Дарагія браты і сёстры! Як жа часта ў нашым штодзённым жыцці мы імкнемся да таго, каб нешта мець. Можа, таму нашае шчасце часта прапарцыянальнае нашаму набытку. Чым больш дабротаў мы маем, тым у большай ступені становімся шчаслівымі. Гэта датычыць не толькі матэрыяльных дабротаў - нашае жаданне мець ахоплівае значна большую сферу: каб мець добрых бацькоў, сяброў, настаўнікаў, мець добрую жонку, мужа, паслухмяных дзяцей…
Аднак свет, які для нас адкрывае Езус, мае крыху іншыя прынцыпы. Я жыву, каб не толькі набываючы мець шчасце для сябе, але жыву яшчэ і для таго, каб іншых рабіць шчаслівымі. Я існую для кагосьці. І зрабіць кагосьці шчаслівым я магу на меру свайго сэрца. Чым больш любові ёсць у маім сэрцы, тым больш я магу жыць для іншых. Вось гэтаму прынцыпу нас вучыць Езус.
Мае дарагія, жыццё сапраўднага хрысціяніна грунтуецца на тым, каб своечасова пераключыцца з уласнага імкнення “набываць і мець” на імкненне “ любіць і быць” для іншых. А гэты жыццёвы прынцып вельмі цесна звязаны з цярпеннем, з ахвярнасцю. Быць для кагосьці - гэта заўсёды ахвяраваць свой час.
Калі губляю майго бацьку, маё сэрца крывавіць, калі памірае маё дзіця, я страшна пакутую, бо з ім памірае частка мяне. Страта таго, што ёсць маім, заўсёды нясе з сабою цярпенне і пакуты, а чым большая вартасць гэтай страты, тым больш пакутуе маё сэрца.
У найбольш балючых падзеях нашага жыцця мы асабліва бачым страту, якая нас моцна закранае. Вельмі часта сэрца бунтуецца, становіцца бяссільным, здаецца, што, калі перажываем нейкія цяжкія падзеі, у нашым жыцці як бы губляецца грунт пад нагамі, жыццё не мае вялікай вартасці. І тады мы адчуваем, што шчасце нас пакінула. Бывае так, што падобную страту мы прыпісваем Богу, які нас карае. Толькі гэта не зусім так. Калі мы здольныя на боль і цярпенні зірнуць вачыма веры, то можам заўважыць у найбольш драматычным моманце нашага жыцця не столькі страту, колькі перамяненне.
І менавіта аб такім перамяненні распавядае сённяшняе Евангелле. Сёстры памерлага Лазара адчуваюць вялікі боль па прычыне страты свайго брата. Марта, выйшаўшы насустрач Езусу, з горыччу звяртаецца да Яго: «Пане, калі б Ты быў тут, не памёр бы брат мой!» Словы гэтыя вельмі эмацыйныя, але яны не выражаюць роспач ці безнадзейнасць. Наадварот, Марта верыць, што Езус здольны перамяніць іх жыццёвую сітуацыю; можа, яна не ведае яшчэ, як Ён гэта зробіць, але верыць, што Езус з'яўляецца тым, хто не толькі жадае дабра, але і можа даць гэтае дабро: «Ведаю, - кажа Марта, - што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе». А каб развеяць усялякі сумніў, які перашкаджае сапраўднай надзеі, Езус кажа: «Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць». І гэтыя словы Езуса ўсяляюць у сэрцы пакутуючых сясцёр надзею і ўмацоўваюць іх веру.
Такім чынам, цуд уваскрашэння Лазара становіцца знакам асаблівай Божай прысутнасці і дзейнасці Бога, дзеля таго, каб людзі паверылі ў Езуса, якога паслаў Айцец: «Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне». Дарагія браты і сёстры! Набліжаючыся да таямніцы Хрыстовага Крыжа, асабліва ў перыяд Вялікага посту, варта адкрыць наймудрэйшы спосаб перамены зямнога жыцця ў вечнае. Заключаецца гэта ў тым, каб мы змаглі ўбачыць, што ў нашым жыцці насамрэч ёсць істотным, а што не. Калі мы выразна пабудуем для сябе іерархію каштоўнасцяў, то запаведзь любові да Бога і бліжняга для нас будзе не толькі тэорыяй, але і практыкай усяго нашага жыцця.
Бо і ў нашым жыцці настане гадзіна ахвяры, цярпення ці хваробы нашага блізкага чалавека, а можа, нават нас саміх, калі я зведаю маё ўласнае цярпенне. Настане такая гадзіна, калі нашае шчасце і радасць пачнуць нас пакідаць. Варта тады прыпомніць словы Езуса, які заахвочвае да веры. Веры, якая дае магчымасць убачыць славу Божую, нават перад абліччам цярпенняў і выпрабаванняў.
Умілаваныя! Вялікі пост - гэта той выдзелены нам момант часу, калі можам асаблівым чынам задумацца над таямніцай цярпення і смерці. Езус не раскрывае да канца нам гэтую таямніцу, але, увайшоўшы ў яе сам, запэўнівае нас, што цярпенні, больш за тое - нават смерць, маюць свой сэнс.
Калі Богачалавек цярпеў і памёр, то Ён не рабіў гэта бессэнсоўна, гэтыя пакуты не былі дарма. Пасля крыжовай смерці Езус заззяў хвалою ўваскрослага. А зараз заахвочвае кожнага, каб, з адвагаю перамагаючы боязь, у пакоры сэрца мы прынялі ўвесь цяжар клопатаў і жыццёвага досведу. Калі ж такая гадзіна ў нашым жыцці яшчэ не надышла, то будзьма адважнымі, каб стаць побач таго чалавека, які ў сваім жыцці такую балючую гадзіну перажывае. Менавіта наша прысутнасць у хвіліне цярпення заўсёды прыносіць палёгку пакутуючаму чалавеку і перамяняе не толькі яго сэрца, але і нашае. Пры гэтым змяняе ў нашым жыцці памкненні зямныя на вечныя і непрамінальныя. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|