Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на VІ велікодную нядзелю (25 мая)
Нядзельнае казанне
23.05.2014 12:57

«Хто любіць Мяне, той захоўвае слова Маё, — кажа Пан, — і палюбіць таго Айцец Мой, і прыйдзем да яго».

Дарагія браты і сёстры!

Кожнаму з нас знаёмае пачуццё радасці. Звычайна яно ў нас узнікае, калі нам штосьці паспяхова ўдаецца зрабіць, калі мы набываем для сябе нешта доўгачаканае. Радасцю можа быць нашае добрае самаадчуванне, радасць — калі мы сустракаем на сваім жыццёвым шляху зычлівых людзей, якія здольныя суперажываць нам, быць з намі. Можна надалей пералічваць і пералічваць сітуацыі, калі узнікае гэтае цудоўнае пачуццё радасці.

Аднак, у нашым жыцці бывае так, калі мы адчуваем, што ў гэтай нашай радасці чагосьці яшчэ не хапае да поўнага шчасця. Нейкай унутранай гармоніі. Здараецца, што ёсць у нас радасць, але чамусьці вельмі цяжка перажыць яе усёй сваёй асобай. Канешне кожны з нас можа перажываць яе з лёгкасцю і павярхоўна, такая некалькі хвілінная радасць, якую можна адчуць пры дапамозе жартаў, вясёлай кампаніі і гэтак далей.
 
Аднак падобнае пачуццё не з’яўляецца поўнай радасцю і кожны з нас ў глыбіні сваёй душы гэта адчувае і разумее. Бо ў глыбіні нашага сэрца плён ад такой радасці нябачны. Сэрца надалей неспакойнае, няма пэўнасці, аптымізму і надзеі. Абмяжоўваецца падобная радасць толькі ўсмешкай на твары, а пасля гэтай усмешкі можа быць нават неспакой ці трывога.

У кожнай сітуацыі гэта выглядае па-рознаму, але крыніцай гэтага неспакою ці трывогі заўсёды з’яўляецца грэх. Проста чалавечае сумленне само па сабе вельмі уражлівае, і таму нельга яго ў адзін момант ўзяць і пазбавіць адчувальнасці. Калі чалавек нават і звыкаецца з грахом, раней ці пазней яго сумленне дае сігнал неспакою. Звычайна грэх хавае нашую трывогу вельмі і вельмі далёка ад сумлення. Толькі, як не хавай, сумленне і так гэтую трывогу знойдзе. Гэта ўжо справа часу.
 
Я тады адчуваю, у душы штосьці са мною не так. Хоць звонку, так часта здаецца нібы ўсё ў парадку, але ўнутры мяне сумленне напаўняецца нейкай трывогай, а яна ў сваю чаргу перашкаджае мне перажываць радасць па-сапраўднаму. Усім сэрцам, бо, мае дарагія, радасць — гэта не троххвілінная весялосць, але трывалы стан чалавека: перад самім сабою, перад сваім жыццём, перад іншымі людзьмі.

Умілаваныя ў Хрысце! Менавіта трывалай і поўнай радасці хоча для кожнага з нас Езус. Ён ведае, што нельга асягнуць яе ўласнымі сіламі, бо такая радасць ёсць дарам. Дарам, які прыходзіць да чалавека звонку. Адкуль у такім выпадку бярэ пачатак гэтая радасць? Адказ адназначны: з любові. Толькі той, хто ўмее любіць, здольны па сапраўднаму праяўляць радасць, якая знаходзіцца глыбока ў яго сэрцы. А без любові, мае дарагія, няма сапраўднай радасці. «Хто мае запаведзі Мае і захоўвае іх, той любіць Мяне. А хто любіць Мяне, таго палюбіць Айцец Мой, і Я палюблю яго і аб’яўлюся яму». — кажа Езус. А радасць, між іншым, з'яўляецца плёнам гэтай любові. Вось адкуль бярэ свой пачатак крыніца сапраўднай радасці.
 
Толькі ці можна прымусіць чалавека выконваць запаведзі дзеля любові? Канечне, не. Бо любоў патрабуе свабоды выбару, якая нараджаецца з нашай вольнай беспрымусовай волі. Езус не прымушае нас выконваць Яго запаведзі, Ён запрашае нас, прапануе нам дар сваёй любові. «Як Мяне палюбіў Айцец, так і Я палюбіў вас…»

Бо любоў не існуе сама па сабе. Яна павінна спачатку нарадзіцца ў сэрцы чалавека, прыйсці як дар, які мы хочам прыняць і на які здольныя адказаць сваёй любоўю. Калі бацькі не аказваюць свайму дзіцяці любові, выражанай у знешніх знаках, — пацалунках, пяшчотах, чулых словах, цярплівасці, прабачэнні, то дзіцяці цяжка навучыцца любіць, яму цяжка будзе прыняць сябе. У складаных хвілінах свайго жыцця гэтае дзіця будзе перажываць пачуццё боязі, трывогі, самоты, тое, што яно нікому не патрэбнае.

Праз сваю запаведзь Хрыстус хоча нас зрабіць больш уражлівымі на дар Божай любові, на жыццё, якое з яе выплывае. Гэта Бог нас першы палюбіў, гэта Ён нас выбраў. Толькі Ён першы і галоўны ініцыятар. Нам не трэба нейкім чынам заслужыць Божую любоў, не — мы яе ужо маем, учынкі патрэбныя нам, каб прыняць яе з Божых рук. Гэтая любоў сапраўдная і поўная, яна здольная даць нам дасканалае пачуццё бяспекі і сапраўдную радасць. А доказ гэтай любові пераканаўча праявіўся ў Езусе Хрысце. «Ніхто не мае большай любові за тую, калі хто жыццё сваё аддае за сяброў сваіх». Таму Крыж Езуса Хрыста — гэта неаспрэчны доказ Яго любові да кожнага з нас.
Дарагія браты і сёстры! Вось сапраўдная нагода да радасці: Бог любіць мяне такім, які я ёсць. Мне ўжо не трэба нічога баяцца, не трэба празмерна клапаціцца і непакоіцца. Бог мяне любіць нягледзячы ні на што. Мой грэх, які б ён не быў, ніколі не здольны пашкодзіць гэтай любові, гэтаму сяброўству Бога са мною. Важна каб я усвядоміў сабе гэтую праўду і дазволіў Богу ўвайсці ў маё сэрца. Адказаць на яго запрашэнне — так! Бо калі мы любім Бога, ведаем, што Ён нас любіць, то ці будзем свядома і дабравольна крыўдзіць Яго? Калі мы любім па-сапраўднаму — то не. Бо нават у толькі чалавечых адносінах нам цяжка засмуціць дарагога нам чалавека. Калі мы гэта зразумеем, то адкрыем чым для кожнага з нас з’яўляецца праўдзівая і поўная радасць. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.