, знаёмыя, сябры – усе, якія пераступілі парог вечнасці. Нельга ўстрымаць болю ці нават слёзаў, калі аб іх думаем, калі за іх молімся, калі проста па іх сумуем. Бо кожная страта, асабліва блізкага чалавека, заўсёды цяжка перажываецца.
Ведаю, што большасць з вас перажылі гэты боль, страту блізкай, роднай асобы. Асабліва сёння хачу вам выразіць свае спачуванні, бо і я смуткую па страце сваіх блізкіх, якія адышлі ў вечнасць. У гэтым я з вамі салідарны і таму хачу сёння разам з вамі за іх памаліцца, за ўсіх памерлых, блізкіх нашаму сэрцу.
Сумны настрой, які зараз прысутнічае сярод нас, звязаны з дзвюма рэчамі, з якімі мы сутыкаемся, калі разважаем пра нашых блізкіх памерлых. Менавіта прамінальнасць гэтага свету, у прыватнасці нашая чалавечая прамінальнасць, і вечнасць, якая нібы здаецца далёкай, але насамрэч вельмі блізкая. У псальме 103, які выкарыстоўваецца на выбар у сённяшняй літургіі, ёсць такія словы: “Дні чалавека — як трава, як палявая кветка, ён цвіце”. Гэта вельмі выдатны вобраз чалавечай прамінальнасці. Святы апостал Павел параўноўвае жыццё чалавека да далікатнага глінянага посуду, у якім змяшчаецца каштоўны Божы дар. Усё гэта прыводзіць нас да думкі, што мы не вечныя. Што калісьці прыдзе час пакінуць гэтае зямное жыццё. Так, як гэта ўчынілі тыя, каго зараз з намі няма, якія адышлі ў вечнасць. І гэтая вечнасць часамі можа нас непакоіць. Ці падрыхтаваныя мы да яе? Ці, можа, нас больш цікавіць пагоня за грашыма, славаю, поспехам і г.д.? Як тады быць з вечнасцю, якая нас чакае? Ці гатовыя мы сустрэцца з Хрыстом, ці не будзе нам за сваё жыццё сорамна паглядзець Яму ў вочы? Ведаю, гэта цяжкія пытанні, але вельмі добра, калі мы іх сабе ставім. Калі разважаем над гэтым, нават нягледзячы на тое, што падобныя пытанні па сваёй сутнасці нас непакояць. Значна горш, калі мы наогул не думаем пра вечнасць, калі толькі праводзім бесклапотнае жыццё, задавальняючыся тым, што ад яго бярэм кожны дзень. Прамінальнасць і вечнасць – гэтыя дзве рысы, якія прысутнічаюць у нашым жыцці, прымушаюць нас сумаваць, прымушаюць задаваць пытанні, нават непакояць. Дарагія, для нас, веруючых, заўсёды ёсць выйсце, няма безнадзейных сітуацый. Гэты смутак, які сёння пануе сярод нас, вядзе да надзеі, якую дае нам Езус Хрыстус! Напэўна, памятаеце словы Езуса з Евангелля паводле Яна, звернутыя да Марты, якую ахоплівала роспач па страце брата. Езус сказаў: “Я ўваскрасенне і жыццё, хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць… Ці верыш у гэта?” Я ўпэўнены, што гэтае пытанне актуальнае і зараз. Сёння Езус яшчэ раз ставіць мне і табе гэтае пытанне: ці верыш у гэта? І мы не павінны адчуваць роспач, як тыя, хто не мае надзеі. Бо калі верым – кажа апостал Павел, – што Езус сапраўды памёр і ўваскрос, то таксама і тых, хто памёр у Хрысце, Бог уваскрасіць разам з Ім. Таму будзем з надзеяй успамінаць усіх тых, хто дасведчыў прамінальнасць і пераступіў парог вечнасці.
Дарагія браты і сёстры! Агорнем жа асабліва сёння ўсіх нашых памерлых: родных, блізкіх, сваякоў, сяброў, дабрадзеяў… а можа, і тых нават, за якіх ніхто не моліцца. Менавіта мы іх надзея на хутчэйшае спатканне з Богам, якога яны моцна чакаюць. Напэўна, у чыстцы прыходзіцца ім зведваць нялёгкія цярпенні, і адчуванне ўласнай бязраднасці гэтыя цярпенні ўзмацняе. Таму так важна нам памятаць аб тых, хто патрабуе нашага сэрца і шчырай малітвы. Ведайце, што гэты ўратаваны ад чыстцовых пакутаў чалавек у Божым Валадарстве заўсёды будзе памятаць пра вас, тым больш калі гэта чалавек родны. Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|