Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы (15 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
13.06.2014 17:31

Дарагія браты і сёстры! Сёння сабрала нас каля алтара Пана ўрачыстасць Найсвяцейшай Тройцы - першая нядзеля пасля Спаслання Духа Святога. Гэта добрая нагода, каб усвядоміць веліч Бога, які аб’явіўся і дзейнічае ў трох Асобах: Айца, Сына і Духа Святога. Айцец спасылае свайго Сына, каб Ён даў нам збаўленне, а Дух Святы абудзіў у нас веру, дзякуючы якой чалавек з даверам адкрываецца перад Богам і прымае Яго дар – жыццё вечнае.

Знак Святой Тройцы заўсёды прысутнічае ў нашым жыцці. Калі мы распачынаем дзень, то распачынаем яго ў імя Святой Тройцы, робячы знак крыжа, калі молімся, калі спажываем пасілак – робім тое ж самае. Можа, толькі  часам не ўсведамляем гэтага.

У дары збаўлення Езус Хрыстус адкрывае нам намер Бога адносна свету, чалавека, наогул кожнага з нас. Бог нікога не хоча ні асуджаць, ні караць. Мэтай і жаданнем Бога з’яўляецца нашае збаўленне. Таму нам не трэба Бога баяцца: Ён не хоча нас пакрыўдзіць, Ён ніколі не зробіць нам назло, не будзе помсціць, караць нас, нават калі меў бы да гэтага прычыны. Усё проста. Ён толькі хоча нас збавіць.

Але, дарагія браты і сёстры, мы таксама павінны жадаць гэтага збаўлення. Нам трэба дазволіць Богу прыйсці і самім супрацоўнічаць з Ім. Бог не можа ашчаслівіць нас насілу. Ён лічыцца з кожнай чалавечай асобай і паважае волю кожнага з нас. Вось паглядзіце: калі мы кагосьці запрашаем да сяброўства з намі, або кагосьці любім - мы выходзім насустрач гэтаму чалавеку, але не можам яго змусіць да сяброўства ці да любові. Адказ залежыць ад гэтага канкрэтнага чалавека, да якога скіравана нашая прыязнь ці любоў. А ўжо ці прыме ён наша сяброўства, ці стане нашым прыяцелем, ці палюбіць нас - гэта залежыць ад яго. Ад яго сэрца. Так і Бог. Ён не парушае прыватнасці чалавека. Толькі цярпліва чакае адказу.

Бог дае чалавеку месца на свой уклад і ўдзел менавіта праз ВЕРУ. Наша вера – гэта абавязковая ўмова для нашага збаўлення. “Хто не паверыў, ужо асуджаны”. Заўважце, што асуджэнне, падобна як і збаўленне, з’яўляецца дынамічным працэсам, гэта значыць паступова развіваецца і распачынаецца ўжо тут, у зямным жыцці, калі чалавек робіць свядомы выбар: выбар Бога ці супраць Бога.

Асуджэнне – не што іншае, як выбар шляху супраць Бога, а збаўленне - гэта ўваход і крочанне Божай дарогай. Пакуль мы жывём у гэтым свеце, можам змяняць накірунак, дзякуючы нашай свабодзе можам рабіць свой выбар. Але гэта толькі пэўны час. Калі ўвойдзем у вечнасць, такой магчымасці больш не будзе. Будзе толькі канчатковы накірунак, які мы выбралі. І ад гэтага вырашыцца наш лёс. Бог дае нам шмат падказак, але самае галоўнае - што Ён даў нам свайго Сына, Езуса Хрыста, і спаслаў свайго Духа, каб навучыць нас усёй праўдзе. Ён аб’явіў нам самую вялікую Таямніцу. Бог у трох Асобах: Айцец, Сын і Дух Святы. Каб крочыць дарогай збаўлення, трэба прыняць Божую любоў, трэба даць Богу адказ: я хачу быць з Табою, я жадаю крочыць за Табой, як бы цяжка ні было мне ў жыцці…

Вядома, падобны адказ патрабуе канкрэтных дзеянняў з нашага боку. У першую чаргу гэта паслухмянасць  Богу, жыццё паводле Яго запаведзяў, паводле Евангелля Хрыста. Калі хто даверыўся і аддаў сваё жыццё Богу, учыніў Хрыста Панам свайго жыцця, мае шчырую ахвоту выконваць Божую волю - той крочыць шляхам, які вядзе да вечнага жыцця. І гэтае вечнае жыццё распачынаецца ўжо ТУТ, НА ЗЯМЛІ.

