Дарагія браты і сёстры! Сёння Евангелле ставіць нам у прыклад асобу Яна Хрысціцеля. Калі казаць больш дакладна, то ставіць у прыклад яго сведчанне аб Езусе Хрысце: “Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету”.
Перад гэтым Ян Хрысціцель распазнае ў Езусе доўгачаканага Месію і таксама з’яўляецца сведкам тэафаніі: “Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім…” Апошні прарок Старога Запавету становіцца сведкам Бога, які аб’яўляе свайго ўмілаванага Сына. Спачатку Ян убачыў, потым паверыў і засведчыў. Вось менавіта такая логіка і паслядоўнасць існавала ў жыцці св. Яна Хрысціцеля. Убачыць-паверыць-засведчыць.
Мае дарагія! Мы веруючыя хрысціяне, і ў нашым жыцці таксама павінна знайсціся месца на сведчанне. Нашае асабістае сведчанне веры. Трэба прызнаць, што ў цяперашні час вельмі часта можна згубіць гэтае пачуццё быцця сапраўдным веруючым хрысціянінам. Існуе такі шэраг небяспек, што іх нават цяжка пералічыць. Сучасны свет настолькі змяніўся нават за апошнія дзесяцігоддзі, што зараз чалавек вельмі часта паддаецца на маніпуляцыю з боку новага стылю жыцця, таго, што з’яўляецца модным, папулярным і г.д. А справы веры адыходзяць на апошні план, становяцца старой добрай дэкарацыяй, якая толькі ўпрыгожвае нашае жыццё. А насамрэч жыццё паводле веры не павінна быць дэкарацыяй, нельга яго трактаваць як толькі прыгожую традыцыю нашых продкаў. Канешне, у нашым хрысціянскім пакліканні ёсць месца на прыгожыя традыцыі, калі яны ажыўляюць нашае хрысціянскае жыццё. Але сутнасць нашага паклікання ў Хрысце не можа стаць толькі традыцыяй.
І сёння гэтая думка вельмі добра падкрэслена ў Евангеллі, дзе святы Ян Хрысціцель добры гэтаму прыклад. Чаму мы можам навучыцца ў Яна Хрысціцеля? Я мяркую, ён можа быць для нас добрым узорам пакоры.
Ён аб’яўляе свету Збаўцу, рыхтуе ізраэльскі народ да гэтай месіянскай падзеі, і калі яго заданне выканана, Ян пакорна сыходзіць з прароцкай арэны, каб саступіць месца Езусу. А дзеля гэтага таксама трэба мець шмат пакоры. Ян сведчыць, таму што ён чалавек пакорны. Ён спазнаў Збаўцу, як свайго Бога, і сваё жыццё цалкам Яму падпарадкаваў. Гэта дазволіла Яну даць сведчанне аб Езусе Хрысце, а ў будучым гэтым жа шляхам крочылі апосталы і вучні, даючы сваё сведчанне аб Настаўніку з Назарэта. І заўсёды гэтае сведчанне вынікала з жыцця асобы, якая яго давала.
Вось паглядзіце, сам Езус дае сведчанне пра Бога: “Так Бог палюбіў свет, што даў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў, але меў вечнае жыццё”. Бог Айцец таксама дае сведчанне пра свайго Сына: “Гэта Сын Мой умілаваны, якога Я ўпадабаў”. Затым можам прыгледзецца да жыцця апосталаў, якіх Езус паклікаў, каб былі сапраўнымі Яго сведкамі.
Калі на месца Юды выбралі Мацвея, то для таго, каб ён быў разам з імі сведкам уваскрасення Езуса Хрыста. Праз пэўны час, калі фарысей Саул яшчэ быў актыўным пераследвальнікам хрысціянаў, пад Дамаскам пачуў голас: “Я – Езус, якога ты пераследуеш, але ўстань, бо хачу цябе зрабіць сведкам, усяго таго, што табе аб’яўлю”. Інакш кажучы - хачу, каб ты сведчыў пра Мяне.
Падобных прыкладаў безліч. Нам важна прыгадаць сабе яшчэ раз, што мы таксама ў веры пакліканы быць сведкамі Езуса, які ўваскрос, які нам дае залог збаўлення.
Калі мы зазірнем у гісторыю першых стагоддзяў хрысціянства, то можам гэты перыяд ахарактарызаваць як эпоху мучанікаў, але і ў пазнейшыя стагоддзі было шмат веруючых, якія аддавалі сваё жыццё за веру. Можа, таму ў грэчаскай мове словы сведак і мучанік выражаліся адным словам “MARTYR”. І сведчыць аб веры разумелася як аддаць сваё жыццё за Хрыста.
Дарагія, можа, не ўсіх Бог сёння кліча да мучаніцтва, да таго, каб аддаць сваё жыццё за веру, але гэта не значыць, што мы не павінны быць сведкамі Хрыста ў сучасным свеце. Да такога сведчання пакліканы кожны хрысціянін. Другі Ватыканскі Сабор звяртае ўвагу, між іншым, на пытанне сведчання, каб мы імнуліся ў сваім жыцці рэалізоўваць Евангелле, а калі ёсць патрэба ці неабходнасць, то таксама словам і павучэннем належыць сведчыць аб вялікай любові Бога да чалавека, якая праявілася ў асобе Езуса Хрыста.
Бэнэдыкт XVI калісьці казаў, што, калі на сталіцу св. Пятра выбралі яго папярэдніка, Караля Вайтылу, каб той служыў Паўсюднаму Касцёлу, у ім выразна праявілася сведчанне веры, якое дзейнічала праз любоў. І гэтае сведчанне праявілася ў двух выразных момантах: першы – гэта прабачэнне ад сэрца брату, які здзяйсняў пакушэнне на жыццё Яна Паўла ІІ, другі – што калі пасля доўгай аперацыі Ян Павел ІІ абудзіўся, то запытаў адразу кс. Станіслава Дзівіша: ці памаліліся мы малітваю на заканчэнне дня? Гэтыя і падобныя ўзрушаючыя моманты з жыцця Вялікага Папы з’яўляюцца беспамылковым доказам таго, што ён усім сэрцам быў адданым сведкам Хрыста! Ён паказаў нам, што ў сучасным свеце, у эпоху новых тэхналогій, можна і трэба жыць Евангеллем Хрыста! Што запаведзь любові да Бога і бліжняга не міф, не рэлігійны пафас, але сэрца нашай веры.
Няхай прыклад святога Яна Хрысціцеля, які нам сёння паказвае Евангелле, а таксама жыццё і вера людзей, якія сваё жыццё прысвяцілі Хрысту, стане і для нас сёння заахвочваннем, каб мы ў сучасным свеце не саромеліся называцца і быць хрысціянамі, каб мы лепш зразумелі сваё пакліканне і заданне і адважна маглі казаць са святым Янам Хрысціцелем, даючы сведчанне асабістага жыцця: я бачу і сведчу, што Ён Сын Божы. Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|