Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на Папяльцовую сераду (5 сакавіка)
Нядзельнае казанне
04.03.2014 11:33

“Звярніцеся да Мяне ўсім сваім сэрцам у посце, у плачы і галашэнні”

Дарагія браты і сёстры!

Распачаўся ўжо чарговы Вялікі пост. Адчуваем, як знешняя і ўнутраная атмасфера змяняецца. Змяняюцца не толькі дэкарацыі і колер літургічнай вопраткі святароў - змяняецца нешта большае, што глыбока ўнутры нас. Бо на самым пачатку гэтага Вялікага посту Бог звяртаецца да нашых сэрцаў з заклікам: “Навярніцеся”, інакш кажучы: прыйдзіце да Мяне! Станьце на просты шлях, які вядзе да збаўлення! Каб навяртанне было сапраўдным, каб я мог яго перажыць, патрэбны пост. Патрэбна маё жаданне і рашучасць.

Праз прарока Ёэля Пан Бог падкрэслівае, што пост, плач і галашэнне - тыя сродкі, якія нас могуць наблізіць да сапраўднага навяртання. Але! “Разрывайце сэрцы вашыя, а не вашае адзенне!” Пасціце сэрцам, а не напаказ. Няхай пост будзе сур’ёзнай унутранай паставай сэрца, а не павярхоўным дзеяннем.

Мае дарагія! Шлях навяртання – гэта шлях паяднання з Богам і бліжнімі. Гэта калі я стаю ў праўдзе перад сабою: перад сваімі думкамі і словамі, перад сваімі здзейсненымі ўчынкамі, каб даць сабе аб’ектыўную ацэнку, каб убачыць сябе з боку. Кім я ёсць. Хто я.

Чарговы Вялікі пост – гэта чарговы шанс для кожнага з нас. Шанс яшчэ раз усё пераасэнсаваць, зрабіць цэласны рахунак сумлення, а гэта ў сваю чаргу мне дапаможа лепш зразумець сваё месца ў гэтым жыцці і што рабіць, каб сваё жыццё зрабіць лепшым.

Усе пакутныя практыкі - гэта толькі сродак, каб лепш зразумець самога сябе ў святле веры. Самі па сабе гэтыя нашыя велікапосныя пастановы не маюць істотнага значэння, калі робяцца без канкрэтнай мэты. Калі ж мы посцім з пэўнымі інтэнцыямі і мэтамі, то перад намі адкрываецца магчымасць наблізіцца да Бога і лепш зразумець сябе і іншага чалавека.

У пасланні на Вялікі пост Папа Бэнэдыкт ХVI адзначае, што збаўчая ініцыятыва паходзіць ад Бога, ад Яго ласкі, Яго прабачэння, прынятага чалавекам “у веры”. Гэтая ініцыятыва не абмяжоўвае нашу свабоду і адказнасць, але спрыяе ўчынкам міласэрнасці, якія “з’яўляюцца плёнам намаганняў чалавека і прычынай радасці, але яны нараджаюцца з самой веры, узнікаюць з ласкі, якую Бог дае шчодра. Вера без учынкаў - гэта як дрэва без пладоў: гэтыя дзве цноты ўзнікаюць адна ад адной." Такім чынам Вялікі пост заклікае нас да таго, каб мы ўмацоўвалі веру праз уважлівае і доўгае слуханне Божага слова і праз удзел у сакрамэнтах.

Роля посту вялікая, але Езус у Евангеллі таксама перасцерагае нас ад павярхоўнасці посту. Бывае так, што мы выконваем пабожныя чыны аўтаматычна або, што яшчэ горш, каб паказацца перад іншымі людзьмі. Каб мой сусед або суседка, бачачы маю пабожнасць, зайздросцілі мне, што знешне я лепшы за іншых: бо я даўжэй стаю на каленях у касцёле, у кожнай кішэні ў мяне па ружанцу. Але! Дастаткова толькі такому мне пабожнаму “перайсці дарогу”, зрабіць нешта не па-мойму - вось тады мая пабожнасць кудысьці бясследна знікае. І замест шчырых малітваў з маіх вуснаў вылятаюць іншыя словы, далёка не пабожныя.

Дарагія браты і сёстры!

Няхай Вялікі пост стане для нас глыбокім унутраным перажываннем, каб кожны з нас у святле веры адчуў сваё месца і вартасць у гэтым свеце. Каб мы адчулі сваю ўнікальнасць, якая па сваёй сутнасці вынікае з годнасці Божых дзяцей. А ўсё тое, што адбываецца навокал нас, не ёсць толькі сляпым і бессэнсоўным выпадкам лёсу. Бо наш лёс і жыццё знаходзяцца ў руках Бога, які ёсць нашым любячым Айцом. А дзякуючы веры мы можам гэтую праўду адкрыць для сябе зноў.

Абрад пасыпання галавы попелам - гэта знешні знак унутранай паставы сэрца, зместам якой ёсць маё асабістае пакаянне і прыніжэнне перад Богам. “Навяртайцеся і верце ў Евангелле!” – пачуем гэтыя словы, у якіх заключаецца праграма нашага жыцця, пачынаючы ад сёння, праз увесь перыяд Вялікага посту і таксама далей. Маё прыніжэнне перад Богам дапамагае мне ўзвысіцца, наблізіцца да Яго, вядзе мяне да навяртання і ўмацавання ў веры, каб кожны дзень жыць Хрыстовым Евангеллем.

Таму, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:13
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.