Дарагія браты і сёстры! Сённяшняя літургія пасхальнай вігіліі адкрывае перад намі таямніцу пераходу. Пераходу ад смерці да жыцця, ад цемры да святла. Дарэчы, слова “Пасха” так і перакладаецца на беларускую мову, як “Пераход”. Мае дарагія, у гэтую святую ноч у нашым жыцці таксама адбываецца своеасаблівы пераход.
Можа, калі мы глыбей задумаемся, то ўзнікае пытанне: ці патрэбны нам такога роду пераход? Мы жывем паводле Божых запаведзяў, прыйшлі на літургію святой пасхальнай ночы, памятаем пра Бога, молімся, у касцёл прыходзім звычайна часцей, чым ад свята да свята. Ці патрэбны нам такі пераход? Можа, яго патрабуюць толькі самыя закаранелыя грэшнікі і бязбожнікі?
Дарагія, той пераход, пра які апавядае Кніга Зыходу – калі ізраэльскі народ вырушыў з егіпецкай зямлі, з палону, у зямлю, абяцаную Богам, і крочыў праз Чырвонае мора, - пераход той не толькі з’яўляецца вобразам вызвалення з граху і паставай навяртання. Апрача гэтага, ён з’яўляецца вобразам вызвалення мяне з сітуацыі, якая вядзе да граху, вызвалення ад непатрэбнай боязі за сябе.
Калі мы жывем у пастаяннай боязі за сваё жыццё, то гэтая боязь паралізуе нашую любоў. Я хацеў бы мець у сабе бязмежную любоў, хацеў бы такую ж любоў бачыць у іншых людзей, але перашкаджае ў гэтым нейкая нябачная мяжа. На якой стаіць крыж, дзе існуе смерць.
Калі я люблю іншага чалавека (ці ў сужэнстве, ці ў сям’і, ці ў сяброўскіх адносінах), то ў пэўны час пачынаю заўважаць, што гэтая мая любоў не прыносіць мне ніякай карысці, што мне, каб падтрымліваць гэтую любоў, трэба ўкладваць усё больш і больш уласных намаганняў. У такі момант з’яўляецца крыж, і я задаю сабе чарговыя пытанні: ці варта? У імя чаго? Што я з гэтага буду мець?
Мая боязь падказвае мне: супакойся, падумай пра сябе, навошта сябе мучыць… Калі я паслухаюся сваёй боязі, то апынуся ў падобнай сітуацыі, як некалі ізраэльскі народ. Так. Я траплю ў палон. З аднаго боку, я маю ўсё, што для жыцця патрэбна, але з іншага боку я станаўлюся нявольнікам. Нявольнікам сваёй боязі. Аднак у нашым жыцці з’яўляюцца такія моманты, калі я магу выйсці з гэтага небяспечнага палону. Гэтыя моманты ёсць часам майго ўласнага пераходу. Маёй асабістай “Пасхі”.
Мае дарагія, як бачым, Бог не пакідае свой народ у Егіпце, ізраэльцяне не асуджаны на палон навекі. Бог вырашыў вызваліць свой народ з гэтай нядолі і боязі, Ён стварыў пэўны план для гэтага пераходу, і гэты план у жыцці кожнага веруючага дзейнічае ад часоў Майсея аж да сённяшняга часу.
Майсей Божай рукою выводзіць сваіх суайчыннікаў з егіпецкай зямлі, ажыццяўляе, можам сказаць, незвычайны пераход праз Чырвонае мора. Далёка на гарызонце пакідае збянтэжанага фараона і яго магутнае войска. Для іўдзеяў, якія не ўмелі плаваць, Чырвонае мора было б немагчымым шляхам да пераходу. Аднак нават немагчымае сталася магчымым. Народ даверыўся Богу, і вынік гэтага - свабода і шлях да Абяцанай зямлі! Хто сёння з’яўляецца маім фараонам? Дзе тое Чырвонае мора, праз якое мне трэба прайсці? Калі ў маёй свядомасці ўзнікаюць падобныя пытанні, значыць, я на крок бліжэй да свайго асабістага пераходу.
Пасха, якая менавіта і азначае пераход, - гэта таксама назва той вячэры, якую ізраэльцяне рыхтавалі перад сваім выйсцем з Егіпта. Іўдзейскі народ меў даволі спецыфічны спосаб святкавання гэтых значных падзеяў у сваёй гісторыі. Пасхальная вячэра была не толькі ўспамінам мінулых збаўчых падзеяў, але і была перажываннем нанова таго гістарычнага вызвалення. Вячэра тая стала прататыпам святой Імшы.
Дарагія браты і сёстры! Кожная Эўхарыстыя – гэта не толькі ўспамін падзеяў з Вячэрніка; гэта пастаяннае перажыванне пераходу Езуса Хрыста ад смерці да жыцця. Кожны з нас запрошаны на гэты пераход. Сёння кожны з нас - ты і я -маем шанс вызваліцца з палону ўласнай боязі і эгаізму, стаць новым чалавекам – чалавекам свабодным, каб любіць; чалавекам шчаслівым, каб дзяліцца шчасцем з іншымі. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|