Дарагія браты і сёстры! Здараецца так, што пад націскам складаных жыццёвых выпрабаванняў чалавек пачынае губляць веру. Яму ў той час здаецца, што Бог яго пакінуў. Што ён застаўся сам-насам з праблемамі, якія яго ахапілі.
Штосьці падобнае адчувалі габрэі ў вавілонскай няволі. Першае чытанне з кнігі прарока Ісаі якраз і адлюстроўвае перажыванні і сумнівы тых палонных людзей: «Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне». Яны адчуваюць, што Бог забыў пра іх, а іх лёс, іх цярпенні на чужыне ўжо Бога не кранаюць.
Адказ на гэты поўны роспачы голас раскрывае ўсю праўду аб вернасці Бога: «Ці забудзе жанчына пра сваё немаўля, каб не пашкадаваць сына ўлоння свайго? Але калі б нават і забыла, Я не забуду пра цябе». Гэтыя словы паказваюць, наколькі Бог неабыякавы да цярпенняў чалавека, наколькі Ён верны сваім абяцанням.
Бог не забывае пра чалавека, наадварот, Ён прывязаны да чалавека больш, чым маці да свайго сына. Сведчаць аб гэтым вышэйузгаданыя словы, а тое, што Ерузалем быў зруйнаваны, а яго жыхары трапілі ў няволю, зусім не значыць, што Бог аб іх забыўся, што не стрымаў сваіх абяцанняў. Гора спаткала тагачасных людзей па прычыне іх нявернасці.
Адыход ад Божага Закону стаў пакараннем для габрэяў, якіх перасялілі ў Вавілон. Аднак гэтае пакаранне стала для іх лекамі да навяртання, а тое, што здавалася быць пакінутасцю з боку Бога, стала дзеяннем Яго любові і ласкі. Бо Ізраэльскі народ, які трапіў у няволю, перажыў там сапраўднае навяртанне: пераасэнсаванне сваёй тоеснасці, сваёй рэлігійнасці. І гэтае цярпенне паспрыяла таму, што народ стаў больш давяраць Богу, які на самой справе іх не пакінуў, але праз падобныя выпрабаванні ўмацаваў, кансалідаваў і аднавіў прагненне сапраўднага даверу.
Мае дарагія! Бог нас ніколі не пакідае. Мы можам Яго пакінуць, Ён — не! Бог заўсёды верны сваім абяцанням. Аб гэтым сведчыць Яго любоў, аб'яўленая ў гісторыі збаўлення. Бог жывы і праўдзівы ўваходзіць у жыццё чалавека, прапануючы яму залог збаўлення. І ад чалавека Бог патрабуе таксама вернасці. Штосьці падобнае адбываецца ў сяброўстве. Вернасць - гэта тое, што па-сапраўднаму злучае сяброў. А вось калі вернасці між сябрамі няма, то сумніўнае такое сяброўства. Усё ўказвае на тое, што яно вельмі хутка скончыцца.
Гісторыя збаўлення паказвае, наколькі чалавек слабы і няверны ў сяброўстве з Богам. Колькі разоў чалавек ставіцца з недаверам або абыякавасцю да сяброўства з Богам. Дастаткова пачытаць Біблію, каб у гэтым пераканацца, а нават дастаткова прыгледзіцца да свайго ўласнага жыцця.
Колькі разоў я, як некалі габрэі, трапляў у палон нейкіх жыццёвых выпрабаванняў, а мае асабістыя пошукі выйсця не давалі мне ніякіх вынікаў, і гэта нараджала сумніў, можа, часамі роспач, у якой я, таксама як некалі ізраэльскі народ, усклікаў у сэрцы: «Пан мяне пакінуў, Пан забыў пра мяне!»
Сёння ў Евангеллі Езус вучыць нас давяраць Божаму провіду, нягледзячы на жыццёвыя абставіны, і празмерна не клапаціцца аб заўтрашнім дні: «Таму не клапаціцеся і не кажыце: Што нам есці? — або: Што піць? — або: У што апрануцца? Бо ўсяго гэтага шукаюць язычнікі. Айцец жа ваш Нябесны ведае, што вы маеце патрэбу ва ўсім гэтым». У гэтым павучэнні Езус не запрашае нас да бесклапотнага жыцця, дзе нам будзе ўсё абыякава, да жыцця, пазбаўленага клопату і працы. Не да такога жыцця кліча нас сёння Езус Хрыстус. Наадварот, кожны павінен клапаціцца пра сябе, але ў разважлівай меры. І гэты клопат ні ў якім разе не можа нас цалкам паглынуць, бо ў такім выпадку, згубіўшы залатую сярэдзіну, мы перастанем клапаціцца аб справах Божага Валадарства, а поўнасцю засяродзімся толькі на зямных справах. А гэта ў сваю чаргу ўплывае на тое, што памяншаецца наш давер да Бога, які клапоціцца пра нас, які нам жадае дабра. Мы ўсё часцей і часцей пачынаем сумнявацца ў Яго прысутнасці ў нашым жыцці, а часам нас можа ахапіць роспач па прычыне адсутнасці даверу да Бога.
Дарагія! Калі мы давяраем Богу, то нам не трэба празмерна клапаціцца пра сваю будучыню. Падкрэсліваю слова “празмерна”, бо пэўны клопат, канешне, павінен быць у адпаведнай меры. Нам трэба шукаць залатую сярэдзіну паміж нашым асабістым клопатам пра саміх сябе і клопатам пра Божыя справы. Калі два гэтыя клопаты мы аб'яднаем разам і паміж імі атрымаецца гармонія і адзінства, то любыя жыццёвыя выпрабаванні мы ў стане перамагчы. Галоўнае ва ўсім гэтым - шчыры і моцны давер Богу. «Таму не клапаціцеся аб заўтрашнім дні, бо заўтра само за сябе паклапоціцца». Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|