Дарагія браты і сёстры! Уявіце сабе вялікі прыгожы сад, дзе шмат дрэваў. Які ён прыгожы, як радуе гэты сад наш позірк, асабліва вясною, калі пачынае квітнець. Прыгажосць і захапленне. І неабавязкова быць чалавекам сентыментальным ці рамантыкам, каб ацаніць гэтую прыгажосць. Думаю, вы са мною згодныя.
А ўявіце зараз іншы сад, які не мае гаспадара, які закінуты і занядбаны, сярод якога ніхто не жыве, ніхто не даглядае гэты сад. Ён сам па сабе, марнее ды сохне. Сумна сузіраць такі сад, бо неўзабаве ён будзе выкарчаваны і яго след згіне.
Нешта падобнае і ў жыцці чалавека. Аб гэтым нам кажа апошні прарок Старога Запавету Ян Хрысціцель: “Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў агонь”. Нашае духоўнае жыццё чымсьці падобнае да саду. І калі ёсць Гаспадар гэтага саду, саду нашай душы, Ён будзе клапаціцца, каб гэты сад не толькі ззяў веснавой прыгажосцю, але і каб прыносіў багаты плён.
Літургія Адвэнту, які зараз мы разам перажываем, стварае спрыяльныя ўмовы і атмасферу для таго, каб пераасэнсаваць сваё хрысціянскае жыццё, знайсці ў ім яшчэ больш глыбокі сэнс, адкрыць сваё пакліканне і заданне. Адкрыць або аднавіць. Таму нам неабходна чуванне. Адвэнт – гэта па-іншаму прыйсце. Калісьці ў эпоху Рымскай імперыі таксама існавала паняцце “Адвэнт”, і яно разумелася як прыбыццё ў нейкую мясцовасць цэзара або іншага высокапастаўленага чыноўніка Рыма ці сатрапіі, асобнай правінцыі. І да гэтага прыбыцця людзі рыхтаваліся, падобна да таго, як зараз рыхтуюцца да прыезду, напрыклад, губернатара або міністра.
У нашым выпадку госць значна большы – сам Бог да нас прыходзіць. Таму і падрыхтоўка павінна быць адпаведная. Чуванне і чаканне прыйсця Уцелаўлёнага Слова. І таму ў дапамогу нашай падрыхтоўцы сёння літургія прадстаўляе нам яшчэ адзін вельмі важны элемент, які далучаецца да нашага чування і чакання і які вельмі важны ў нашай адвэнтавай падрыхтоўцы, а менавіта НАВЯРТАННЕ.
“Прынясіце ж годны плён пакаяння” – звяртаецца сёння да нашых сэрцаў Ян Хрысціцель. Іншымі словамі: навярніцеся! Яго словы канкрэтныя і бескампрамісныя, бо адкрываюць Божую праўду: “Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае”. Ян Хрысціцель абвяшчае надыход Пана, у свае вусны ўкладвае старажытнае прароцтва з кнігі Ісаі: “падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму”.
Усе гэтыя словы адкрываюць перад намі перспектыву збаўлення і патрэбу гатоўнасці гэтае збаўленне прыняць. Сам Ян вельмі выразна кажа не толькі пра Апошні Суд, параўноўваючы нас да дрэваў, але і кажа пра жыццё, згоднае з Хрыстом. Праз веру мы прыносім багаты плён, а праз занядбанне, праз бязвер’е і маладушнасць мы чэгнем і сохнем, і тады нас чакае тое ж самае, што чакае сухое дрэва…
Святы Ян Хрысціцель хоча, каб мы ўсвядомілі: прыйдзе час, калі добра будзе бачна, як мы пражылі не толькі сёлетні Адвэнт, але і ўсё нашае жыццё. Інакш кажучы, калі ў сваім жыцці мы прыносім багаты плён, аб якім кажа Евангелле, то нашае жыццё не змарнавана, яно мае глыбокі сэнс, бо закаранёна ў самім Езусе Хрысце. Гора, калі мы бясплодныя, калі забываем, хто такі хрысціянін і якім павінна быць яго жыццё, бо чакае тады нас лёс высечанага і спаленага дрэва.
Гэтая ж думка прысутнічае і ў першым чытанні з кнігі Ісаі, якое распавядае аб прыйсці Месіі, які будзе судзіць справядліва: “Ён будзе судзіць убогіх паводле справядлівасці, і прыгнечаным зямлі будзе выносіць прысуд у праўдзе”. Таму зараз час, каб стаць у праўдзе, ацаніць сваё жыццё, свае паводзіны, зрабіць работу над памылкамі… Адвярнуцца ад зла і палюбіць дабро.
Святы апостал Павел у сённяшнім другім чытанні напісаў вельмі добрую думку, якая можа нам паслужыць матывацыяй да навяртання: “Таму прымайце адзін аднаго, як і Хрыстус прыняў вас на хвалу Божую”.
Умілаваныя ў Хрысце! Калі мы па-сапраўднаму ўсведамляем тое, што мы грэшныя, калі свае правіны вызнаем, спачатку перад самім сабою, калі адчуваем патрэбу Божага прабачэння, калі нашае сэрца напаўняе жаль і жаданне выправіцца, то мы здольныя лепш зразумець нашых бліжніх, здольныя перамагчы крыўду – прабачэннем, а непаразуменне і раздзяленне – згодай і еднасцю. Вось наша задача на гэты Адвэнт. Адкрыць патрэбу навяртання, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|