Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ўрачыстасць Аб’яўлення Пана (6 студзеня)
Нядзельнае казанне
05.01.2014 19:28

Дарагія браты і сёстры! У сваім жыцці мы, як веруючыя хрысціяне, імкнемся да мэты, якой з’яўляецца збаўленне ў Езусе Хрысце. На дарозе нашага жыцця мы карыстаемся пэўнымі арыенцірамі, як напрыклад мудрацы з Усходу, для якіх арыенцірам стала Бэтлеемская зорка.

Мы таксама маем святло на нашым шляху, якое нам асвятляе дарогу: гэта святло Божых запаведзяў і Евангелле Хрыста. Дзякуючы гэтаму святлу мы можам беспамылкова дайсці да мэты. Аднак дарога гэтая не з’яўляецца лёгкай. Напэўна, на ёй ёсць або будуць пэўнага роду перашкоды, цяжкасці, непаразуменні, змаганні. Гэтага нікому не ўдасца пазбегнуць. Так, як гэта было на шляху тых Трох Мудрацоў, аб якіх мы сёння чулі літургію слова. Для нас вельмі важна не згубіць адвагу, а таксама арыенцір, які вядзе да мэты.

Усім нам вельмі вядомы метад дзейнасці зла, які паказаны ў сённяшнім Евангеллі. Ірад змагаўся з дабром пры дапамозе мяча.

Насілле і крыўда – гэта менавіта той метад, якім карыстаецца зло на працягу вякоў. На жаль, у апошнія часы гэтага метаду таксама хапае. Асабліва калі ўзяць пад увагу ахвяры сусветных войнаў, дзе чалавечая годнасць не мела ніякага значэння.

Сёння зло крыху змяніла свой напрамак і пачало карыстацца так званым метадам памылковай зоркі. Але зло заўсёды застаецца злом. І гэты метад, я б сказаў, не саступае іншым, а нават у нейкай ступені з’яўляецца больш небяспечным і агрэсіўным.

Зорка, будучы крыніцай святла, павінна весці да праўды, паказваць правільны напрамак. Яна своеасаблівы компас, арыенцір для тых, хто ў дарозе. Але калі такая зорка адводзіць нас ад праўды, паказваючы памылковы шлях, – гэта прыводзіць да трагедыі.

Разважаючы над сённяшнім Евангеллем, я хачу паказаць тры такія памылковыя зоркі, якія з’явіліся на небе сучаснага свету, на нашым небе таксама і шмат каго падманваюць сваім фальшывым святлом.

Першая такая зорка – гэта секты. Усе яны маюць намер адвесці людзей ад Эўхарыстыі. Ніякая секта не мае гэтага велічнага дару самога Бога, і людзі, якія ствараюць і кіруюць сектамі, імкнуцца знішчыць сапраўдную хрысціянскую еднасць, якая мае крыніцу ў Эўхарыстыі.

І сапраўды дзейнасць такіх сектаў вельмі дэструктыўна ўплывае на людзей, у якіх вера нямоцная: шмат хто з такіх веруючых пакідае Касцёл, яго шматвяковую традыцыю, а перадусім пакідае сапраўднага Бога, невядома дзеля чаго: ці то дзеля прыгожых брашурак, узнёслых ідэй, матэрыяльных сродкаў, ці яшчэ дзеля чагосьці…

Нам могуць быць вядомыя секты, якія базуюцца на крытыцы Касцёла, на крыху нездаровым разуменні кнігі Апакаліпсісу, такія як Сведкі Іеговы, але існуюць секты з вельмі вялікім узроўнем культуры і інтэлектуальнасці, якія нібы да ўсіх ставяцца пазітыўна – але іх мэта адна: адвесці людзей ад Эўхарыстыі.

Другой памылковай зоркай з’яўляюцца рэлігіі Усходу. Праяўляюцца яны ў розных формах. Такімі з’яўляюцца індуізм, будызм, сінтаізм і гэтак далей. Хачу ўзгадаць, што індусы лічацца адным з найбольш рэлігійных народаў свету. Яны трываюць у адарацыі абсалюту. Аднак Бог, жадаючы перадаць свету праўду, выбраў не індусаў, але параўнальна невялікі народ, ментальнасць якого была далёкай ад кантэмпляцыі, – гэта ізраэльскі народ. Народ, які часта вандраваў, быў, можна сказаць, непаседлівым, вёў шматлікія войны. Менавіта гэты народ выбраў Бог. А небяспека рэлігій Усходу заключаецца ў тым, што яны адводзяць чалавека ад Хрыста, сапраўднага Збаўцы. І замест гэтага даюць неакрэслены абсалют, у якім  немагчыма ўбачыць асобу. Гэта нейкая невядомая безасабовая сіла.

Ва ўсходніх рэлігіях Бог ніколі не сыдзе на зямлю, не паселіцца сярод людзей, а тым больш не аддасць за іх сваё жыццё. Уцелаўленне для рэлігій Усходу з’яўляецца чымсьці парадаксальным і незразумелым. Таму вельмі цяжка для людзей, якія жывуць у гэтай усходняй ментальнасці, прапаведваць Евангелле. Да іх яно цяжка даходзіць. А гэтыя рэлігіі становяцца вельмі папулярнымі ў свеце і распаўсюджваюцца вельмі хутка, асабліва сярод моладзі. І гэтыя людзі, захопленыя ўзнёслымі ідэямі і медытацыямі, хутка губляюць веру ва Уцелаўлёнае Слова, губляюць веру ў Хрыста.

І ўрэшце трэцяя памылковая зорка – гэта псіхааналіз, уздзеянне ў нейкай ступені на падсвядомасць чалавека. Пры гэтым не важна, верыць чалавек у Бога ці не, галоўнае, каб у яго прысутнічала ўнутраная раўнавага і гармонія. Становіцца непатрэбнай споведзь, затое ўзрастае папулярнасць наведваць псіхааналітыка, які і будзе для такога чалавека збаўцам. Такі псіхааналітык будзе старацца зрабіць парадак у тваім розуме, папулярна кажучы, прамые мазгі і апраўдае цябе зва ўсіх тваіх учынках, словах і думках. Псіхааналіз з’яўляецца сур’ёзнай небяспекай, бо адрывае веруючага ад Бога і канцэнтруе ўвагу непасрэдна на самім чалавеку, перакрэсліваючы ўсялякае Божае дзеянне і ласку.

Мае дарагія, Захад ужо зведаў дзеянне гэтых памылковых зорак, можна сказаць, распазнаў іх. Але і на нашым небе гэтыя зоркі даволі ярка свецяць і сваім бляскам спакушаюць людзей слабой веры. А паколькі мы, нібы тыя мудрацы з Усходу, прыйшлі на бляск сапраўднай зоркі, якая нас вядзе да Хрыста, да Эўхарыстыі, то варта ад усяго сэрца падзякаваць Богу за веру і прасіць Яго аб тым, каб не сысці з гэтага шляху праз дзеянне святла памылковых зорак, якія існуюць і на нашым небе.

Мудрацы пры дапамозе святла Бэтлеемскай зоркі дайшлі і ўбачылі Хрыста. Сёння людзей прыцягвае святло памылковых зорак, а вынік гэтага – адыход ад веры і шуканне збаўлення там, дзе яго няма. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:15
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.