Дарагія браты і сёстры! Напэўна, шмат хто з нас задумваўся над такім пытаннем: “Кім для мяне ёсць Бог?” - і стараўся знайсці на гэтае пытанне адказ. Часамі нам здаецца, што мы адказ на гэтае пытанне добра ведаем, а часам, асабліва калі мы нешта перажываем, здаецца, што не можам убачыць і адчуць Бога, якога адчувалі раней. Дык які Ён, наш Бог?
У розных людзей існуе розны падыход да разумення Бога. Для адных Ён -толькі гіпотэза, якая тлумачыць шмат з’яваў у жыцці чалавека і ў сусвеце наогул. Для іншых Бог - гэта далёкая рэчаіснасць, якая не мае істотнага ўплыву на нашае жыццё. І трактуюць часта Бога не больш, як планету Сатурн. Вядома, што яна існуе і можна пры дапамозе тэлескопа бачыць яе, можна на гэтую тэму шмат даведацца пры дапамозе падручнікаў, навуковых праграм, астранамічных даследванняў ці энцыклапедый і г.д. Але мільёны людзей паміраюць на зямным шары, наогул не ведаючы нічога пра Сатурн. Для многіх Бог - гэта нейкая вельмі адлеглая рэчаіснасць, якая не мае ніякага ўплыву і дзеяння на чалавека. Яны толькі вераць, што Ён існуе. І больш нічога. Значна больш іх, можа, цікавіць сусед, які жыве за сценкай, чым Бог і Яго Таямніца.
А яшчэ для іншай катэгорыі людзей Бог - гэта штосьці накшталт сонца, а яны жывуць у яго бляску. Ведаюць вартасць святла і цяпла. І хоць могуць зведваць у сваім жыцці доўгія ночы і цемру, але ўсведамленне таго, што некалі дачакаюцца цёплага сонечнага надвор’я, дазваляе ім перамагчы буры. Такі падыход да Бога робіць веру жывой, дае чалавеку моц і святло. Але ўсё роўна Бог гэты высока на небе, а чалавек - нізка на зямлі. І дзейнічае, нібы промні сонца, а чалавек жыве на зямлі, цешучыся гэтымі прамянямі.
Пераломным момантам у развіцці веры з’яўляецца адкрыццё Бога ў супрацоўніцтве з Ім, з Яго ласкай. Ён блізка нас, поплеч, каб з намі быць у нашым жыцці і з намі супрацоўнічаць. Гэтае адкрыццё веры з’яўляецца ў той момант, калі перада мною ўзнікае сітуацыя, якую я ўласнымі сіламі не магу вырашыць. Яна перарастае мае чалавечыя магчымасці. Заданне гэтае ўжо мною пастаўлена, а паколькі па-чалавечы гэта немагчыма, то трэба выконваць гэтае складанае заданне, верачы, што Бог мне дапаможа і я ўсё рэалізую. Як бы мне дзіўна і складана ні здавалася. Бо толькі разам з Ім можна выканаць заданне ў нашым жыцці, якое б складанае яно не было.
Гэта штосьці падобнае да таго, калі, напрыклад, чалавек хоча перанесці цяжкую бэльку, сам яе не здольны падняць і таму просіць Бога, каб узяў бэльку з другога канца. Верачы ў гэта, ён узнімае бэльку і, хоць не бачыць Бога, але дасканала адчувае, што Ён разам з ім нясе гэты цяжар. Гэта сяброўства. Бо сяброўства заусёды звязана з супрацоўніцтвам, і заўсёды гэтае супрацоўніцтва двухбаковае. Не паасобку, але разам. Сяброўства - гэта нешта накшталт гладзенькага марскога пяску, на якім бачныя чалавечыя сляды. Спачатку гэтых слядоў чатыры, а ў нейкі момант толькі два. Сапраўдны сябар не толькі гатовы падтрымаць, але нават узяць на рукі. І ў жыцці кожнага з нас гэтым сапраўдным сябрам заўсёды ёсць Бог. І нашыя бліжнія, якія нас любяць.
Адзін святар ведаў маладую сям’ю, у якой было двое малых дзяцей. Сям’я гэтая ледзьве зводзіла канцы з канцамі. Жылі вельмі бедна, таму чакалі, пакуль жонка выйдзе на працу пасля дэкрэтнага адпачынку. Праз нейкі момант яны даведваюцца, што пад яе сэрцам заіснавала яшчэ адно жыццё. І ў сям’і адразу з’яўляецца страшная спакуса забіць гэтае жыццё перад нараджэннем, здзейсніць аборт. Сям’я з болем і цяжкасцю перажывае гэтыя дні складаных выпрабаванняў, і заканчваюцца яны канкрэтным рашэннем мужа, які кажа жонцы: народзіш дзіця, аб астатнім хай Бог клапоціцца.
Ад таго моманту прайшло пяць год. Сёння гэта шчаслівая сям’я, якую часта можна ўбачыць разам. І муж успамінае гэтыя цяжкія моманты, кажучы: “Вельмі часта мы з жонкаю разважаем пра гэтую таямніцу пяці год. Адбылося ў нашым жыцці за гэты час шмат новага. Усё перамянілася на лепшае. Мы пачалі апекавацца старой цёткай і за апеку над ёй атрымалі жыллё. Я сам змяніў працу і знайшоў вельмі шмат добрых сяброў, якія проста нас зразумелі і пастараліся нам дапамагчы. У жонкі таксама выдатная праца. Шчыра дзякуем за гэта Богу!” Калі святар пачуў гэтыя словы, то адказаў ім: “Прымаючы гэтае дзіця, вы прынялі самога Бога ў сваё жыццё! І ад таго моманту Ён супрацоўнічае з вамі і ёсць вашым найлепшым сябрам”.
Дарагія браты і сёстры! Апосталы да моманту спаслання Духа Святога строілі шмат планаў і перспектыў, абапіраючыся толькі на свае сілы, таму ўвесь той час сядзелі, поўныя боязі, у закрытым памяшканні. Гэта не было дрэнным, бо іх гэта яднала, але ўсё ж яны не маглі ўпоўні выконваць сваю апостальскую місію. І толькі з моманту, калі свае сілы далучылі да Бога, пачалі з Ім супрацоўнічаць, здзейснілі такія справы, якімі самі былі здзіўлены.
Ведаеце, для кожнага веруючага, для нас з вамі, Бог - гэта не гіпотэза, не рэчаіснасць, аддаленая, быццам Сатурн; гэта нават не сонца на небе, але Усемагутны Сябар, дзякуючы якому можам зразумець, чым ёсць сяброўства і любоў насамрэч. Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|