Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Гамілія на ХІІ Звычайную нядзелю (22 чэрвеня)
Нядзельнае казанне
20.06.2014 13:09

Дарагія браты і сёстры! Сёння ў Евангеллі мы чуем выразны заклік Езуса, звернуты да апосталаў, каб без боязі прапаведваць Евангелле, каб абвяшчаць Добрую Навіну, нягледзячы на складаныя абставіны ці пераслед. Разам з гэтым заклікам Езус дае некалькі практычных парадаў дзеля рэалізацыі Добрай Навіны ў свеце.

Вядома, што гэта справа нялёгкая і раней ці пазней апосталы сустрэнуцца з супрацівам, неразуменнем і іншымі цяжкасцямі на сваім евангелізацыйным  шляху. Але менавіта такі кошт Евангелізацыі і веры - мужна перамагаць цяжкасці і пераслед з боку свету. Езус не абяцае апосталам, што гэтая справа лёгкая і ўсе праблемы вырашацца самі па сабе. Не. Аднак, выконваючы гэтае заданне, апосталы не будуць адны. «Кожнага, хто вызнае Мяне перад людзьмі, і Я прызнаю перад Айцом Маім, які ў нябёсах», - для Хрыстовага вучня гэта сур'ёзная матывацыя.

Паколькі мы таксама вучні Хрыста, то гэтыя словы звернуты і да нас. Можа, многія з нас зведалі такія сітуацыі, калі трэба было мець шмат адвагі, каб прызнацца ў веры ў Хрыста, каб вызнаць сваю веру, і, магчыма, мы таксама, як калісьці апосталы, сустэліся з неразуменнем ці нават з варожасцю. Дастаткова ўспомніць часы камунізму, калі прызнацца ў сваёй веры было ў асобных выпадках сапраўдным гераізмам. Бо над людзьмі веруючымі не толькі насміхаліся, але нават маглі пазбавіць жыцця.  
 
Як бачым зараз прайшла эпоха пераследу Касцёла і веры, але гэта не значыць, што знікла патрэба абвяшчэння Евангелля. Надалей мы, апосталы нашага часу, патрабуем мужнасці і адвагі ў вызнанні нашай веры. Каб прызнавацца ў прыналежнасці Хрысту і Яго вучэнню і ім жыць кожны дзень.

Адзін з найважнейшых дакументаў Касцёла - «Аб евангелізацыі ў сучасным свеце» - кажа, што сучасны свет, які вельмі часта адкідвае існаванне Бога, не перастае Яго шукаць, адчуваючы ў Ім патрэбу, і таму сучасны свет патрабуе вестуноў Евангелля, якія казалі б пра Бога са свайго ўласнага досведу і жылі паводле Яго Закону. Бо нашае прапаведванне без сведчання жыцця наўрад ці прамовіць да сучаснага чалавека - хутчэй за ўсё нашыя высілкі не прынясуць у такім выпадку вялікай карысці. Па сваёй сутнасці пераслед з'яўляецца пэўнага роду правакацыяй, выпрабаваннем, праверкай на сапраўднасць нас як вестуноў Евангелля і нашай веры таксама. Бо без досведу цяжка сказаць, якая ў нас вера: моцная і трывалая ці толькі павярхоўная і слабая.

Напэўна, раней ці пазней кожны з нас будзе здаваць экзамен жыцця з веры. Але гэтага не трэба баяцца. Езус Хрыстус нас заахвочвае да цярплівасці і супакою. «Не бойцеся людзей, бо няма нічога схаванага, што б не адкрылася, і нічога патаемнага, што б не стала вядомым». Іншымі словамі, не бойцеся праўды. Не бойцеся яе вызнаць перад іншымі. Бо такое нашае вызнанне можа паспрыяць таму, што іншыя пачнуць задумвацца над праўдай, якую мы абвяшчаем. І яшчэ ў гэтай справе вельмі важнай з'яўляецца нашая вернасць праўдзе, якую мы вызнаем. Бо калі мы не жывем тым, што абвяшчаем, цяжка, а можа ў асобных выпадках нават немагчыма іншым прыняць нашыя словы, нашае сведчанне. Яно, калі не пацверджана нашым жыццём, губляе моц. Вось менавіта таму вернасць праўдзе з'яўляецца неабходнай.

Існуе такая заканамернасць, што праўда заўсёды раней ці пазней пераможа  і выйдзе наверх. Таму яе нельга саромецца, тым больш баяцца. Адзінае - трэба шукаць магчымых шляхоў і спосабаў яе рэалізацыі. Кожны з уласнага досведу ведае, што лепш горкая праўда, чым салодкая хлусня.

Першы такі спосаб — гэта адважна вызнаваць праўду веры: словам і жыццём у асабістым кантакце чалавека з чалавекам. Гэта адзін з лепшых метадаў евангелізацыі і распаўсюджвання веры. Існуе толькі пэўны недахоп у такога роду евангелізацыі - а менавіта цяжкасць ахапіць вялікую колькасць людзей адначасова. Цяжка ў душпастарскай дзейнасці практыкаваць гэты метад евангелізацыі ў чатыры вокі, асабліва калі парафіяльная супольнасць вялікая.

Другі спосаб — гэта супольная маніфестацыя веры, у розных душпастырскіх акцыях, дзе збіраюцца вялікія натоўпы людзей. Аднак наколькі гэтыя натоўпы могуць наблізіцца да Хрыста, каб спаткацца з Ім асабіста?

Але хтосьці можа сказаць: «Як гэта? Езус жа сёння выразна кажа абвяшчаць Евангелле: «Што кажу вам у цемры, гаварыце на святле, і што на вуха чуеце, прапаведуйце на дахах». Ці мы павінны саромецца сваёй веры і хаваць яе ад вачэй іншых? Канешне, не! Вера не з'яўляецца толькі прыватнай справай асобнага чалавека. Кожны мае права абвяшчаць і выражаць сваю веру як паасобна, так і супольна ўсімі даступнымі спосабамі і сродкамі: радыё, тэлебачанне, газеты, часопісы, інтэрнэт, працэсіі, пілігрымкі і г. д. Толькі ва ўсім гэтым нам трэба ведаць адну рэч: мэтай такога роду евангелізацыі, якая мае публічны характар, павінна быць умацаванне і сталасць нашай веры, а не пустая дзейнасць на публіку, з мэтай знешняй прыгажосці ці дзеля вялікай колькасці людзей. Цяжка назваць сведчаннем веры тое, калі бачым вялікія натоўпы людзей, прысутных у нядзелю і ўрачыстасці ў касцёле, якія не жывуць штодня Евангеллем.

Умілаваныя ў Хрысце! Хрыстус нас сёння заклікае да будавання веры і паставы хрысціянскай сталасці, а гэта заданне не для натоўпаў, бо натоўп безыменны, але асабіста для кожнага з нас, якія даверыліся Богу і прыйшлі сюды, каб асабіста з Ім сустрэцца. Нашая штонядзельная прысутнасць у касцёле і наш удзел у літургіі -  гэта асабісты выбар кожнага ісці за Хрыстом, быць Яго верным вучнем. Толькі гэты выбар не можа абмяжоўвацца выключна нядзельнай літургіяй. Сведчанне сваёй веры, якое мы дэманструем у касцёле, трэба яшчэ занесці ў сваю штодзённасць. Толькі так мы будзем здольнымі ў любой сітуацыі быць вернымі Хрысту і абвяшчаць Евангелле, калі жывем тым, у што верым. Амэн.

А. Андрэй Авен OCD

Адноўлена 11.09.2014 17:02
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.