Дарагія браты і сёстры! Зараз у літургіі Касцёла распачаўся перыяд, які характарызуецца чаканнем Пана – называецца ён, як вы ведаеце, Адвэнт. Аб гэтым чаканні мы можам разважаць у розных аспектах, перадусім у аспекце чакання, якое цеплілася ў сэрцах людзей часоў Старога Запавету, якія чакалі прыйсця Месіі Збаўцы. Таксама адвэнтавае чаканне закранае і Парузію – другое прыйсце Хрыста напрыканцы часоў.
Божае слова ў гэты перыяд адкрывае вельмі шмат прароцтваў, дзе распавядаецца аб прыйсці Езуса Месіі, каб у нашых сэрцах абудзіць трывалую надзею, моцнае прагненне і патрэбу Бога. Абяцанні, якія змяшчаюцца ў прароцтвах Старога Запавету, рэалізуюцца праз таямніцу Уцелаўлення і Нараджэння Езуса Хрыста. Такім чынам, чаканне Старога Запавету цалкам адлюстроўваецца ў Новым.
Сёння літургія слова заахвочвае нас да чування, да гатоўнасці на прыйсце Пана, да спаткання з Ім, каб навучыцца Яго шляхам. Гэтая думка вельмі выразна бачная ў першым чытанні з кнігі прарока Ісаі: “Прыйдзіце, і ўзыдзем на гару Пана… і навучыць Ён нас сваім шляхам”. Прароцтвы гэтыя апавядаюць аб Хрысце, які прынясе святло іншым народам, не толькі выбранаму, і спазнаюць святло Божага збаўлення. Чуем гэта сёння ў словах заахвочвання: “Прыйдзіце, і пойдзем у святле Пана”.
Дарагія! Ці гатовыя мы стаць перад абліччам Хрыста? Ці гатовыя, як напісана ў сённяшнім першым чытанні, перакаваць мячы свае на плугі, і дзіды свае на сярпы; ці здольныя стаць у праўдзе перад сабою, бліжнім і Богам і ці здольныя ад сэрца прабачыць? Вось добрыя пытанні на пачатак новага літургічнага перыяду.
Святы Павел у пасланні да Рымлянаў заахвочвае, каб мы адкінулі ўчынкі цемры і апрануліся ў зброю святла. Іншымі словамі, Апостал народаў хоча, каб веруючы ў Хрыста чалавек заўсёды быў падрыхтаваны да перспектывы вечнасці, якая яго чакае. Бо тое прагненне і чаканне, якое было яшчэ ў Старым Запавеце, ужо рэалізавалася, і мы пакліканы да Святла, якім ёсць Хрыстус Збаўца. І таму нельга сябе весці, як быццам бы была цемра безнадзейнасці: нельга праводзіць жыццё ў гулянках ды п’янстве, у распусце ды разбэшчанасці, у сварках ды зайздрасці. Зброя Святла - гэта не што іншае, як сам Езус Хрыстус, у якога апранаецца чалавек, калі прымае Хрыста і жыве адпаведным чынам. Ды і сам Хрыстус у Евангеллі сёння кажа: чувайце, бо не ведаеце, у які дзень Пан ваш прыйдзе.
Паставай чування насычана ўся сённяшняя літургія слова: чуваннем на прыйсце Пана. І яно нам прынясе не асуджэнне і пакаранне, але радасць, спакой і выкананне ўсіх нашых добрых запаветных мараў. Словы прарокаў не маюць на мэце нас запалохаць, а святыя Новага Запавету зусім не ставяць невыканальных патрабаванняў на шляху да святасці. Усё гэта дае нам надзею і матывацыю, каб ў радасці і спакоі духу перажываць сваё хрысціянскае пакліканне.
Дарагія браты і сёстры! Гатовымі на прыйсце Пана мы павінны быць заўсёды. Час Адвэнту - гэта толькі акрэслены літургічны перыяд, які нам яшчэ раз нагадвае аб гэтай праўдзе. Ад нас залежыць пастава гатоўнасці і чування. Дзякуючы Эўхарыстыі гэтая падрыхтоўка становіцца моцнай і сапраўднай, а нашае чуванне пастаянным. Езус сёння кожнага з нас запрашае на гару перамянення сэрца, да навяртання. Каб мы пакінулі ўсё тое, што перашкаджае гэтаму спатканню. Каб мы ішлі да Хрыста з радасцю, бо мэта нашай хрысціянскай вандроўкі заключаецца ў збаўленні і вечным шчасці. А зараз час Адвэнту абвяшчае аб Божым Нараджэнні. А. Андрэй Авен OCD
|