Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ўрачыстасць Унебаўшэсця Пана (29 мая)
Нядзельнае казанне
28.05.2014 14:28

Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе Евангелле характарызуе наша хрысціянскае заданне, якое Езус спачатку даручае апосталам, а праз іх і кожнаму з нас, - «ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога». Езус нам даручыў вельмі важную місію, мэта якой - аб'явіць Божую любоў у свеце, навучыць іншых людзей праўдзе збаўлення і далучыць да Хрыстовага Касцёла, праз сакрамэнт хросту. Інакш кажучы, Бог нас запрашае да рэалізацыі Хрыстовага збаўлення ў свеце.

Перад сваім Унебаўшэсцем Хрыстус запэўнівае сваіх вучняў, што яны не застануцца адны, але прыйдзе Суцяшыцель, Дух Праўды, ад Айца, які іх навучыць праўдзе, пазбавіць ад боязі і недаверу, які тады яшчэ пануе ў супольнасці апосталаў і вучняў. Езус аб'яўляе Духа Святога, які пасля таго, як сыдзе на вучняў, будзе кіраваць Хрыстовым Касцёлам у справе евангелізацыі народаў.

З таго моманту прайшло нямала часу, аднак і сёння гэтае заданне актуальнае для нас, веруючых. Сёння Хрыстус нам паўтарае зноў тыя словы, якія сказаў апосталам, каб мы не пераставалі трываць у Яго навуцы, каб былі здольныя не толькі пазнаваць нашу веру, але ёй дзяліцца і яе абараняць.

Хрыстус нам адкрывае праўду аб дзейнасці Святога Духа ў нашым жыцці і аб тым, што вера - гэта не прымус, але запрашэнне. І калі мы гэтае запрашэнне прымаем, то тым самым згаджаемся жыць паводле навукі Езуса. У такім выпадку вельмі важна, каб у нашым жыцці была вернасць той жыццёвай паставе, якую мы абралі. Бог кожнага з нас ставіць перад свядомым выбарам жыццёвай дарогі, але не прымушае выбіраць.

Бог выдатна ўсведамляе сваю магутнасць як Валадар і Стварыцель усяго на зямлі, але добра ведае нашую людскую слабасць і таму не можа нас з ёй пакінуць. Для вучняў Хрыста момант Яго Унебаўшэсця, якому спадарожнічала вялікае здзіўленне і захапленне, праз нейкі час замяніўся на жорсткі пераслед, аднак іх звычайны чалавечы страх і сумніў перамяніліся ў адважнае сведчанне Евангелля аж да праліцця крыві. І цяжка тут не ўбачыць дзейнасць Духа Святога, які ўмацаваў вучняў, зрабіў іх адважнымі сведкамі Хрыстовага збаўлення. А дзякуючы веры іх не спалохалі шматлікія выбрабаванні, пераслед і нават смерць.

Калі глядзім па-чалавечы то Езус узыходзіць на неба, калі найбольш патрэбны вучням. Але як Ён сам сказаў: «Калі не ўзыйду да Айца, то не прыйдзе Суцяшыцель Дух Святы». Магчыма, у момант Унебаўшэсця вучні да канца не ўсведамляюць, якое няпростае заданне даў ім Езус, кажучы: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, і хрысціце іх у імя Айца і Сына, і Духа Святога». Тым не менш яны з гэтым заданнем выдатна справіліся.

Дарагія! Хрыстус нас сёння заахвочвае, каб мы не баяліся жыццёвых выпрабаванняў, але перамагалі іх вераю. Ён хоча, каб мы яшчэ раз задумаліся над сваім хрысціянскім пакліканнем і былі апосталамі нашага часу, каб праўду Евангелля мы прымалі, ёй жылі і дапамаглі іншым людзям больш пазнаць Хрыста, не баяцца адчыніць Яму дзверы сваіх сэрцаў. Дазволім жа Духу Святому асвятляць сцежку нашага жыцця, асабліва калі яно нам здаецца шэрым і панурым, каб наш жыццёвы выбар быў заўсёды свядомы і пазбаўлены усялякага роду сумніву і боязі. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.