Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на Пальмовую нядзелю (13 красавіка)
Нядзельнае казанне
10.04.2014 10:40

Дарагія браты і сёстры! Хуткім крокам бяжыць час, ужо няшмат засталося да святкавання пасхальнай таямніцы, таямніцы нашага збаўлення. Сённяшняя нядзеля распачынае Вялікі тыдзень, а пачутае намі Божае слова набліжае да нас падзеі Мукі нашага Пана. Гэтаму папярэднічае ўрачысты ўваход Езуса ў Ерузалем.

Звярніце ўвагу, дарагія браты і сёстры, на кантраст, які прысутнічае ў літургіі слова: першае чытанне з Евангелля апавядае пра зямны трыумф Хрыста. Большасць з натоўпу лічыць Яго прарокам, цудатворцам, настаўнікам, незвычайным чалавекам. Магчыма, некаторыя людзі былі сведкамі многіх цудаў Езуса, магчыма, некаторыя на сабе адчулі Яго аздараўляльную моц.

Больш за тое, Езуса з захапленнем слухаў вялікі натоўп людзей. Канешне, былі і такія, асабліва сярод юдэяў, якія, мала што разумеючы, спрачаліся з Ім, бо не ведалі ні Пісання, ні моцы Яго і не спазналі Айца і Сына, якога Ён спаслаў.

І вось Ён, Хрыстус, дае ім яшчэ адзін знак адносна сябе: Ён урачыста ўваходзіць у Ерузалем. Хрыстус дае намёк на сваю каралеўскую і месіянскую годнасць, каб народ, які збольшага ведае Пісанне, прыгадаў словы прарока: «Вось Кароль твой ідзе да цябе; лагодны, седзячы на асліцы і на асляняці, сыне пад’ярэмнай.»

Але паўсюднае хваляванне, якое ахапіла натоўп, не дазволіла ў Езусе ўбачыць кагосьці большага за прарока. Яны толькі бачылі ў Ім таго, хто можа заспакоіць іх зямныя патрэбы, а глыбей зазірнуць і спазнаць праўду аб Месіі яны не змаглі. Так, як калісьці ў часы Старога Запавету, ізраэльскі народ адмовіўся ад поўнага падпарадкавання свайго грамадства Богу і захацеў для сябе караля зямнога, накшталт такога, якія былі ў суседніх краінах. Так і зараз, у гэты ўрачысты момант, натоўп бачыць у Езусе выключна зямнога караля, які не толькі можа іх накарміць хлебам і рыбай удосталь, але які мае магчымасць зрабіць Ізраэль магутнай непераможнай дзяржавай. Яны бачаць у Ім перадусім таго, хто мае моц ачысціць іх краіну ад уплываў цэзара. У любым выпадку народ думаў тыпова зямнымі катэгорыямі, а магчыма, і наогул не думаў, толькі слепа кіраваўся масавым інстынктам, у якім пераважалі эмоцыі трыумфу і захаплення.

«І мноства людзей слала сваё адзенне на дарозе, а іншыя зразалі галінкі з дрэваў і слалі на дарозе. А натоўпы, якія ішлі спераду і следам за Ім, усклікалі: Гасанна Сыну Давіда!» Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры! Калі зірнуць на гэта па-чалавечы, то шмат хто з нас хацеў бы аказацца на месцы Езуса ў тую хвіліну. Але паглядзіце, што адбылося пазней. Аб гэтым распавядае апошняе чытанне: чытанне Мукі Пана. А вось у гэты момант ці хацелі б мы аказацца на месцы Езуса?

Дарагія! Куды знік той натоўп, які некалькі дзён таму ўсхваляў сына Давіда, кладучы перад Ім свае тунікі, плашчы і пальмовыя галінкі? Як жа хутка змянілася меркаванне гэтага народу, ды так радыкальна - з каралеўскага трону на трон Крыжа? З хваліцеляў і, скажам сучаснай мовай, фанатаў - да абвінавачвальнікаў? Чаму народ змяніў вокліч “Гасанна Сыну Давіда” на бязлітасны крык “Укрыжуй Яго!”?

 Як важна, мае дарагія, стаць у праўдзе, маючы сваё асабістае мекаванне, і незалежна ад абставін быць верным гэтаму меркаванню. На гэта здольны толькі чалавек веры. А менавіта гэтаму і хоча нас навучыць сёння Хрыстус. Каб мы, якія верым у Яго, не цураліся хрысціянскага стылю жыцця, не саромеліся жыць паводле спазнанай праўды, але мужна і з адвагаю перамагалі свет, які вельмі часта нагадвае той натоўп, які калісьці асудзіў Хрыста на смерць. Амэн.

А. Андрэй Авен ОСD

Адноўлена 11.09.2014 17:10
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.