Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХІ Звычайную нядзелю (15 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
13.06.2014 13:38

Жніво вялікае, ды работнікаў мала; дык маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё.

Дарагія браты і сёстры!

Словы, якія мы пачулі ў сённяшнім Евангеллі і якія я зацытаваў на пачатку нядзельнай гаміліі, раскрываюць праўду аб пакліканні, бо гэтыя словы змешчаны ў кантэксце паклікання першых апосталаў і адлюстроўваюць праўду аб тым, што трэба маліцца за тых, каго Бог кліча на сваю службу. Гэтыя словы мы часта ўзгадваем, калі молімся за святароў і аб новых святарскіх і манаскіх пакліканнях, інакш кажучы, калі мы молімся з думкаю аб годных працаўніках на жніве Пана.

Сёння асаблівую ўвагу хачу звярнуць на вобраз, які папярэднічае просьбе аб работніках на жніве Гаспадара, - гэта само жніво. Бо калі яго няма, то не патрэбны і работнікі. Тым не менш яно існуе і развіваецца і ў нейкай ступені ўплывае на гэтых будучых работнікаў. Як вы ўжо здагадаліся, жніво Пана - гэта Ягоны Касцёл, гэта ўсе тыя вернікі, якія ўдзельнічаюць у паўсюдным святарстве Хрыста, з сем'яў якіх і выходзяць новыя пакліканні да Божай службы.

Калі зірнем на сучасны свет, то можам убачыць, у якіх няпростых умовах знаходзцца зараз жніво Пана. Хрысціянства, на якім была пабудавана еўрапейская культура і культура нашых земляў, перажывае сур'ёзны крызіс. Людзі адыходзяць ад сапраўдных вартасцяў, а жывуць выключна матэрыяльнымі катэгорыямі, у якіх дамінуе прыярытэт матэрыяльных каштоўнасцяў. А сучасная культура ўжо доўгі час будуе вавілонскую вежу. Хрысцянскія традыцыі лічацца старамоднымі, перажыткамі грамадства. І тады чалавеку не патрэбны Касцёл і нават не патрэбны іншы чалавек, а калі і патрэбны, то настолькі, наколькі гэты чалавек яму карысны. Для яго асабістай выгоды. Але матэрыяльныя каштоўнасці ніколі цалкам не заспакояць прагненне чалавека. Нават чалавека сучаснасці. Найбольшае, што яны яму могуць даць - гэта рэалізацыю сваіх планаў ці мараў, аднак сама рэалізацыя іх шчаслівым чалавека не зробіць. Таксама ў сучасным свеце існуе рэальная пагроза, што маральны рэлятывізм, які разумеецца як новая норма грамадскага жыцця,  будзе ўсё больш падрываць фундамент свабоды сумлення і веравызнання. На гэта часта звяртае ўвагу арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, падкрэсліваючы, што маральны рэлятывізм і секулярызм - сур'ёзная небяспека нашага часу.

Давайце зададзім сабе такое пытанне: каго патрабуе сучасны свет? Напэўна, добрых і адказных медыкаў, паспяховых бізнесмэнаў, добрых настаўнікаў, выдатных інжынераў, сумленных банкіраў, шчырых працаўнікоў, любячых бацькоў... Без сумніву, патрабуе сучасны свет такіх людзей. Аднак патрабуе і такіх, якія будуць указваць сучаснаму чалавеку больш шырокія гарызонты, чым тыя, якімі ён жыве. Цяперашні свет пакутуе на хваробу сучаснасці, хварэе празмерным матэрыялізмам, і таму не хапае ў ім добрых святароў, кансэкраваных асобаў, якія дапамаглі б сучаснаму чалавеку заспакоіць голад духоўнага жыцця. Мала ў свеце таксама тых, хто імкнецца будаваць сваё жыццё на фундаменце Хрыста. І як вынік пусцеюць парафіі і касцёлы, пусцеюць семінарыі  і кляштары, людзі шукаюць іншых арыенціраў, часцей за ўсё тых, якія ім прапануе свет. Шукаюць парадаў у сучасных гуру ці псіхааналітыкаў. Толькі такія арыенціры не здольныя даць чалавеку пачуццё бяспекі і не здольныя адказаць на самыя хвалюючыя пытанні. Таму Хрыстус сёння заклікае нас усіх прасіць Гаспадара жніва, прасіць і маліцца, каб былі тыя, хто будзе ўказваць правільны арыенцір чалавеку ў сучасным свеце, хто будзе супрацівіцца прамінальным традыцыям, якія чалавека адводзяць ад дарогі жыцця.

Умілаваныя ў Хрысце Пану! Сітуацыя, у якой апынуўся сучасны свет, а разам з ім і Хрыстовы Касцёл - жніво Пана, хоць і цяжкая, але не безнадзейная. Тым больш, якія б тэндэнцыі ні існавалі ў свеце, іх заўсёды можа перамагчы шчырая вера і вернасць тым традыцыям, якія ў сабе нясуць вечныя і непрамінальныя каштоўнасці. Такімі традыцыямі жылі нашыя веруючыя продкі, гераічнае жніво нашай веры — нашыя бацькі і дзяды, тыя хто падзяліўся сваёй верай з намі, сучасным пакаленнем. Нам варта вярнуцца да нашых каранёў, каб адкрыць прагненне жыцця з Хрыстом, каб пабудаваць нашае ўласнае жыццё на трывалым фундаменце. Не бойцеся, кажа Хрыстус, Я перамог свет. Калі наш Збаўца яго перамог, то і мы разам з Ім пераможам. Асабліва калі ўсвядомім, што мы ўласнасць Бога, што мы для Яго Валадарства святары і народ святы. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:03
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.