Дарагія браты і сёстры! Кожны хрысціянін мае над сабою дзве ўлады: як грамадзянін ён падлягае ўладзе краіны, а як чалавек ахрышчаны падлягае ўладзе Касцёла. У асобных выпадках здараецца так, што рашэнне адной улады супярэчыць рашэнню другой, а чалавек павінен выбраць штосьці адно. І у сітуацыях, дзе нельга пайсці на кампраміс, вельмі цяжка зрабіць канкрэтны адказны крок.
Таму ў такіх канфліктных сітуацыях, каб выбар здзейсніць беспамылкова, існуе толькі адно выйсце, каб рашэнне было слушным і справядлівым. Трэба ўзяць пад увагу трэцюю ўладу. Бо насамрэч апрача грамадскай і рэлігійнай улады існуе Бог і Яго ўлада. І толькі Яго патрабаванні і закон па-сапраўднаму слушныя і справядлівыя. Бог выконвае ўладу ў імя праўды.
Кожны, хто прымае рашэнне ў імя праўды, заўсёды паступае слушна, нягледзячы на тое, ці вырашыць яго непасрэдная улада – свецкая ці рэлігійная - пакараць яго ці ўзнагародзіць.
Паглядзіце, дарагія браты і сёстры, Хрыстус таксама меў над сабою тры ўлады. Грамадскую ўладу прадстаўляў у Галілеі Ірад, у Юдэі - Пілат, а далёка ў Рыме - Тыберый. Другая ўлада рэлігійная, і яе прадстаўнікамі былі ў Ерузалеме Каяфа з Сінедрыёнам. І калі Езус з гэтымі ўладамі меў канфлікт, абедзве гэтыя ўлады падпісалі Езусу смяротны прысуд. Аднак Езус да канца застаўся верны свайму Айцу. Чаму? Бо толькі гэтая ўлада заўсёды верная і справядлівая.
Умілаваныя! Вернасць праўдзе заўсёды чыніць чалавека ўнутрана свабодным ад усялякай зямной улады, бо праўда пераўзыходзіць усякую зямную ўладу. Бо толькі праўда можа насамрэч асуджаць або мілаваць, прысуджаць пакаранне або ўзнагароджваць. Калі б Каяфа і Пілат апраўдалі Хрыста, то ўмацавалі б сваю ўладу і ўзвысілі яе аўтарытэт. Паколькі яны гэтага не зрабілі, выдалі на Езуса несправядлівы прысуд, то сама праўда вякамі абвінавачвае іх і будзе надалей вінаваціць у вечнасці.
Кожная ўлада ведае, што аб вартасцях яе падуладных сведчыць узровень таго, наколькі гэтыя падуладныя любяць праўду. Ведае пра гэта нават тады, калі за абвяшчэнне праўды, якае ёй перашкаджае, яна нішчыць падуладнага. І, нягледзячы ні на што, вернасць падуладных праўдзе заўсёды знаходзіцца ў інтарэсе ўлады.
Вельмі часта кажуць, што ўлада мае ўплыў на падуладных, забываючы, што і яны маюць таксама на ўладу свой ўплыў. А іх вернасць праўдзе ў стане так падзейнічаць на людзей, якія маюць нейкую ўладу, каб і ўладары лічыліся з праўдаю. Вядомая рэч, што адзін у полі не воін, і таму адзінкі верных у праўдзе можна ігнараваць, але групы людзей, якія паважаюць праўду і жывуць паводле яе, нельга не заўважыць і да іх не прыслухацца. Такія людзі становяцца голасам сумлення ў грамадстве.
Дарагія браты і сёстры! Варта нам заўважыць, што Хрыстус не заклікае ані Пілата, ані Каяфу да вернасці праўдзе. Адзінае Ён вызнае перад імі, робячы націск на тое, што Ён застанецца верным праўдзе, нават калі заплаціць за яе цаною свайго жыцця. “Я для таго нарадзіўся і для таго прыйшоў на свет, каб засведчыць аб праўдзе. Кожны, хто ад праўды, слухае голас Мой”.
Таксама, чытаючы Евангелле, мы не знойдзем ні аднаго выказвання Езуса, у якім Ён прапанаваў бы змену грамадскай або рэлігійнай улады. Езус ніколі не выступаў з заклікам да рэвалюцыі, хоць гэтага закліку многія чакалі. Сваёй паставай вернасці праўдзе Езус паўплываў на тых людзей, якія мелі ўладу, паўплываў шляхам асабістай любові да праўды. Сваёй паставай Езус прымусіў абудзіць сумленні многіх, а таксама стаў накірункам да павагі і вернасці праўдзе.
Пілат і Каяфа мелі самага каштоўнага падуладнага, які толькі мог быць на зямлі. А паколькі яны здрадзілі праўдзе, то выдалі Езуса на смерць. Але на самой справе гэта праўда выдала на іх прысуд. Там, дзе праўда парушаецца, там справа яшчэ канчаткова не закрыта, нават тады, калі абаронца праўды губляе сваё жыццё. Бо апошняе слова належыць не да ўлады, але да праўды.
Езус Хрыстус Валадар Сусвету - кіруе светам у імя любові, судзіць свет у імя праўды. Таму Ён і толькі Ён з’яўляецца адзіным, справядлівым Валадаром свету, які вучыць кожнага з нас быць верным праўдзе. Калі мы гэта прызнаем, калі ў сваім жыцці будзем імкнуцца быць вернымі праўдзе, то Хрыстус будзе Валадаром нашага сэрца, і мы таксама пачуем запрашэнне ў Яго Валадарства, як гэта пачуў у сённяшнім Евангеллі злачынец, які раскаяўся. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|