Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Ці запрасіць Езуса сёння ў свой дом? Гамілія для моладзі 3 лістапада
Нядзельнае казанне
02.11.2013 20:16

Дарагія браты і сёстры! Аповед пра мытніка Закхея, які мы з вамі сёння пачулі, па сваёй сутнасці вельмі для нас павучальны. Таму што ён з’яўляецца у нейкім сэнсе працягам евангельскай сцэны, якую мы чулі тыдзень таму.

У мінулую нядзелю мы стараліся ўявіць са словаў Езуса вобраз і кантраст, які ўзнікаў паміж малітвай фарысея і малітвай мытніка, і што менавіта малітва мытніка была прынята Богам, бо была шчырай і поўнай пакоры. Сёння мы бачым ужо не вобраз, але цэлую гісторыю, якая здарылася з Закхеем. Гісторыю яго навяртання.

Навука гэтай евангельскай сцэны, якую мы можам сабе ўзяць на заметку, змушае нас задумацца над сваім жыццём, паспрабаваць паставіць сябе на месца Закхея, героя сённяшняга Евангелля.

Евангеліст Лука, які нам паведамляе пра гэтага мытніка, не кажа нам шмат пра яго, але ўзгадвае тое, што найбольш істотнае: вось адзін чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты. Зрэшты гэтых словаў дастаткова, каб скласці невялікую мазаіку вобразу гэтага чалавека.

З вышэйузгаданых словаў вынікае, што Закхей быў багатым габрэем, аб гэтым сведчаць не толькі словы евангеліста, але і ягоны статус. Паколькі ён быў кіраўніком мытнікаў ды яшчэ ў дадатак жыў у Ерыхоне (гэта было мястэчка заможных людзей), то несумненна багацця ў яго хапала. А паколькі меў уласную маёмасць, то перад гэтым павінен быў у рымлянаў набыць права на збіранне падаткаў, праз што пачаў супрацоўнічаць з акупантамі, становячыся рымскім мытнікам.

Гэтая пасада прадугледжвала шэраг прывілеяў для яго. Дзякуючы сваёй стараннай  працы, яго даброты і маёмасць памнажаліся. Напэўна, гэтая праца не была цалкам сумленная, магчыма, з гэтых падаткаў ён мог нямала чаго прысвоіць сабе, што і паўплывала на хуткі поспех у матэрыяльнай і фінансавай сферы жыцця гэтага мытніка. На той момант, аб якім распавядае евангеліст Лука, мытнік Закхей знаходзіцца на вышыні сваёй кар’еры і цешыцца вялікай колькасцю здабытага багацця.

Але ўсцяж ёсць нешта, што яго непакоіць. Закхея паглынае нейкае дзіўнае пачуццё няёмкасці перад людзьмі, яго ахоплівае нейкі неабгрунтаваны непакой, які па сваіх праявах больш падобны да пэўнага дакору сумлення.

Так! Закхея пачынае мучыць сумленне. Ён усведамляе, што ўсё гэтае багацце, уся яго маёмасць, слава як багацея і знакамітага чалавека Ерыхону здабыта за кошт крыўдаў многіх людзей.

Ды й наогул, як ведаем, у ізраэльскім грамадстве сярод большасці людзей мытнікаў не віталі. Хутчэй за ўсё іх трактавалі як шарлатанаў, адносіліся да іх як да здраднікаў. Ды і як маглі да іх адносіцца па-іншаму людзі, калі тыя ж мытнікі прымушалі сваіх жа землякоў плаціць немаленькія падаткі на карысць ворагам. Калі так адносіліся да простых мытнікаў, то можам сабе ўявіць як маглі адносіцца да іх кіраўніка. Магчыма, нават не адзін раз Закхей мог пачуць і праклён у свой адрас.

Мае дарагія! Свой жыццёвы шлях, які прайшоў Закхей ад моманту  маладосці, калі ён распачаў кар’еру мытніка, і да таго моманту, як стаў кіраўніком і разбагацеў, быў няпросты, і гэты шлях быў пракладзены праз лёсы іншых людзей, якія маглі цярпець беднасць і нястачу па прычыне ўзлёту яго кар’еры.

Ва ўсялякім выпадку людзі не адносіліся да яго добразычліва, ён даўно ў іх вачах згубіў славу добрага сумленнага чалавека. Аб гэтым узгадвае св. Лука, калі Езус збіраецца ўвайсці да дому Закхея: “Усе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі, што Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека”.

