Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на V Звычайную нядзелю, Год А
Нядзельнае казанне
08.02.2014 16:30

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе Евангелле схіляе нас паставіць пытанне: якім павінен быць веруючы чалавек сёння ў сучасным свеце? Што значыць соль і святло, аб якім, звяртаючыся да нас, кажа Хрыстус?

І соль, і святло выконваюць немалую ролю ў нашым жыцці. Соль надае смак ежы, дзякуючы ёй розныя стравы становяцца смачнымі. Святло робіць выразным нашае зямное існаванне. Цяжка нават сабе ўявіць жыццё, калі б гэтага ўсяго не было. Нашая роля ў гэтым жыцці, як людзей веруючых, - мець у сабе гэтую соль, аб якой кажа сёння Хрыстус, соль, якая дае свой асаблівы смак гэтаму свету.

Свет змяняецца. Апошнім часам робіць гэта вельмі хутка, і адбываецца гэтая перамена не цалкам у лепшы бок. Мы як людзі веруючыя можам бачыць сёння шмат плюсаў ад гэтых пераменаў, але і мінусы таксама ёсць. Але зараз гаворка не аб гэтым. Свет змяняўся і надалей будзе змяняцца, і нават мы можам паўплываць на лепшыя перамены свету, але калі пачнем перамену ад саміх сябе. Калі зразумеем, якой соллю нам трэба быць у гэтым свеце, якім святлом асвятляць сваё жыццё  і жыццё іншых.

Іншая справа - як гэта зрабіць, каб быць сапраўднай соллю і святлом у сучасным свеце? Мяркую, важным крокам у нашым жыцці будзе тое, што мы аб гэтым задумваемся і як вынік пачынаем шукаць адказу. Тут важна не памыліцца адносна той крыніцы, з якой мы хочам гэты адказ зачарпнуць.

Асабіста я раней не разумеў, чаму Езус апосталам і вучням тлумачыў свае прыпавесці, а для шматлікага безымяннага натоўпу скіраваў сваю навукутолькі і выключна ў форме прыпавесцяў. Мяне трошкі бянтэжылі словы, якія былі зачэрпнуты з прароцтва: каб вушамі слухалі і не разумелі і не навярнуліся. Жорсткія словы. Але з другога боку мала чуць гэтыя словы, якія прамаўляе Хрыстус. Імі трэба вучыцца жыць. Значыць, трэба быць вучнем Езуса Хрыста, каб спазнаць і прыняць Яго навуку.

Вось гэта ўжо першыя крокі да таго, каб зразумець значэнне солі і святла. Гэта я, веруючы хрысціянін, павінен надаваць смак маёй штодзённасці, а значыць, я магу яе перамяняць, не цалкам, канешне, сваімі сіламі, але разам з Хрыстом, маім Настаўнікам. Разам з Ім мы можам перамяніць не толькі сваё жыццё, але і асвятліць шлях многіх, нават тых, хто яшчэ, магчыма, у цемры.

Справа ў тым, што пра Хрыста можна шмат чуць, але так і не спаткаць Яго ў сваім жыцці. Дзіўна гэта, але як жа часта можна заўважыць пэўную разбежнасць паміж нашай вераю, якую мы вызнаем, і стылем жыцця, якім жывем. Напэўна, гэта кожны з нас адчувае. Часамі мне здаецца, што вера некаторых заканчваецца на парозе касцёла, калі з яго выходзяць. Ці такім павінен быць сапраўдны вучань Хрыста? Так, ніхто з нас не з'яўляецца дасканалым, раней ці пазней дапускаем памылкі. Але калі паглядзім на апосталаў і вучняў Езуса, іх жыццё таксама не было пазбаўлена выпрабаванняў і памылак, сумніваў і цяжкага досведу. Аднак свядомасць праўды, у якую яны вераць, якую вызнаюць і якой жывуць, дапамагала ім вытрываць у Божай любові, дапамагала ім знаходзіць выхад нават з самых складаных жыццёвых сітуацый. Бо ў веры няма безвыходнасці.

Мае дарагія! Галоўнае - не баяцца. Сам Езус кажа - не бойцеся, Я перамог свет! Калі так, то  і мы разам з Ім здольныя перамагчы гэты свет. А як гэта ўчыніць – добрыя рэкамендацыі сёння дае першае чытанне з кнігі прарока Ісаі:  Дзяліся з галодным хлебам, пускай у дом бедных вандроўнікаў, ад роднага свайго не хавайся... Інакш кажучы, будзьміласэрны, спагадны, справядлівы...

Гэта добрыя рэкамендацыі, якія некалі перафразуе Езус, кажучы: што зрабілі аднаму са сваіх бліжніх, тое ж і Мне зрабілі. Таму справы міласэрнасці не толькі дапамагаюць тым, хто знаходзіцца ў бядзе, хто патрабуе нашай дапамогі. Гэта ўзбагачэнне ўзаемнае: і таго, да каго звернуты нашыя ўчынкі міласэрнасці, але і нашае сэрца таксама ўзбагачаецца, як мы кажам, становіцца больш чалавечным, міласэрным. І ў той час мы таксама дасведчым міласэрнасць самога Бога: Тады будзеш клікаць, і Пан выслухае, папросіш дапамогі, і Ён адкажа: Вось Я!

Быць соллю зямлі і святлом свету справа нялёгкая, але магчымая! Не ўсё, канешне, залежыць ад нас, але многае. Хтосьці са святых казаў: рабі ў сваім жыцці так, як бы ўсё залежала толькі ад цябе, а давярай Богу так, як бы ад цябе наогул нічога не залежала. Гэта простая хрысціянская формула, практыкуючы якую ў сваім жыцці, мы ўжо не з'яўляемся безымянным натоўпам, да якога Езус прамаўляе толькі праз прыпавесці. Мы Яго вучні. І да нашых сэрцаў Езус сёння звяртаецца: Вы — соль зямлі. Вы — святло свету.

Будзьма ж у сучасным свеце і соллю, і святлом, каб іншыя, бачачы нашае жыццё, злучанае з вераю і нашымі добрымі ўчынкамі, праслаўлялі Айца, які ў нябёсах. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:14
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.