Дарагія браты і сёстры! Сённяшняя ўрачыстасць адкрывае перад намі план Божага збаўлення і з'яўляецца прадвесцем уцелаўлення Божага Сына. Першае чытанне з кнігі прарока Ісаі, якое мы з вамі чулі, ясна паказвае той будучы момант, які стане пераломным у гісторыі збаўлення: «Вось Дзева зачне і народзіць Сына, і дасць Яму імя Эммануэль, што значыць Бог з намі».
Гэтыя словы нясуць у сабе вялікую надзею, што Бог выканае свае абяцанні не толькі адносна свайго выбранага народу, але што Ягонае збаўленне ахопіць усе народы зямлі. Усе часы і эпохі. Праз таямніцу Уцелаўлення, якую Бог адкрывае чалавеку, Ён уваходзіць у чалавечую гісторыю амаль незаўважна, нічога пры гэтым не знішчаючы, толькі рассейваючы цемру безнадзейнасці.
Чалавеку, які дагэтуль невыразна бачыў сэнс свайго існавання, Бог прапануе веліч і годнасць, якая далёка пераўзыходзіць яго зямныя чаканні і надзеі, і дазваляе па-іншаму разумець і ўспрымаць жыццё: як асаблівы дар, бясцэнны дар, дзякуючы якому мы можам удзельнічаць у хвале дзяцей Божых.
Бог нічога істотна не змяняе ў нашым зямным жыцці. Ён толькі хоча, каб мы сталі сутворцамі Ягонай справы збаўлення і адкуплення. Каб мы навучыліся шанаваць кожнае жыццё, пачынаючы ад свайго ўласнага.
Сённяшняя ўрачыстасць ставіць перад намі заданне: каб мы, веруючыя хрысціяне, імкнуліся фарміраваць сваё жыццё на ўзор Хрыстовага жыцця, і толькі такім чынам чалавецтва можа адчуць і зразумець, кім па сваёй сутнасці з'яўляецца Хрыстус і наколькі важнай з'яўляецца годнасць кожнай чалавечай асобы.
Папа Леў Вялікі адносна таямніцы Уцелаўлення казаў: «Сёння нарадзіўся нам Збаўца! Радуйцеся, умілаваныя! Няма месца на смутак, калі нараджаецца жыццё... О, хрысціянін, спазнай сваю годнасць! Ты стаў удзельнікам Божай натуры, пакінь жа старыя звычкі твайго прыніжэння і не вяртайся да іх ніколі».
Бог палюбіў чалавека, нягледзячы на ўсе яго заганы і слабасці, і ў сваёй міласэрнасці схіліўся над чалавецтвам, якое не мела ратунку. Таямніца Звеставання паказвае, як моцна Бог палюбіў чалавека і ўзвысіў яго жыццё, паказваючы яго сэнс і веліч.
Аб гэтай праўдзе напіша Папа Ян Павел ІІ у энцыкліцы “Redemptor hominis”, кажучы, што гэтая збаўчая падзея ў Божым плане любові, адносна чалавека і яго жыцця, дасягнула вяршыні. Бог увайшоў у жыццё чалавека і, як чалавек, стаў суб'ектам гэтага жыцця, адным з мільярдаў, але Адзіным! Праз таямніцу Уцелаўлення Бог сфарміраваў вымярэнне чалавечага быцця, якое пажадаў надаць ад пачатку.
Дарагія! Таямніца сённяшняй урачыстасці адкрывае перад намі прыгажосць і годнасць чалавечага жыцця і адначасова раскрывае любоў Бога, звернутую да чалавека. Божы Сын праз Уцелаўленне з'яднаўся з кожным чалавекам: жыў і выхоўваўся ў асяроддзі людзей, працаваў сваімі рукамі, думаў чалавечым розумам, меў чалавечую волю, з якой рашуча дзейнічаў, гэтым жа чалавечым сэрцам любіў.
Калі нарадзіўся з Дзевы Марыі, то сапраўды стаў адным з нас, падобным да нас ва ўсім, апрача аднаго. Апрача граху.
Кожны з нас, дарагія браты і сёстры, у таямніцы свайго жыцця мае магчымасць спаткацца з Хрыстом. Гэтую здольнасць нам дае вера, якая злучае справы Божыя з людскімі. Прыняць таямніцу Уцелаўлення - гэта значыць так, як Марыя, прыняць Божую волю ў сваім жыцці: «Вось Я, слуга Пана. Няхай Мне станецца паводле твайго слова». Тады можна ўбачыць прыгажосць чалавечай натуры, выразна ўбачыць намер Бога, які яе стварыў, аднавіў і ўзвялічыў. І, хоць заўважаем слабасць і грэшнасць сваёй чалавечай натуры, але ў Звеставанні перад намі адкрываецца новая перспектыва, невядомая яшчэ дагэтуль: «Для Бога няма нічога немагчымага». Амэн. А. Андрэй Авен OCD
|