Дарагія браты і сёстры! Сённяшняе Евангелле - гэта прыгожы ўрывак з архісвятарскай малітвы Езуса Хрыста. Яна вяртае нас на момант да падзеяў Вялікага тыдня. Атмасфера падчас Апошняй Вячэры была незвычайна драматычнай: архісвятарская малітва Езуса, абмыванне ног апосталам, прадказанне здрады, развітальная гаворка. Усё гэта, несумненна, перакрочвала звычайныя катэгорыі чалавечага пазнання і дзейнасці.
Апосталы, дзякуючы Божай ласцы, разумелі, што, спажываючы хлеб і віно, якое сталася Целам і Крывёю Хрыста, яны ўдзельнічаюць у жыцці і смерці Езуса. Яны таксама выразілі сваю згоду, каб весці такі ж лад жыцця, як і Езус, жыцця, аддадзенага Айцу і ахвяраванага за людзей.
Аднак таямніца Вячэрніка сягае глыбей: у гэтай таямніцы Езус Уваскрослы будзе шмат разоў сустракацца са сваімі вучнямі. А па волі самога Хрыста, ад таго моманту, гэтыя падзеі Мукі, Смерці і Уваскрасення будуць перажывацца няспынна “аж да сканчэння свету”.
У кожным пакаленні, пачынаючы ад апосталаў, Езус вучыць нас таямніцы паяднання чалавека з Богам. Самым важным у гэтай таямніцы з’яўляецца ўсведамленне прысутнасці і блізкасці Божай любові. Любові Бога, які з’яўляецца Айцом. Гэта значыць, што наш Збаўца блізка, Ён у нашым жыцці, хоць часам мора праблем не дазваляе нам гэта ўбачыць. І наш адказ толькі тады дасканалы, калі выражана ў ім жаданне з даверам прыняць гэтую любоў.
Перажыванне гэтай таямніцы сувязі чалавека з Богам засяроджваецца вакол асобы Езуса Хрыста. Ён, які з’яўляецца адзіным Пасрэднікам збаўлення, праз свайго Духа моліцца ў кожным з нас Айцу і ахвяруе самога сябе за нас. Езус праз сваё жыццё, словы і ўчынкі вучыць нас уменню адчытаць і рэалізаваць намеры Айца, Яго волю. Каб кожны меў вечнае жыццё. Як Адвечны, Адзінародны Сын, уваходзячы ў глыбіню Божай любові, Езус усё аддае Айцу і усё да Яго накіроўвае.
Узгадаем зноў словы з паслання св. Яна Апостала: “І мы бачылі, і сведчым, што Айцец паслаў Сына, Збаўцу свету. Хто вызнае, што Езус — Сын Божы, у тым жыве Бог, а ён у Богу”. Вельмі глыбокая думка Езусавай малітвы выражана італьянскім мастаком Карло Парызі, якая называецца “Хрыстус у разважанні”. На карціне Езус паказаны з крыху схіленай наперад галавой і складзенымі малітоўным чынам рукамі. Таямніца гэтага вобразу заключаецца ў закрытых вачах Хрыста, якія нібы вядуць у глыбіню Яго асобы. І гэта значыць, што Езус бачыць і разважае над задумамі і справамі Айца. Калі ўгледзецца ў гэты вобраз, можна лепш зразумець словы малітвы Езуса: “...Словы, якія Ты даў Мне, Я даў ім, і яны прынялі іх і сапраўды пазналі, што Я выйшаў ад Цябе, і паверылі, што Ты паслаў Мяне…”
Яшчэ ў з’яднанні з Богам вельмі важна ўсведамляць тое, што Бог з’яўляецца Першым, хто праз сваю ласку аказвае нам сапраўдную любоў, ва ўсім нашым жыцці. Як у архісвятарскай малітве Езуса – Бог дзейнічае праз пераказ Слова, якое з’яўляецца праўдай, дзейнічае праз тое, што нас аберагае ад зла, дзейнічае праз радасць, якая ёсць радасцю поўнай, і праз ахвяру з сябе, са свайго Адзінароднага Сына, каб мы былі асвечаныя ў праўдзе.
Дарагія! Варта звярнуць увагу яшчэ на адзін аспект: а менавіта тое, што кожнае спатканне чалавека з Богам вядзе да таго, што чалавек становіцца адкрытым на іншых людзей, у нейкім сэнсе выходзіць у свет. А аб тым, што нашыя адносіны між людзьмі ў свеце не будуць пазбаўлены нават мінімальных канфліктаў, сведчаць словы Езуса: “свет узненавідзеў іх, бо яны не са свету, як і Я не са свету”. І мы, жывучы ў свеце, зведваем кожны дзень, што свет носіць трагічную шматзначнасць праўды. Тое, што так любіць свет, што ставіць у прыклад як дабро і праўду, не заўсёды з’яўляецца дабром і праўдай на самой справе.
Дарагія браты і сёстры! Малітва Езуса заахвочвае, каб мы трывалі ў адзінстве і праўдзе, як Езус трывае ў сваім Айцу. І Ён жадае, каб нашыя сэрцы былі пераменены. Можа, і сапраўды цяжка змяніць стан нашых сэрцаў нам самім. Уласнымі сіламі. Але Езус можа вырашыць гэтую праблему. Аб гэтым пісалі некаторыя прарокі, між іншым, Ерамія і Эзэхіэль: “Спашлю вам Майго Духа і забяру ад вас сэрцы каменныя, а дам вам сэрцы цялесныя”. Езус жадае спаслаць нам з неба свайго Духа, каб тая любоў, якая ёсць у Яго сэрцы, была таксама ў сэрцы Яго Абранніцы -супольнасці Касцёла. Езус хоча спаслаць свайго Духа ў маё і тваё сэрца, каб з каменнага ўчыніць любячае. Каб былі адно. Бо Пан не пакінуў нас сіротамі, але прыйдзе і ўзрадуе нашыя сэрцы. Амэн.
А. Андрэй Авен OCD
|