Дарагія браты і сёстры! Вялікі пост, які ўжо распачаўся, адкрывае перад намі патрэбу навяртання. Чаму? Бо нават праз дробную нявернасць мы адыходзім ад Бога. Таму шчырае пакаянне, навяртанне і моцная вера — гэта тое, да чаго нас рыхтуе гэты перыяд саракадзённага посту. Літургія слова сёння ў першым чытанні апавядае аб стварэнні чалавека, а таксама расказвае праўду пра грэх, які ўвайшоў у жыццё праз непаслухмянасць чалавека.
Гісторыя першых людзей, аб якіх апавядае Стары Запавет, кніга Быцця, паказвае не столькі, якім канкрэтна быў той першародны грэх, але ўказвае на яго сутнасць, якая выражаецца ў непаслухмянасці Божаму наказу. Бог перасцерагае чалавека, кажа: калі з'ясі плод з дрэва пазнання дабра і зла — памрэш. І наступае момант выпрабавання чалавека ў раі.
Змей, аб якім Святое Пісанне кажа, што ён быў найбольш хітрым з усіх палявых звяроў, пачынае спакушаць чалавека, ставячы пад сумніў аўтарытэт Бога: «Ці сапраўды сказаў Бог “не ешце з ніякага дрэва ў раі”. Заўважце, што змей не пачаў рэкламаваць плады гэтага дрэва ад свайго імя, тыпу я вам гарантую, што ад гэтага дрэва вы не памрэце, але адразу прымусіў чалавека засумнявацца ў Божых словах. І не столькі адносна гэтага дрэва пазнання дабра і зла, колькі пад сумніў была пастаўлена асоба любячага Бога: «У дзень, калі вы пакаштуеце з яго, адкрыюцца вочы вашыя, і будзеце, як Бог, які ведае дабро і зло».
Спакушальнік правакуе першых людзей засумнявацца ў тым, што Бог для іх жадае дабра. Навошта вам слухаць Бога, калі вы самі станеце як Ён, а можа, і лепшымі нават. Змей перакруціў праўду, зынтэрпрэтаваў яе так, каб чалавек засумняваўся Божым словам, па-іншаму перастаў у Яго верыць.
Чалавек вельмі добра ведаў праўду і наказ Бога, і давер да Бога спачатку ў яго быў моцны. Сведчаць аб гэтым словы, з якімі чалавек са станоўчасцю дыскутуе са спакушальнікам. Спачатку ён упэўнены ў гэтай праўдзе: «Мы можам есці плады з дрэў саду. Але пра плод дрэва, якое ў сярэдзіне раю, Бог сказаў: Не ешце яго і не дакранайцеся да яго, каб вам не памерці».
Толькі пасля далейшай дыскусіі са змеем чалавек губляе гэтую праўду і пачынае сумнявацца ў словах перасцярогі, дадзеных некалі Богам. А вынік гэтага сумніву трагічны: чалавек здзяйсняе грэх. Ён паверыў словам хітрага змея: «І ўбачыла жанчына, што гэтае дрэва добрае для ежы, што яно прывабнае для вачэй і пажаданае дрэва для набыцця пазнання. Тады ўзяла яна плод яго і ела, і дала таксама мужу свайму, і ён еў».
Мае дарагія! Гэты ўрывак са Старога Запавету нам адкрывае праўду як на першародны грэх, так і на слабую натуру чалавека, якая да гэтага граху схільная. Кожны з нас сутыкаўся, сутыкаецца і будзе сутыкацца з рэчаіснасцю граху, са шматлікімі спакусамі, ад якіх цалкам ніхто з нас не пазбаўлены. Аднак каб нам рашуча змагацца і, што не менш важна, перамагаць спакусы, трэба спачатку прызнаць сам факт, што яны існуюць. Затым, калі мы выразна іх распазналі, нельга дыскутаваць з грахом. Наглядны прыклад гэтага - сённяшняе першае чытанне. Чалавек робіць вялікую памылку, ён пачынае весці дыскусію са спакушальнікам. А гэта рабіць ні ў якім разе нельга.
У сённяшнім Евангеллі Езус выразна паказвае, як можна і трэба супраціўляцца розным дрэнным схільнасцям, спакусам і грахам. Пасля доўгага перыяду посту, які Езус правёў у пустыні, Яго выпрабоўвае злы дух. Паглядзіце: спакушальнік выкарыстоўвае той самы прынцып, якім спакусіў першых людзей — пасеяць сумніў: «Калі Ты Сын Божы, скажы, каб гэтыя камяні сталі хлебам», «Ці сапраўды сказаў Бог “не ешце з ніякага дрэва ў раі». Бачыце падабенства?
Злы дух, калі спакушае чалаека, стараецца, каб той засумняваўся ў праўдзе і ў аўтарытэце Таго, хто гэтую праўду чалавеку даў: у аўтарытэце Бога. Бо праз сумніў чалавек пачынае траціць усялякі давер. А каб да гэтага не дайшло, трэба канкрэтна выбраць тую праўду, у якой я жыву і якой я верны. Так робіць Езус Хрыстус. Ён без кроплі сумніву, не ўводзячыся ў дыскусію, канкрэтна адказвае: «Не хлебам адным будзе жыць чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых».
Здаецца, Езус выразна адказаў злому духу, але той не скончыў спакушаць Яго і зноў да Езуса кіруе тыя ж словы «Калі Ты Сын Божы...», толькі крыху ў іншым кантэксце: каб Езус прадэманстраваў сваю боскасць, кінуўшыся ўніз. Адказ на гэта Езуса — адназначны: «Не будзеш выпрабоўваць Пана Бога твайго». І нават на гэтым спакушэнні яшчэ не скончыліся.
У апошнюю чаргу спакушальнік вырашыў выпрабаваць Езуса адносна ўлады і служэння. Спачатку паказаў Езусу ўсе валадарствы свету, іх магутнасць і славу, а потым прапанаваў усё гэта Яму аддаць, калі Езус упадзе і паклоніцца злому духу. Уявіце сабе такую прапанову: усе валадарствы, іх багацці, магутнасць і славу, усяго толькі за нейкае там падзенне ніцма перад злым духам. І што Езус кажа? На гэтую прапанову злога духа Езус, не разважаючы, дае просты і ясны адказ: «Адыдзі, сатана, бо напісана: Пану Богу твайму будзеш пакланяцца і Яму аднаму будзеш служыць».
Вось, мае дарагія, той адзіны спосаб, каб перамагчы ўсялякія спакусы: адважна і канкрэтна іх адкідваць, не ўваходзіць з імі ў дыскусію, разважаючы і сумняваючыся ў той ці іншай праўдзе. А каб быць па-сапраўднаму моцным, толькі сваіх сілаў недастаткова. Мы таксама, як і Езус, павінны перажыць досвед пустыні, каб у час асабліва цяжкіх змаганняў маглі разам з Езусам даць адпор усялякаму граху і спакусам. Таму няхай час Вялікага посту дапаможа нам лепш спазнаць праўду Божага слова і верна пры гэтай праўдзе трываць. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|