Дарагія браты і сёстры! Адной з тэмаў, якія сёння закранае літургія слова, з’яўляецца тэма ўваскрасення і вечнага жыцця. Без сумніву, кожны чалавек, ці амаль кожны, раней ці пазней задумваецца аб тым, што яго чакае, і нават інтуітыўна адчувае, што існуе нейкі працяг гэтага жыцця. Што яно не заканчваецца натуральнай смерцю. Тым больш калі гэта чалавек веруючы, хрысціянін.
Хоць бываюць і такія цяжкія моманты, калі чалавек сумняваецца або мае нейкія іншыя свае спецыфічныя тлумачэнні, канцэпцыі жыцця і ўсяго таго, што адбываецца пасля яго. Не хачу зараз засяроджвацца на тым, як інтэрпрэтуюць смерць і жыццё пасля яе іншыя філасофскія напрамкі або рэлігіі. Бо пераважна большая іх частка прызнае вечнае жыццё. Сёння больш хачу не столькі паказаць непазбежнасць такой рэчаіснасці, як смерць, колькі паразважаць над надзеяй вечнага жыцця, якую дае Езус Хрыстус. Ён з’яўляецца гарантам нашага будучага ўваскрасення і жыцця.
На старонках Старога Запавету можна заўважыць пэўны намёк на ўваскрасенне. Напрыклад, калі нядаўна мы ўважліва слухалі чытанне з Другой кнігі Макабэяў, то там гэтая думка выразна бачная. Сведчанне братоў, якіх прымусілі пераступіць закон Майсея: або яны згодзяцца на тое, каб пакаштаваць свініну, што закон Майсея выразна забараняў, або іх чакае мучаніцкая смерць.
Вельмі ўражвае сведчанне другога брата (было іх сем, з імі была і падтрымлівала іх маці). Перад тым, як памерці, той другі брат кажа: “Ты, злачынца, забіраеш у нас цяперашняе жыццё. Аднак Валадар свету ўваскрасіць да вечнага жыцця нас, якія паміраюць за Яго Закон”. Вось гэтыя словы канкрэтна апавядаюць пра ўваскрасенне і вечнае жыццё. А паслухайце, што кажа чацвёрты брат, якога таксама чакала смерць: “Лепш памерці ад людскіх рук, а на Бога ўскладаць надзею, што зноў праз Яго будзем ажыўленыя”. Першае чытанне са Старога Запавету прыводзіць нам канкрэтны факт, што ўжо у той старажытны час была сфарміравана думка адносна ўваскрасення. Веруючыя і практыкуючыя юдаізм габрэі не баяцца аддаць сваё жыццё за вернасць закону, які даў Бог. Іншымі словамі, вернасць закону Майсея атаясамліваецца з вернасцю непасрэдна самому Богу. Ды і цяжка сказаць, каб людзі, якія не верылі або верылі не да канца, маглі аддаць сваё жыццё за вызнанне сваёй веры.
Як бачым, браты гэтыя не згаджаюцца на пастановы язычнікаў, на іх ліхія выхадкі і гатовыя панесці мучаніцкую смерць за праўду. Бачым, якое цудоўнае і моцнае не толькі рэлігійнае, але і маральнае выхаванне гэтых братоў. Яны паслухмяныя закону, які даў Бог праз Майсея, але таксама і верныя традыцыі сваіх продкаў. “Мы гатовыя хутчэй памерці, чым парушыць бацькоўскія законы”, – казаў адзін з братоў.
А як зараз з нашай вернасцю маральнай і рэлігійнай? Зараз у нас час, калі можам свабодна вызнаваць сваю веру, яе практыкаваць, практыкаваць таксама традыцыі нашых бацькоў, дзядуляў, бабуль, маю на ўвазе хрысціянскія традыцыі. Зусім нядаўна сутыкнуўся з такой сітуацыяй, калі бацькі нават забараняюць сваім дзецям хадзіць у касцёл і на катэхезу. Прыязджае бабуля і ўпрошвае гэтых бацькоў, каб яны пусцілі дзяцей у касцёл або на катэхезу. Дзе падзелася вера той сям’і? Як бачым, бывае па-рознаму. Таму Езус у Божым слове нас сёння заахвочвае да таго, каб мы абуджаліся са сну ляноты і бязвер’я і пачыналі ажыўляць нашае рэлігійнае жыццё. Рэлігійнасць упісана ў натуру чалавека. Вера дадзена нам Богам. Варта над гэтым яшчэ раз задумацца.
Паколькі вера — гэта дар, значыць мы павінны разлічыцца за яго. Як мы выкарысталі гэты дар? Ці змаглі яго развіць, або ён застаўся на тым самым узроўні, на якім і быў нам дадзены, ці мы выпадкова не змарнавалі гэтага дару? Вось у чым пытанне. Цяперашні свет, культура, дасягненні могуць у нас заглушаць прагненне веры. Або могуць нас зрабіць лянівымі на заклік Хрыста аб навяртанні. Трэба нам, дарагія браты і сёстры, быць вельмі ўважлівымі, каб справы гэтага свету не заглушалі зерня веры, якое пасадзіў Езус Хрыстус у нашых сэрцах ад моманту нашага хросту.
Кожны дар, таксама і дар веры, дадзены нам для чагосьці. А менавіта — каб мы праз веру атрымалі вечнае жыццё. Бог жадае, каб мы прымалі ўдзел у Яго радасці. Каб мы валадарылі разам з Ім. Інакш кажучы, каб мы па-сапраўднаму былі шчаслівымі. Тут, на зямлі, мы таксама можам быць шчаслівымі. Нам збольшага вядомы гэты стан — што значыць быць шчаслівым. Магчыма, мы нават неаднойчы зведвалі яго ў сваім жыцці. Гэта вельмі ўзнёслы стан, якому спадарожнічае пэўная ўнутраная гармонія, супакой і радасць. Але шчасце ў фармаце вечнага жыцця мы можам толькі злёгку ўявіць, яно бясконца перавышае любое зямное шчасце. Многія святыя, у прыватнасці містыкі, крыху пакаштавалі гэтага нябеснага шчасця, але ў поўні ім можна цешыцца толькі ў вечнасці. І Бог гэтага шчасця жадае кожнаму з нас. Як сам кажа, што не мае ўпадабання ў смерці грэшніка, але хоча, каб жыў і меў вечнае жыццё.
Таму, дарагія браты і сёстры, маем моцную і трывалую надзею на Езуса Хрыста, які ўваскрос. Ён, як ніхто з нас, людзей, лепш спазнаў, што такое смерць, бо, па-першае, Ён сапраўдны Бог, па-другое, зведаўшы ўсе абмежаванні чалавечай натуры, быў укрыжаваны і памёр, а па-трэцяе, Ён гэтую смерць перамог уласным уваскрасеннем. Езус нам не раскрывае падрабязна, як гэтае вечнае жыццё выглядае; адзінае, пра што можам даведацца са слоў Хрыста, — што чалавек у вечнасці не будзе такім абмежаваным, як зараз. Яго натура зменіцца, магчыма, нават законы фізікі знікнуць, адзінае, што не зменіцца, — гэта нашая асоба. Яна застанецца той жа. Таму нам не трэба баяцца вечнасці, не варта баяцца смерці. Усё ў свой час. Аб чым па-сапраўднаму і трэба было б нам клапаціцца, дык гэта аб нашым да гэтай вечнасці стаўленні. Не так важна, калі будзе ўваскрасенне або ў якой форме яно адбудзецца. Важна, што яно будзе! Калі? Вырашаць не нам! Але быць падрыхтаваным да вечнасці нам заўсёды трэба. Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|