«Даю вам новую запаведзь, каб любілі адзін аднаго, як Я палюбіў вас»
Дарагія браты і сёстры! Гэтыя пачутыя ў акламацыі словы адкрываюць нам таямніцу сённяшняга дня. Бог палюбіў нас, бо застаўся з намі ва ўсе часы і вякі. Ён пажадаў быць прысутным сярод нас у найсвяцейшым дары Эўхарыстыі.
Сёння, калі распачынаецца Святы Пасхальны Трыдуум, асабліва спрыяльны момант, каб мы задумаліся: чым для кожнага з нас з'яўляецца Эўхарыстыя? Ці дазваляем мы Езусу ўвайсці ў нашае жыццё, ці верым, што Ён здольны ўвайсці і перамяніць нашае жыццё?
Колькі міласэрнасці і любові ў гэтым маленькім кавалачку хлеба. Колькі дабрыні і клопату пра тое, каб быць з намі, каб умацоўваць нас на дарозе да Вечнага Валадарства. Гэтая неспасцігальная любоў у пэўным сэнсе прымусіла Бога стаць безабаронным, як дзіця, каб сваёю ўсемагутнасцю не спалохаць нас, слабых людзей. Гэтая ж любоў прымусіла Яго ўвайсці ў хлеб, каб мы, прымаючы Яго, станавіліся да Яго падобнымі: добрымі і міласэрнымі.
Гэтая ж любоў прымусіла Яго ўрэшце апынуцца ў табэрнакулюм, каб цярпліва слухаць нашыя просьбы, жаль, смутак, слухаць пра тое, што нам баліць, а таксама пра тое, што цешыць і радуе.
А мы? Як жа часта мы забываем пра Таго, хто сапраўды ўкрыты ў гэтым хлебе.
Дарагія! Вялікі чацвер стаў тым момантам, калі Езус устанавіў два сакрамэнты: Эўхарыстыі і святарства. Гэтыя сакрамэнты можна назваць сакрамэнтамі любові. Бог у сваёй бясконцай міласэрнасці прыходзіць на гэты алтар праз рукі святароў, якіх сабе абраў і якім даў гэтую ўладу.
Перад тым, як застацца ў Найсвяцейшым Сакрамэнце падчас Вячэрніка, Езус дае сваім вучням новую запаведзь, сэнс якой заключаецца ва ўзаемнай любові. Калі нас Бог палюбіў, то і мы павінны любіць адзін аднаго сапраўднай братняй любоўю.
Мае дарагія, менавіта падчас Вячэрніка Езус уклаў у рукі святароў цудоўную сакрамэнтальную моц перамянення хлеба і віна ў пасілак несмяротнасці, у сваё Цела і Кроў. Гэта дар вечнага жыцця ўжо тут, на зямлі. Аднак нельга гэты пасілак даваць людзям, якія ў цяжкім граху, бо ён не толькі ім не дапаможа, але і зашкодзіць душы такое прыняцце сакрамэнту Эўхарыстыі. Езус ведаў нашую слабасць, таму надаў святарам магчымасць ачышчэння чалавечых сэрцаў. Улада адпушчэння грахоў лагічна злучаецца з уладай кансэкрацыі хлеба і віна. Таму там, дзе не шануецца Эўхарыстыя, не шануецца таксама святарская ўлада адпушчэння грахоў.
Кожнаму з нас варта задумацца над гэтым вялікім Божым дарам – дарам Эўхарыстыі, пачынаючы ад самога святара, які з’яўляецца носьбітам гэтага Божага дару, дару, які вынікае з улады святарства. Кожны з нас можа ў ім адкрыць вялікі скарб, якім з’яўляецца Эўхарыстыя і моц адпушчэння грахоў. Два гэтыя скарбы Езус уклаў у рукі кожнага святара.
Вельмі часта людзі слабой веры робяць памылку, калі ацэньваюць дар Эўхарыстыі і споведзі, гледзячы праз прызму самога святара. Павінна быць наадварот. Гэта святара належыць ацэньваць праз гэты дар, які знаходзіцца ў святарскіх руках.
Вельмі рэдка можна ўбачыць такіх людзей, якія б ацэньвалі святара паводле скарбу, што па волі Божай знаходзіцца ў яго руках. І вельмі шмат такіх людзей, якія адмаўляюцца ад гэтага скарбу па прычыне нейкіх непаразуменняў, якія можна адрасаваць у бок тых рук, на якія Бог усклаў свой скарб. А калі мы гэтую веліч скарбу ўсвядомім, то не столькі будзем асуджаць іншых, колькі пачнем задумвацца над сабою, над сваім жыццём. Бо такая праўда: вельмі часта чалавек бачыць сучок у воку свайго бліжняга, а бэлькі ў сваім воку не заўважае. Мае дарагія, святарства - гэта не толькі гонар, але і адказнае служэнне!
Невыпадкова сакрамэнты Эўхарыстыі і святарства Езус устанавіў разам, таму можна сказаць, што святарства ўстаноўлена перадусім для Эўхарыстыі. Там, дзе няма святара, няма Эўхарыстыі, не цэлебруецца святая Імша. І ў гэтых справах ніхто іншы святара не заменіць.
Папа Ян Павел ІІ у сваёй кнізе «Дар і таямніца» адносна таямніцы святарства піша так: «Святарскае пакліканне з'яўляецца таямніцай асаблівага абмену між Богам і чалавекам. Чалавек аддае Хрысту сваё чалавецтва, каб ён мог паслужыць прыладай збаўлення. Хрыстус прымае гэты дар і робіць такога чалавека сваім другім Я».
Дарагія браты і сёстры! Божая любоў бязмежная і неспасцігальная. Сведчыць аб гэтым новая запаведзь, якую дае кожнаму з нас Езус, каб любілі адзін аднаго, як Ён палюбіў нас. Гэта заданне на ўсё нашае жыццё. Гэта сэнс нашай веры. Гэта ключ для вырашэння большасці, калі не ўсіх, нашых жыццёвых праблем. Калі Ён – Бог - палюбіў кожнага чалавека, калі дазволіў, што кожны з нас можа прыняць Яго да сэрца ў Эўхарыстыі, то чаму мы, якія з’яўляемся Яго вучнямі, не можам прыняць іншага чалавека да свайго сэрца? Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|