Мэта нашай веры - гэта прыняцце збаўчай ласкі Хрыста. І калі мы выбіраем Хрыста, то разам з гэтым згаджаемся на Яго кіраўніцтва, на тое, каб Ён нас вёў праз усё жыццё, а мы былі паслухмянымі Яго наказам. Інакш кажучы, гэта можам назваць пакліканнем да збаўлення. Дзеля гэтага прыйшоў Езус Хрыстус на зямлю, дзеля гэтага Ён аб’явіў Бога ў Тройцы Адзінага. Веліч якога чалавек ніколі не зразумее, будзе толькі сузіраць хвалу Найсвяцейшай Тройцы ў вечнасці.

Дарагія, Езус прыйшоў на зямлю не каб асудзіць свет, але каб гэты свет быў збаўлены. Каб так, як Езус, Айцец і Дух Святы ствараюць адно, так і МЫ БЫЛІ АДНО праз веру і любоў. Бо прыйдзе час, калі вера скончыцца, надзея споўніцца, застанецца толькі любоў. Спазняцца, марнаваць Божы дар збаўлення або адкладваць яго на пасля - нельга. Не трэба празмерна хвалявацца, перажываць, палохацца адносна сваёй будучыні. Не важна, кім мы былі, важна, кім мы ёсць зараз.

Калі мы пачалі даглядаць глебу нашага сэрца, калі ў ім Бог засеяў сваё слова, то, мае дарагія, клапаціцеся аб гэтым. Каб зерне Божага слова выдала плён у вашым сэрцы на жыццё вечнае. Гэта падобна як з нашымі агародчыкамі. Калі пэўны час стаіць спёка, гарачае надвор’е - што мы робім, калі няма доўгачаканага дожджыка? Ідзём і паліваем градкі, беручы ваду з калодзежа, затым праз нейкі час іх праполваем. Нам важна, каб тое, што мы пасадзілі, вырасла, а не змарнавалася. Так і ў нашым сэрцы. Трэба падобным чынам клапаціцца пра наш духоўны агародчык, каб тое, што засеяна Божай ласкай, прынесла стакротны плён.

У гэтым нам вельмі памагае дзейнасць Духа Святога. Ён з’яўляецца крыніцай ажыўлення нашай веры. Толькі дзякуючы Духу Святому я магу сказаць: “маім Панам ёсць Езус”. Менавіта Дух Святы аб’яўляе мне Божую волю, пераконвае ў праўдзе Евангелля, дае мне патрэбныя сілы, каб жыць паводле Божага слова. Вельмі часта мы не задумваемся, не ўсведамляем тое, што здзяйсняе ў нашым сэрцы Дух Святы. Як жа часта мы бываем замкнёныя на Яго, не ўсведамляем Яго дзейнасці, а можа, нават не вельмі і ведаем, што Ён існуе! Так часта бываем бяссільнымі ў рэлігійным жыцці, бо не дазваляем, каб Дух Святы адкрыў нас праз веру на Езуса Хрыста. Найчасцей робім мы гэта не са злой волі, але з несвядомасці, проста не ведаем, што так трэба. Таму вельмі важным заданнем Касцёла і кожнага з нас з’яўляецца абвяшчэнне Добрай Навіны аб збаўленні, якое Бог нам дае ў Езусе Хрысце. Называецца гэта евангелізацыяй: “Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысцячы іх ў Імя Айца і Сына, і Духа Святога”. І для нас евангелізацыя – гэта сведчанне веры. Гэта жыццё, згоднае з тым, у што я веру і што вызнаю.

Дарагія браты і сёстры! Найважнейшае ў нашым жыцці - практыкаванне веры кожны дзень. Не можа быць адпачынку, канікулаў ад веры. Гэта наша заданне на 24 гадзіны ў суткі. Калі жывём вераю - маем адначасова надзею і, канешне, любоў.

Бог нас любіць. Ён стварыў нас з любові, каб і мы навучыліся любіць, як Ён палюбіў нас, і таму даў нам свайго Сына і спаслаў Духа Святога. З гэтай мэтай Бог нам дае людзей, якія патрабуюць нашага сэрца, нашай любові. А цяжкасці, перажыванні і балючы досвед, які нас можа напаткаць або ўжо напаткаў, дадзены нам дзеля таго, каб нашае сэрца было на ўзор Сэрца Езуса. Узровень нашага духоўнага жыцця ў большай меры залежыць ад таго, наколькі мы адкрыем, кім ёсць Бог для нас. Вачыма сэрца трэба ўбачыць Усемагутнага Бога і ўсвядоміць, што Ён схіляецца перад кожным з нас, як любячы Айцец, і праз свайго Сына запрашае нас да сяброўскай прыязні, да любові.

Пан Бог ніколі не перастае любіць чалавека. Любіць нас такімі, якімі мы ёсць. А сапраўдная любоў заўсёды звязана з цяперашняй хвілінай, мінулае і будучыня як быццам не існуе. Ёсць толькі зараз. І таму той, хто не спазняецца з любоўю, хто ўмее любіць СЁННЯ, датыкаецца Найсвяцейшай Тройцы і вечнасці. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.