Вяртаючыся ў нашым разважанні да асобы Закхея, можам сабе ўявіць, якое моцнае ён мае прагненне сустрэць Настаўніка з Назарэта. Ён, напэўна, не лічыў сябе годным і не мог нават падумаць, што Езус захоча сам завітаць да яго ў госці. Закхей проста хоча ўбачыць Езуса. Боль яго сумлення прымушае шукаць якогасці выйсця з гэтай сітуацыі. Закхей жадае супакоіцца, хоча знайсці штосьці, што злагодзіць боль яго душы, нібы бальзам адкрытую рану.

Каб гэта ўчыніць, мытнік адчувае прагненне ўбачыць Езуса Хрыста. Не ведаем, што ў той момант адбывалася ў сэрцы таго багацея. Адно, у чым мы можам быць пэўнымі, дык гэта ў тым, што не было гэта выключна з-за цікавасці. Езус значна раней пачаў шукаць Закхея, бо, калі ўбачыў яго на смакоўніцы, сказаў наступныя словы: “Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме”. Ці не азначаюць гэтыя словы тое, што Настаўнік з Назарэта ўжо загадзя запланаваў гэтую сустрэчу з Закхеем.

Умілаваныя! У той момант Закхей пачынае перажываць сапраўднае навяртанне. Перад яго вачыма ўзнікаюць усе тыя моманты, якімі ён быў па-сапраўднаму незадаволены. Багацце нейкі час яго задавальняла. Яго поспех, яго пасада, тое, што яго паважалі высакапастаўленыя чыноўнікі, і нават не выключна, што паважаў сам пракуратар Юдэі. Усё гэта давала яму нямала адчування самазадавальнення. Але разам з гэтым узнёслым адчуваннем ён перажывае душэўны дыскамфорт, яго пачынае непакоіць уласнае сумленне. А нават прымушае нешта зрабіць у сваім жыцці, нешта змяніць. І вось перад Закхеем менавіта той момант.

Езус Хрыстус сам напрошваецца ў госці. Напэўна, гэтага ніхто не чакаў. Магчыма, многія, хто ішоў тады ў той дзень праз Ерыхон разам з Езусам, калі глядзелі на гэтага карантышку Закхея, меркавалі, што Езус скіруе да яго вострыя словы, папракне ў несумленным жыцці, карацей, дасць яму наганяй! Але нечакана ўсё адбылося па-іншаму. Езус прыходзіць у дом Закхея.

Мае дарагія! Уявіце толькі, якую палёгку адчуваў у сваім сэрцы Закхей! Як піша евангеліст, ён прыняў Езуса з радасцю. І адразу бачым плён гэтай сустрэчы: кіраўнік мытнікаў, гэтая шляхетная асоба, вызнае перад Панам жаданне кампенсаваць усё тое зло, несумленнасць і крыўду, якую ён учыніў сваім землякам: “Вось палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш”. Словы гэтыя сведчаць аб рашучасці мытніка, у мінулым вельмі багатага чалавека. І Езус прымае яго жаданне і раздзяляе нават яго радасць навяртання: “Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты… бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула”.

Такім чынам, аналізуючы жыццё Закхея, можам прыйсці да высновы, што той боль сумлення, які ён адчуваў у сваёй душы, прывёў яго да прагнення ўбачыць Езуса, а затым, калі ён Езуса ўбачыў, то прыняў у сваім доме і пры гэтым перажыў сапраўднае навяртанне, гэтаму спажарожнічала адданне часткі маёмасці і  грошай убогім і пакрыўджаным. Ад моманту навяртання Закхея ўжо не цікавіць ані маёмасць, ані грошы, ані слава. Чаму? Бо ўсё гэта яго прыгнятала. Зараз ён адчувае сапраўдную свабоду і  перамену свайго сэрца.

Дарагія браты і сёстры! Магчыма, у той вечар Закхей са славутага багача ператварыўся амаль у бедняка. Дакладна гэтага не ведаем. Напэўна, аддаць яму прыйшлося шмат, а ахвотнікаў было нямала. Аднак здабыў ён значна больш, чым аддаў. Ды і нават трапіў на старонкі Евангелля, як прыклад для нас, веруючых.

Сёння Езус звяртаецца і да нашых сэрцаў падобнымі словамі: “…сёння Мне трэба быць у тваім доме!” Можа, зараз менавіта той час, каб і нам злезці са смакоўніцы і запрасіць Езуса ў дом свайго сэрца! Варта рызыкнуць! Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:25
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.