«Калі надышла паўната часу, паслаў Бог Сына свайго, народжанага ад жанчыны...каб адкупіць тых, хто падлягаў Закону».
Дарагія браты і сёстры!
Гэтыя словы, зачэрпнутыя з другога чытання, выдатна характарызуюць сённяшнюю ўрачыстасць у гонар Божай Маці. Яе асоба выразна ўпісана ў гісторыю збаўлення. Нават на старонках Старога Запавету можам як бы здалёк у Протаевангеллі заўважыць прароцтва, якое кажа пра Найсвяцейшую Панну Марыю. Яна ёсць той жанчынай, якая знішчае галаву змея. Бо менавіта Яна з’яўляецца Маці, якая дала свету Збаўцу Езуса Хрыста.
Сёння таксама першы дзень Новага 2014 года. Гэта чарговы год трэцяга тысячагоддзя хрысціянства, і перад намі зноў вялікія перспектывы і магчымасці, планы, праекты, заданні і г.д. Сённяшняя ўрачыстасць накіроўвае нашу ўвагу на мацярынства, бо на пачатку кожнага жыцця заўсёды знаходзіцца маці. Усведамляючы сабе вялікае значэнне гэтай праўды, Касцёл нездарма прысвячае першы дзень Новага года, 1 студзеня, менавіта мацярынству Найсвяцейшай Панны Марыі. З гэтай нагоды калісьці не так і даўно, дакладна 8 снежня 2000 г., Папа Ян Павел ІІ, які ў гэтым годзе будзе кананізаваны, у той час, будучы на іспанскай плошчы, прамовіў такую малітву:
"Беззаганная Марыя, узносім да Цябе нашыя позіркі і пакорна просім, падтрымлівай нас у змаганні з сіламі зла і ўмацоўвай нас на карысць дабра. Захавай нас у Тваёй матчынай апецы, Дзева Святая і Прыгожая! Будзь нам успамогай, каб мы ўвайшлі ў трэцяе тысячагоддзе, апранутыя ў пакору, дзякуючы якой Ты, о Маці, стала выбранай перад вачыма Усемагутнага, які вялікія рэчы ўчыніў для Цябе. Няхай плёны новага года ў новым тысячагоддзі не будуць знішчаны".
Прамінуў чарговы год трэцяга тысячагоддзя, для кагосьці хутка і незаўважальна, а для кагосьці марудна і доўга. Аднак не можа ён застацца толькі пустым успамінам, а новы год, які распачаўся, не можа быць толькі адным святкаваннем. Заўсёды на парозе новага года кожны з нас мае новы шанс даверыцца апецы Той, якую сам Бог выбраў, каб стала на пачатку гісторыі збаўлення. Касцёл заахвочвае, каб кожны з нас скарыстаўся магчымасцю даверыць сябе і сваіх блізкіх апецы Маці Божай у першы дзень Новага года.
Умілаваныя! Кожнаму з нас варта гэта сабе ўсвядоміць, каб феерверк навагодніх забаваў не зацьміў нам гэтую праўду. Вельмі добра, што мы святкуем Новы год, што ўмеем весяліцца. Толькі ці ўмеем гэта рабіць па-божаму? Плёны сапраўднай радасці застаюцца на доўгі час, а якія плёны застаюцца ў нашых сэрцах? Ці мы радуемся, калі сустракаем іншага чалавека, калі можам з ім паразмаўляць шчыра, сардэчна, павесяліцца ад душы? Вось давайце падумаем, што нас аб’ядноўвае і збліжае ў час такога свята: іншы чалавек, яго асоба, ці штосьці іншае - пэўны “допінг”.
Варта задумацца яшчэ аб адной справе: паглядзіце, прайшло ўжо больш за 2000 гадоў ад нараджэнна Князя Супакою – Божага Сына, чаму ж ад таго часу аж да сённяшняга дня на зямлі ўсё яшчэ няма супакою? Як паглядзім навіны па тэлебачанні ці паслухаем радыё - проста жах: дзесьці ўраган знішчыў паўкраіны, яшчэ дзесьці тэракт з вялікай колькасцю ахвяраў, а дзесьці грэбуюць правамі чалавека, замест яго выбіраюць, жыць яму ці паміраць.
Мае дарагія, немагчыма нават пералічыць усёй несправядлівасці, якая існуе ў свеце на дадзены момант, нават няма і сэнсу ўсё пералічваць, бо гэтага безліч. Ці віной усяму вялікая палітыка і няўменне весці дыялог, каб знайсці паразуменне і жаданы супакой? Чаму няма супакою ў нашых сем'ях, у нашых дамах, у нас саміх? Ці віной гэтага таксама вялікая палітыка? Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|